Top.Mail.Ru

Як народныя выбраннікі падключаюцца да выканання задачы, пастаўленай Прэзідэнтам

09.09.2025 | 20:36
І з малаком, і з мясам, і з магазінам на сяле

Падчас нарады аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах краіны, якая адбылася 26 жніўня ў Мінску, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сельскі пакупнік часта застаецца ў пройгрышы. Чым меншы населены пункт, тым больш там пытанняў. Краму могуць закрыць з-за нерэнтабельнасці, асартымент урэзаць, цэны, наадварот, завысіць. Менавіта на гэтыя праблемы кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і даручыў ураду выправіць сітуацыю да 1 студзеня. Дэпутаты ўсіх узроўняў падключыліся да выканання задачы Прэзідэнта.

Акцэнт на глабалізацыю

Член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр ГАРОШКІН адзначыў, што пытанні павышэння эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва знаходзяцца пад пільным кантролем. Праводзіцца комплексны аналіз работы ўсіх гандлёвых пунктаў, уключаючы мабільныя крамы і медустановы, каб выявіць і ліквідаваць тыя недахопы, з якімі сутыкаюцца вяскоўцы. «Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння ўмоў для аднолькавага доступу да тавараў усіх грамадзян, а таксама падтрымцы айчынных вытворцаў і фермераў, — падкрэсліў Аляксандр Гарошкін. — Развіццё мясцовай вытворчасці не толькі садзейнічае эканамічнаму росту, але і забяспечвае насельніцтва якаснымі і свежымі прадуктамі. Гандлёвае абслугоўванне спажыўцоў — гэта не толькі пытанне даступнасці тавараў і паслуг, але і важны аспект сацыяльнай стабільнасці і якасці жыцця грамадзян. Прэзідэнт нагадаў, што эфектыўная гандлёвая сістэма павінна забяспечваць не толькі шырокі асартымент тавараў, але і іх даступнасць па разумных цэнах».

  • Кіраўнік дэпутацкага корпуса Магілёўшчыны звярнуў ўвагу на тое, што ва ўмовах глабалізацыі і змянення спажывецкіх пераваг Беларусь сутыкаецца з неабходнасцю адаптацыі сваёй гандлёвай сістэмы да новых умоў: «Нарада ў Прэзідэнта стала важным этапам у працэсе рэфармавання сістэмы гандлёвага абслугоўвання. Прынятыя рашэнні і выпрацаваныя рэкамендацыі павінны стаць асновай для далейшых дзеянняў, накіраваных на стварэнне эфектыўнай і даступнай гандлёвай сістэмы, якая садзейнічае паляпшэнню якасці жыцця грамадзян і развіццю эканомікі краіны. Важна, каб усе ўдзельнікі працэсу працавалі ў адзіным кірунку, імкнучыся да дасягнення агульнай мэты — дабрабыту і росквіту Беларусі».

Для больш глыбокага вывучэння праблем у сістэме гандлёвага абслугоўвання народныя выбраннікі Магілёўскай вобласці арыентаваны на цеснае ўзаемадзеянне з насельніцтвам. «Старшыні райсаветаў і сельвыканкамаў будуць праводзіць рэгулярныя сустрэчы з жыхарамі, каб лепш разумець іх патрэбнасці і чаканні, — паведаміў Аляксандр Гарошкін. — Сёння дэпутацкі корпус праводзіць штодзённы маніторынг усіх гандлёвых пунктаў у сельскіх раёнах, у тым ліку аўтакрам, для захавання асартыментнага пераліку, цэнавай даступнасці сацыяльна значных тавараў і іх належнай якасці. Штотыдзень інфармацыя аб выніках маніторынгу, праблемных пытаннях у гандлёвым абслугоўванні, зваротах грамадзян на гэту тэму аналізуецца для аператыўнага прыняцця рашэнняў».

Захаваць якасць паслуг і забяспечыць іх даступнасць для жыхароў

Як паведаміла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена ПАСЮТА, у рэгіёне гандлёвае абслугоўванне аказваюць больш як 12 тысяч гандлёвых аб’ектаў, з якіх 1798 — у сельскай мясцовасці. Тэрытарыяльная рознічная дзейнасць ажыццяўляецца ў асноўным з дапамогай 

магазінаў спажывецкай кааперацыі — гэта 67 % аб’ектаў. «Гандлёвае абслугоўванне ў сельскай мясцовасці ажыццяўляецца ў тым ліку і аўтакрамамі. 158 крам забяспечваюць усімі неабходнымі таварамі жыхароў 2,7 тысячы вёсак. І з іх у 94 % — насельніцтва 100 і менш чалавек. У большасці населеных пунктаў няма стацыянарных магазінаў, таму на аблспажыўтаварыства ўскладаецца вялікая нагрузка. Але разам з ім ажыццяўляюць дзейнасць аўтакрамы Белпошты, «Еўрагандлю», птушкафабрыкі «Дружба», «Гроднахлебпрама». Акрамя таго, гаспадаркі бяруць на сябе нагрузку па забеспячэнні насельніцтва гандлёвымі паслугамі, — адзначыла Алена Пасюта.

За 2025 год у 9 сельскіх населеных пунктах з насельніцтвам ад 55 да 100 чалавек праведзена работа па пераходзе ад стацыянарнага абслугоўвання да аўтакрам. Гэта рашэнне дазволіла захаваць якасць паслуг і забяспечыць іх даступнасць для жыхароў, нягледзячы на некаторыя нязручнасці, звязаныя з закрыццём стацыянарных пунктаў. Абслугоўванне ажыццяўляецца па 26 маршрутах. Сярэдняя працягласць — 85 кіламетраў, самы доўгі — 187 кіламетраў. 

Пры прыняцці падобных рашэнняў улічваецца шмат фактараў, а галоўнай мэтай становіцца захаванне высокага ўзроўню абслугоўвання. Праводзяцца сустрэчы, выслухоўваюцца прапановы. Абавязкова кантралюецца асартыментны пералік і якасць тавараў.

Цяпер, па словах старшыні абласнога Савета дэпутатаў, мясцовыя Саветы актывізавалі сваю работу па кантролі якасці абслугоўвання ў сельскай мясцовасці. Для гэтага праводзяцца выязныя семінары, дзе старшыні сельсаветаў, старасты і дэпутаты вывучаюць асартымент, якасць тавараў і цэнавую палітыку. Зона адказнасці за гэту работу ўскладзена на старшынь сельсаветаў, якія каардынуюць дзеянні з мясцовым самакіраваннем. У дапамогу ім дэпутаты і старасты вядуць сістэмную работу, накіраваную на паляпшэнне якасці абслугоўвання.

Важная і надзённая тэма эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, асабліва на вёсцы, і далей не застанецца па-за ўвагай «Звязды». Працяг тэмы чытайце ў наступным «Мясцовым самакіраванні». Будзе цікава.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю