Арганізатарам Міжнароднага форуму выступіла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа». Беларусь на ім прадстаўляла «Звязда».
Прэзідэнт Беларусі лічыць Глабальны Поўдзень новым сусветным цэнтрам сілы, а Беларусь — яго састаўной часткай. Такое меркаванне беларускі лідар выказаў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа» перад Форумам ШАС у Цяньцзіне. Ён канстатаваў, што краіны Глабальнага Поўдня вырабляюць усё неабходнае — ад сыравіны да высокіх тэхналогій, таму здольны поўнасцю забяспечваць патрэбнасці сваіх народаў. Яны дзейнічаюць самастойна, зыходзячы са сваіх інтарэсаў і ўсё больш рашуча заяўляюць пра сябе на сусветнай арэне. А такія арганізацыі, як, напрыклад, ШАС, БРІКС, АСЕАН, Афрыканскі саюз, СЕЛАК, даюць магчымасць каардынаваць пазіцыі па ключавых пытаннях на шляху да стварэння альтэрнатыўных інстытутаў глабальнага кіравання. Беларусь, у сваю чаргу, падзяляе прынцыпы і погляды глабальнай большасці, лічыць сябе яе састаўной часткай і актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні новага сусветнага парадку.
- Мэта форуму СМІ і аналітычных цэнтраў Глабальнага Поўдня ў Куньміне — стварэнне важнай платформы для медыяарганізацый, аналітычных цэнтраў, дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў з мэтай узмацнення калектыўнага ўплыву Глабальнага Поўдня, яго голасу на сусветнай арэне. Сёлета форум сабраў прадстаўнікоў усіх гэтых сектараў, засяродзіўшыся на тэме «Пашырэнне правоў і магчымасцяў Глабальнага Поўдня, кіраванне глабальнымі зменамі».
На пленарных пасяджэннях форуму прайшлі паглыбленыя абмеркаванні па ключавых тэмах. У прыватнасці, абмяркоўваліся «Адстойванне адзінства, дасягненне кансенсусу — голас Глабальнага Поўдня за мір», «Каардынацыя развіцця, стымуляванне росту — Глабальны Поўдзень на ўздыме», «Умацаванне сувязяў, пракладанне новых шляхоў — сумесная сіла Глабальнага Поўдня», «Аб’яднанне культур, садзейнічанне ўзаемаразуменню — міжцывілізацыйны дыялог Глабальнага Поўдня».
На падфорумах вывучаліся такія найважнейшыя галіны, як глабальныя медыястратэгіі і трансфармацыя на аснове штучнага інтэлекту, захаванне сусветнай спадчыны і кірункі супрацоўніцтва. Акрамя таго, дэлегаты ўзялі ўдзел у спецыяльна арганізаваных паралельных мерапрыемствах і культурных турах, накіраваных на больш глыбокае ўзаемадзеянне і ўмацаванне партнёрскіх адносін.
Правінцыя Юньнань, размешчаная на паўднёвым захадзе Кітая, — гэта рэгіён захапляльнай разнастайнасці, дзе заснежаныя горы сустракаюцца з трапічнымі лясамі. Гэта стратэгічныя вароты ў Паўднёвую і Паўднёва-Усходнюю Азію, што адзначаюцца разнастайнасцю этнічных груп, якія жывуць у гармоніі, ствараючы багатую культурную мазаіку. Ад старога горада Ліцзян, унесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, да знакамітых каменных лясоў — цудоўныя пейзажы і культурныя скарбы Юньнані натхняюць на інавацыі і адначасова шануюць традыцыі, што робіць яе ідэальнай пляцоўкай для дыялогу аб перспектывах развіцця Глабальнага Поўдня.
Мікалай ЛІТВІНАЎ