Top.Mail.Ru

У Мінску напярэдадні Дня горада адкрыўся новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс

Інвестыцыя ў здароўе і будучыню



У рамках Года добраўпарадкавання і напярэдадні Дня горада Мінска, які адзначаецца 13 верасня, у Ленінскім раёне сталіцы адкрыўся новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Мандарын». Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.

У шматфункцыянальным комплексе, размешчаным па адрасе Янкі Лучыны, 14, будуць прадастаўляцца паслугі не толькі фізкультурна-аздараўленчага, але і забаўляльнага характару. Для наведвання адкрыта аквазона, якая ўключае шэсць водных чаш — басейн 25 метраў, басейн для навучання плаванню, дзіцячы басейн, дзве гідрамасажныя ванны і купель. Тут таксама функцыянуюць спартыўная зала і тэрмальны блок, які ўключае ў сябе рускую, фінскую і саляную лазні.

Дзесяць гадоў таму быў адкрыты першы шматфункцыянальны комплекс «Мандарын» дзяржаўнага прадпрыемства «Аква-Мінск» у Заводскім раёне сталіцы. Пры наведванні гэтага комплексу пасля яго адкрыцця Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: «Трэба будаваць такія аб’екты для жыхароў горада Мінска». Здаровы лад жыцця сёння — гэта не проста лозунг, гэта неабходнасць нашых грамадзян. Прэзідэнт вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю спорта, як высокіх дасягненняў, так і фізічнай культуры. У краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны мог рэалізаваць свае магчымасці.

У прыватнасці, у Мінску функцыянуе больш за 3 тысячы спартыўных аб’ектаў. Толькі сёлета быў адкрыты рэканструяваны стадыён «Трактар» на 33 тысячы пасадачных месцаў, басейн і шэраг іншых аб’ектаў. Спорт для нас — гэта жыццёва важны складнік, гэта здароўе нацыі і аснова дзяржаўнай палітыкі.

  • Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля КАЧАНАВА падзякавала ўсім, хто прыклаў намаганні для ўзвядзення новага фізкультурна-аздараўленчага комплекса. «Тут прысутнічаюць прадстаўнікі розных прафесій, — звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. — Дзякуй вялікі, вы ўсё робіце для таго, каб наша сталіца была выдатнай».

Генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Аква-Мінск» Дзмітрый ШАЎРУК расказаў, што новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс здольны ўмясціць за адзін раз 171 наведвальніка. Ён яшчэ адзначыў новую плацежа-прапускную сістэму, якая зручная для наведвальнікаў і эфектыўная для кантролю за работай комплексу. У «Мандарыне» таксама створаны ўмовы для знаходжання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З 9 верасня з 14:00 дзверы фізкультурна-аздараўленчага комплексу шырока адкрыліся для мінчан і гасцей сталіцы.

Шматдзетная сям’я Жук вельмі чакала адкрыцця новага комплексу. «Дзеці ўсе яшчэ маленькія, — адзначыла мама Дар’я. — Муж сказаў, што купіць абанемент для ўсёй сям’і, і мы абавязкова будзем яго наведваць. Упэўнена, „Мандарын“ будзе карыстацца попытам сярод жыхароў».

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю