Цукровыя буракі ўбраныя з 13 % плошчаў, што складае 12 тысяч гектараў. Накапана 608 тыс. тон караняплода сярэдняй ураджайнасцю 474 ц/га, што вышэй за леташнюю на 40,2 ц/га. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання чакаюць, што цяперашні ўраджай салодкага караняплода можа перавысіць 5 млн тон. Летась валавы збор склаў 4,951 млн тон. З гэтага ўраджаю было выраблена 663 тыс. тон цукру, каля 300 тыс. тон з іх накіравана на экспарт. Мэта новага сезона, па словах спецыялістаў ведамства, — 5,1 млн тон, плюс 149 тыс. тон да мінулага года.
Уборка цукровых буракоў сёлета пачалася 20–21 жніўня, і гэта раней практычна на тыдзень, чым летась. Першымі копку пачалі аграрыі Гродзенскай вобласці. Сёння да гэтай работы падключыліся астатнія рэгіёны. Да канца жніўня, на думку спецыялістаў, якасны ўраджай салодкага караняплода ўжо сфарміраваўся: нягледзячы на халодную вясну і замаразкі, летам склаліся досыць спрыяльныя ўмовы — цёпла з багатымі ападкамі. І буракі паспелі набраць масу, таму і было прынята рашэнне пачаць іх уборку раней.
Добрыя разлікі, па словах спецыялістаў сельскагаспадарчага ведамства, і на ўраджай бульбы — больш за леташні ўзровень. На ўчора ў краіне накапана 101 тысяча тон клубняў пры ўраджайнасці 342 ц/га, што вышэй за леташнюю на 33,1 ц/га. Спрыяльныя ўмовы сёння і для росту такіх культур, як морква, буракі і цыбуля. Адначасова вядуцца работы па падрыхтоўцы сховішчаў да закладкі агародніны на міжсезонны перыяд.
Па-ранейшаму пільная ўвага нарыхтоўцы кармоў: кукурузы на сілас і зялёны корм убрана з 8 % плошчаў, што складае 78 тыс. га. Сена нарыхтавана 461 тыс. тон, сенажу — 13,150 млн тон. Травяных кармоў нарыхтавана 4,481 млн тон. Працягваецца сяўба азімых культур.
Паводле БелТА і прэс-службы Мінсельгасхарча.
Фота БелТА.