У аўторак у прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся агульны сход Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання. На ім абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі да ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю з пачатку радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама правядзення І Нацыянальнага конкурсу «РадыёТрыумф», удасканалення сістэмы медыявымярэнняў аўдыторыі радыё і іншыя.
«Асацыяцыя індустрыі радыёвяшчання — адна з самых эфектыўных і рэзультатыўных галіновых пляцовак, на якой ідзе жывое абмеркаванне найбольш актуальных пытанняў развіцця радыёвяшчання ў нашай краіне, — звяртаючыся да прысутных, адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго слоў, Асацыяцыя індустрыі радыёвяшчання паспела зарэкамендаваць сябе як прадукцыйная пляцоўка для вырашэння пытанняў радыёсферы. Сёння ў ёй налічваецца 39 радыёстанцый, прычым самых розных як па тэрыторыі распаўсюджвання, так і па форме арганізацыі сваёй гаспадарчай дзейнасці. «Асацыяцыя аб’ядноўвае шырокае кола экспертаў, журналістаў рэдакцый, як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных, і ў гэтым яе каштоўнасць», — падкрэсліў ён.
Андрэй Кунцэвіч выказаў спадзяванне, што паміж Міністэрствам інфармацыі і Асацыяцыяй індустрыі радыёвяшчання і далей будзе ладзіцца канструктыўны дыялог і рэалізоўвацца шэраг буйных праектаў.
Таксама на агульным сходзе абмеркавалі арганізацыю конкурсу «РадыёТрыумф». Ён будзе праходзіць па 17 намінацыях. Заяўкі прымаюцца ў тым ліку ў намінацыях «Легенды эфіру» і «Радыё дэбют», паведаміў журналістам Андрэй Кунцэвіч: «Міністэрства інфармацыі ўжо вядзе прыём конкурсных заявак. Да 3 кастрычніка мы будзем весці прыём конкурсных работ. А вынікі галасавання журы і імёны пераможцаў будуць агучаны ў лістападзе, бліжэй да 100-годдзя Беларускага радыё.
Сярод найбольш цікавых, на мой погляд, — намінацыя „Легенды эфіру“. Пераможца ў ёй будзе вызначаны сярод найбольш вопытных супрацоўнікаў нашых радыёстанцый. Не забылі і пра маладых. Ёсць намінацыя „Радыё дэбют“: найлепшыя маладыя радыйшчыкі таксама будуць адзначаны адпаведнымі ўзнагародамі. І, мабыць, самая важкая ўзнагарода — гэта, безумоўна, Гран-пры, якая будзе ўручацца найбольш сур’ёзнаму і знакаваму радыйнаму праекту».
Андрэй Кунцэвіч таксама расказаў, якія мерапрыемствы запланаваны да векавога юбілею Беларускага радыё. Так, чакаецца ўрачысты сход, прысвечаны Дню Беларускага радыё. Акрамя таго, вядзецца падрыхтоўка адпаведнага юбілейнага выдання. «За гэты векавы перыяд Беларускае радыё прайшло разам са сваёй краінай вялікі шлях, і нам ёсць пра што расказаць, каго паказаць», — рэзюмаваў ён.
Таксама падчас агульнага сходу адбылося выбранне новага кіраўніка Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання. Па выніках галасавання ім быў абраны старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Ігар Луцкі. Ён падзякаваў калегам за аказаны давер і адзначыў, што асацыяцыя — гэта жывы арганізм: «Сённяшні механізм радыёвяшчання досыць ураўнаважаны. Таму давайце не прыспешваць падзеі і скарыстаемся тымі механізмамі і інструментамі, якія ёсць на дадзены момант, для таго каб заваяваць рэкламадаўца».
У ходзе пасяджэння таксама абмеркавалі бягучую сітуацыю ў сферы радыёвяшчання ў краіне. Па выніках сходу было прынята рашэнне аб прыёме ў члены асацыяцыі радыёстанцый «Zefіr FM», «Радыё СКІФ», «Радыё СКІФ Бабруйск», «Радыё Дэльта».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА