Top.Mail.Ru

Важная сустрэча

08.09.2025 | 06:00
У той яшчэ летні спякотны вечар мы з мужам кіравалі ў прадуктовую краму і, здаецца, не чулі аўтамашын, якія з шумам праносіліся міма, не бачылі сонца, што ўжо сабралася сесці за гарызонт. Гэта цудоўнае відовішча! Іншым разам, найчасцей за горадам, мы спынялі свае веласіпеды, каб палюбавацца, адпачыць душой, але тады...

Ну, па-першае, нас абодвух даймалі неадкладныя праблемы са здароўем, па-другое, сёлета і ўжо двойчы мы падтапілі кватэру знізу, у сына — гэта па-трэцяе — зламалася машына, унуку трэба да платнага стаматолага... 

У нас дзве пенсіі, грошы як быццам ёсць, але на ўсё гэта іх яўна не хапае. І як тут выкручвацца? Што рабіць?

Змрочныя думкі — і мае, і мужавы — перапыніў гучны воклік:

— Маладыя людзі!

«Гэта некаму іншаму», — падумалі мы і нават не азірнуліся, бо, на жаль, даўно не такія.

Але ж ні маладзейшых, ні старэйшых паблізу не было, а вокліч, між тым, паўтарыўся ды яшчэ і з просьбай:

— Дапамажыце, калі ласка!

Мы прыпыніліся, паглядзелі па баках. Трохі паводдаль ад нас стаяў прыпаркаваны аўтамабіль. Пярэднія дзверцы ў ім былі расчынены, побач сядзеў мужчына ў інваліднай калясцы. На выгляд (гэта мы ўбачылі, падышоўшы бліжэй) яму было гадоў 50, досыць сімпатычны, прыгожа апрануты.

— Калі ласка, павярніце каляску. Вось так, паралельна сядзенню, — патлумачыў ён мужу. — Добра, — тут жа пахваліў. — Далей я сам.

І сапраўды: мы, здаецца, вокам міргнуць не паспелі, як мужчына спрытна перасеў на сядзенне аўтамабіля, а затым, дапамагаючы сабе рукамі, паставіў ногі так, як яму патрэбна... Прычым усё гэта ён рабіў вельмі ўпэўнена і спакойна.

Аднак уражвала не столькі гэта ўпэўненасць і спакой, — мужчына, нягледзячы на інваліднасць, выглядаў досыць самавітым і паспяховым, а галоўнае — не проста ветлівым, а па-сапраўднаму шчырым, добразычлівым. Гледзячы на яго, мне на памяць тут жа прыйшлі словы Шэкспіра аб тым, што няма нічога ні дрэннага, ні добрага ў гэтым свеце. Ёсць толькі наша стаўленне...

Пакуль я так разважала ды назірала, гэты прыгожы чалавек патлумачыў мужу, як загрузіць у багажнік яго каляску, шчыра падзякаваў нам і развітаўся.

...Усю астатнюю дарогу да крамы мы з мужам узрушана маўчалі. Ды і што было казаць, калі ўсе нашы «жудасныя» праблемы ўвачавідкі здрабнелі. На іх месца прыйшло старое як свет разуменне, што «ступень» шчаслівасці і сапраўды залежыць ад цябе самога, а калі дакладней — ад твайго стаўлення да праблем, ад прыняцця іх, ад таго, што ты аб гэтым думаеш і якое значэнне надаеш.

Наталля Шастакова

г. Гомель

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю