Top.Mail.Ru

XXXІІ Дзень беларускага пісьменства прымала старажытная Ліда

08.09.2025 | 18:06

Як гэта было — на старонках «Звязды».



Тыя, хто пабываў на XXXІІ Дні беларускага пісьменства 6 і 7 верасня ў Лідзе, пагодзяцца, што фестываль прайшоў маштабна і падарыў удзельнікам незабыўныя ўражанні, знаёмствы і новыя веды аб культуры і гісторыі роднай краіны. Сёлета рэспубліканскае свята аб’яднала адразу некалькі лейтматываў і было прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Году добраўпарадкавання, а таксама 500-годдзю з моманту выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны.

«Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі»

Урачыстае адкрыццё XXXІІ Дня беларускага пісьменства адбылося ў фармаце тэатралізаванага прадстаўлення — гістарычнага падарожжа праз прызму гісторыі і сучаснасці Лідчыны. Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля ПЯТКЕВІЧ перадала прывітальны адрас удзельнікам і гасцям фестывалю ад кіраўніка дзяржавы. «Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі. Найлепшыя прыклады беларускай літаратуры належаць не толькі нашаму народу, але і ўсяму свету. Таму наша дзяржава ўсяляк падтрымлівае беларускіх літаратараў і нашы выдавецтвы. Мы заўсёды памятаем пра важнасць гэтага духоўнага скарбу — айчыннай літаратуры — і пра нашу адказнасць за яго захаванне. Сувязь пакаленняў з’яўляецца надзейным падмуркам беларускай дзяржаўнасці. Упэўнена, што Дзень беларускага пісьменства будзе і ў далейшым садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны».

Міністр інфармацыі Марат Маркаў падзяліўся сваім бачаннем знакавай падзеі: «Гэта сапраўды народнае свята, свята беларускай мовы ў першую чаргу, якое павінна прыходзіць да кожнага чалавека, незалежна ад таго, у якім населеным пункце ён жыве. На мой погляд, чым больш увагі мы будзем удзяляць малой радзіме, малым населеным пунктам, тым больш будзем спрыяць іх развіццю і тым лепш будзе для ўсёй Беларусі». Ён адзначыў, што людзі жадаюць свята і актыўнага ўдзелу ў ім, і падкрэсліў, што геаграфічнае месца правядзення свята не з’яўляецца першарадным: «Галоўнае — свята прыйдзе да людзей», — падагульніў міністр.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падчас урачыстай цырымоніі заявіў, што Дзень беларускага пісьменства мае глыбокія карані ў гісторыі. Ён адзначыў духоўныя подзвігі роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, святой Ефрасінні Полацкай: «Праз стагоддзі гэтыя святыя неслі і нясуць нам сёння святло слова і ведаў. Нядаўна мы адзначалі 900-годдзе Полацкага Свята-Ефрасіннеўскага манастыра. Ён і сёння застаецца месцам вялікага паломніцтва для беларусаў і гасцей краіны. Сімвалічна, што падчас Дня беларускага пісьменства заўсёды праходзіць навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», дэвізам якой сталі знакамітыя словы Сергія Раданежскага: «Адзінства і любоў выратуюць нас».

Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці — у праекце «ЧАС ВЫБРАЎ»

Да Дня беларускага пісьменства арганізатарамі была падрыхтавана насычаная праграма. У прыватнасці, адбыўся гала-канцэрт удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», перад пачаткам якога ўзнагародзілі яго пераможцаў і прызёраў у чатырох узроставых групах. Дарэчы, сёлета ў конкурсе паўдзельнічалі звыш 20 тысяч школьнікаў, а ў фінал трапілі ўсяго 18 чалавек.

ek2gv3h2jsn4ngdtgt6xh9ia0bzk2nwh.jpeg

Наведалі госці і знакавую прэзентацыю ўнікальнага кніжнага выдання «ЧАС ВЫБРАЎ», у якой узялі ўдзел дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Вольга Ануфрыева, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук, аглядальнік рэдакцыі Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Максім Осіпаў.

1757164141676.jpg

Падрыхтавана і выпушчана ў свет выданне было Выдавецкім домам «Звязда». У яго аснову пакладзены праект Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» «ЧАС ВЫБРАЎ». Падняўшы з архіваў усю цэнтральную перыёдыку краіны за 1994–2025 гады (больш чым 20 тысяч выпускаў пяці газет), журналісты выявілі рэтраспектыву станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў перыяд суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.
Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Вольга АНУФРЫЕВА адзначыла, што ўнікальнасць гэтага праекта заключаецца ў адсутнасці суб’ектыўных меркаванняў і ацэнак: «Гэта жывая рэтраспектыва таго, што адбывалася. Вось рэальныя загалоўкі: „Не магу купіць хлеба чатыры дні“, „Міна пад калгас“, „Сасіскі — у масы, масы — на плошчу“, „Рынак з вялікай дарогі, або Рэкет па-гомельску“... Некалі ўсё гэта было рэальнасцю. Але ў нас ужо сціраюцца гэтыя ўспаміны, бо тыя 30 гадоў, якія мы прайшлі пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча, сведчаць: сёння мы можам нарэшце жыць вельмі добра».

1757250181638.jpg

Чым яшчэ здзіўлялі гасцей свята?

У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства працаваў Фестываль кнігі і прэсы, у якім узялі ўдзел больш за 100 літаратараў з усёй Беларусі. Кожная вобласць прапанавала сваю літаратурную экспазіцыю, дзе можна было пазнаёміцца з навінкамі выданняў і ў цэлым літаратурным патэнцыялам рэгіёна. Праводзіліся прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з пісьменнікамі і аўтограф-сесіі. Людзі актыўна знаёміліся з выданнямі, набывалі кнігі.

Дарэчы, Выдавецкі дом «Звязда» прывёз на выставу цікавыя кніжныя экзэмпляры. Вядучы спецыяліст аддзела рэалізацыі Наталля Марук паведаміла, што найбольшым попытам карысталася падлеткавая літаратура, якая закранае сур’ёзныя тэмы: узаемаадносіны розных пакаленняў, цяжкасці сталення: «Таксама нямала выданняў, якія прысвечаны геаграфіі Беларусі, шырока прадстаўлена дзіцячая літаратура. Можна пазнаёміцца са школьнымі выданнямі, рэкамендаванымі Мінадукацыі, з работамі маладых аўтараў. Ёсць кнігі аб развіцці Беларусі пасля распаду СССР і серыя выданняў, прысвечаных славутасцям, гісторыі гарадоў і ваеннай тэматыцы».

Яшчэ адной яркай падзеяй стала адкрыццё тэматычнага мурала на будынку раённай бібліятэкі, на фасадзе якой размясціўся партрэт славутага паэта Янкі Купалы. Адбылося ўрачыстае гашэнне памятнага канверта. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства». Ілюстрацыя «Ліда. Дзень беларускага пісьменства» ўключае выяву помніка Францыску Скарыну, Лідскага замка, а таксама эмблему Дня беларускага пісьменства і герб горада.

1757184429631.jpg

Урачыста адкрылі ў Лідзе новы арт-аб’ект пад назвай «Верабейкі». Мясцовы скульптар увасобіў ідэю, натхнёную аднайменным вершам паэта і ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Арт-аб’ект стаў падарункам гораду да свята друкаванага слова. Ініцыятыва яго стварэння належала калектыву Лідскага гісторыка-мастацкага музея, які знаходзіцца ў Доме Валянціна Таўлая. Менавіта тут ва ўзросце сямі гадоў паэт напісаў свой першы верш «Верабейкі», які стаў асновай для арт-аб’екта. Кампазіцыя ўключае вялікую кнігу, у якой радкі верша надрукаваны звычайным шрыфтам на адной старонцы і шрыфтам Брайля — на іншай. Гэта дазваляе людзям з парушэннем зроку таксама азнаёміцца з творам лідскага аўтара. Задуму музейшчыкаў увасобіў мясцовы скульптар Рычард Груша.

Як ужо было адзначана, Дзень беларускага пісьменства сёлета быў прысвечаны ў тым ліку 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму асобную ўвагу ўдзялілі ўскладанню кветак да Кургана Неўміручасці. Гэтая падзея яшчэ раз падкрэслівае, што нацыянальная культура і гісторыя цесна пераплецены. І памяць пра страшныя падзеі мінулага заўсёды будзе жыць у сэрцах беларусаў. Не пакінула абыякавымі гасцей і ваенна-гістарычная рэканструкцыя, якая прайшла на пляцоўцы каля Кургана Неўміручасці. Яе сюжэт быў прысвечаны знакавай даце — падзеям 17 верасня 1939 года.

У нядзелю ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі прайшла прэзентацыя трох кніг: «Лідскі край: з любоўю і назаўжды», «Край наш вольны, край любімы», «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі», якія выпусцілі ў свет Выдавецкі дом «Звязда», а таксама выдавецтвы «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Яны расказваюць пра гісторыю і сучаснасць Лідчыны, яе славутасці, пра пісьменнікаў, якія звязаны лёсам з лідскім краем.

image-06-09-25-08-46 (6).jpeg

Сапраўдным падарункам ад Саюза пісьменнікаў Беларусі стала літаратурна-музычная імпрэза «Узнагародай памяць і жыццё» на галоўнай сцэне фестывалю. Таксама адбылося ўручэнне ўзнагарод рэспубліканскага конкурсу сярод СМІ «Хвала рукам, што пахнуць хлебам» на найлепшае асвятленне ў СМІ і інтэрнэце ўборачнай кампаніі 2025 года. Для ўдзелу ў гэтым конкурсе сёлета была даслана самая вялікая колькасць заявак — 135.

Гала-канцэрт пры ўдзеле Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра стаў фінальным акордам двухдзённага свята. На галоўнай сцэне ў Лідзе ўрачыста перадалі эстафету Дня беларускага пісьменства гораду Касцюковічы — менавіта тут пройдзе фестываль у наступным годзе.

Яна ВАЛАСАЧ, 

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.

Фота Лізаветы ГОЛАД, 

Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю