Top.Mail.Ru

Беларусь гатовая дзяліцца сябрамі багатым вопытам у мясцовым кіраванні і самакіраванні

09.09.2025 | 16:00
Патэнцыял — ва ўстойлівае развіццё

Падчас ІІІ Беларуска-Узбекскага жаночага бізнес-форуму ўпершыню працавала секцыя, прысвечаная ролі мясцовага самакіравання ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця рэгіёнаў. Яе пляцоўкай стаў вучэбна-практычны цэнтр дакладнага земляробства СГП «Мазалавагаз» у Віцебскім раёне.

Новая секцыя

Каб наглядней пазнаёміць узбекскую дэлегацыю, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, старшыняў абласных і мясцовых Саветаў дэпутатаў з асаблівасцямі самага паўночнага рэгіёна Беларусі, іх запрасілі на выстаўку — паглядзець на прадукцыю і адметнасці раёнаў, пакаштаваць стравы мясцовай кухні, паспрабаваць сябе ў майстар-класах па традыцыйных рамёствах. Нязмушаны пачатак задаў шчыры тон размове, дзеля якой і адбылася сустрэча.

На сёння ва Узбекістане ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй ідзе працэс раздзялення мясцовай улады на выканаўчую і прадстаўнічую галіны. Беларусь гэты этап прайшла, і Саветы народных дэпутатаў, аналагам якіх з’яўляюцца Кенгашы народных дэпутатаў, да гэтага часу назапасілі важкі вопыт.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ заўважыў, што Кенгашы бяруць на сябе вялікую нагрузку, падставіўшы плячо выканаўчай уладзе. Такі ж вопыт ёсць у нашай краіне, якая дынамічна развіваецца і з’яўляецца прыкладам для ўсіх рэспублік былога Савецкага Саюза.

«Падобныя сумесныя пасяджэнні Саветаў дэпутатаў і Кенгашы даюць дадатковы імпульс для развіцця рэгіёнаў і паляпшэння жыцця нашых людзей, — адзначыў Леанід Заяц. — Трэба больш узаемадзейнічаць, каб мы былі карысныя адно аднаму».

Сферы інтарэсаў абодвух бакоў шырокія. Гэта садзейнічанне занятасці, кааперацыя для стварэння новых прадпрыемстваў, медыцына, адукацыя, турызм, жыллёва-камунальная гаспадарка. Па шляху іх увасаблення ў жыццё нашы краіны ідуць упэўнена і ўжо маюць станоўчыя вынікі. Разам з умацаваннем дзелавых адносін паміж прадпрыемствамі і прадстаўнікамі бізнесу адбываецца збліжэнне рэгіёнаў, а з пашырэннем паўнамоцтваў мясцовых органаў улады Саветы і Кенгашы змогуць актыўней выступаць са сваімі ініцыятывамі.

Дапамога працоўнымі рэсурсамі

Звяртаючыся да ўдзельнікаў секцыі па мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Камісіі Сената Олій Мажліса па садзейнічанні ўзмацнення дзейнасці прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады на месцах Гулнара МАРУФАВА адзначыла шчырасць сяброўства паміж Беларуссю і Узбекістанам, у тым ліку і ў гуманітарных кірунках узаемадзеяння — адносіны на гэтым полі спрыяюць лепшаму разуменню адно аднаго.

Гулнара Маруфава асабліва засяродзіла ўвагу на прадстаўленні Беларусі працоўных рэсурсаў. У той час як наша краіна адчувае патрэбу ў кадрах, ва Узбекістане не хапае рабочых месцаў. Яго грамадзяне выязджаюць на працу па-за межы краіны, а калі такія працэсы адбываюцца самацёкам, узнікае шмат рызык. У спакойную Сінявокую ўзбекі прыязджаюць арганізавана па папярэдніх дамоўленасцях, пражываюць пераважна супольна, набываюць тут вопыт, павышаюць кваліфікацыю і могуць вярнуцца дадому больш запатрабаванымі на рынку працы.

Эканамічныя складнікі

Цяпер існуюць пагадненні аб супрацоўніцтве паміж шматлікімі рэгіёнамі нашых краін. За апошнія пяць гадоў тавараабарот паміж дзяржавамі вырас у 2,3 раза. Станоўчы рост атрымае працяг з улікам таго, што кіраўнікамі дзвюх краін пастаўлена задача давесці гэты паказчык да 1 млрд долараў.

«Штомесяц прадпрыемства „Світанак“ з Жодзіна закупляе ва Узбекістане да 140 тон пражы на агульную суму 400 тыс. долараў, — прывяла прыклады станоўчага супрацоўніцтва намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага аблсавета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ. — Прадпрыемства „Кімтэкстыль“ з Ташкента па толінгавай схеме адшывае з палатна „Світанка“ каля 650 тыс. розных вырабаў у год. Ва Узбекістане адкрыты тры фабрыкі па вытворчасці 

швейнай прадукцыі беларускай фірмы „Марк Фармэль“ і гандлёвыя пункты па яе рэалізацыі. За мінулы год ААТ „БЕЛАЗ“ — кіруючая кампанія холдынгу „БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ“ — ва Узбекістан паставіла кар’ернай тэхнікі і яе дэталяў на суму больш за 4,5 млн долараў».

На думку Наталлі Якубіцкай, рэгіёны могуць працаваць над сумеснымі праектамі ў сферы сонечнай і ветравой энергетыкі, мадэрнізацыі энергасетак з прымяненнем інтэлектуальных сістэм уліку. Аднак трываласць партнёрства вызначаецца не толькі таварабаротам і эканомікай, але і моцнымі сувязямі паміж людзьмі. Варта пашыраць праграмы абмену і стажыровак для студэнтаў і маладых спецыялістаў, асабліва ў ІT-сферы, медыцыне і сельскай гаспадарцы.

Жанчыны могуць многае

Старшыня Воранаўскага райсавета дэпутатаў Гродзенскай вобласці Алена ГАНЕВІЧ засяродзіла ўвагу на ролі жанчын ва ўстойлівым развіцці сельскіх тэрыторый. Дарэчы, сярод дэпутатаў усіх узроўняў у Беларусі 48 % — жанчыны. Як сапраўдныя гаспадыні яны ўплываюць на добраўпарадкаванне ў аграгарадках і вёсках, выступаюць з грамадзянскімі ініцыятывамі, сочаць за бяспечнымі ўмовамі пражывання грамадзян, захаваннем сацыяльных стандартаў.

Асаблівая ўвага — вырашэнню маладзёжных пытанняў. Каб замацаваць маладых спецыялістаў у вёсках, ім выдзяляюць арэнднае жыллё, матэрыяльна стымулююць іх працу, ствараюць умовы для змястоўнага вольнага часу. У школах вядзецца прафарыентацыйная работа.

Алена Ганевіч спынілася на ўзаемадзеянні з асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, палітычнай партыяй «Белая Русь», Беларускім саюзам жанчын, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, арганізацыямі, структурнымі падраздзяленнямі райвыканкамаў.

Весткі з глыбінкі

Дзяржаўныя задачы даводзяцца не зверху, а ідуць ад жыцця, ад патрэб насельніцтва. Прымаючы бок адкрыта расказаў замежным гасцям пра тое, чым сёння жыве беларуская глыбінка.

Напрыклад, на тэрыторыі Відзаўскага сельсавета зарэгістраваны і дзейнічаюць сем рэлігійных абшчын, дружна жывуць беларусы, палякі, рускія, татары, літоўцы, цыгане. Маецца ўся неабходная інфраструктура: установы адукацыі і культуры, участковая бальніца, чатыры ФАПы, аптэка, аддзяленне паштовай сувязі, філіялы раённых прадпрыемстваў. Такую інфармацыю давяла старшыня Відзаўскага сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці Наталія ЗАЛАТУХА.

Яна расказала пра арганізацыю гандлёвага абслугоўвання, транспартна-пасажырскія зносіны, славутасці і прыродныя асаблівасці сваёй мясцовасці, пра пераўтварэнні, звязаныя з рэалізацыяй плана па добраўпарадкаванні згодна з даручэннем Прэзідэнта.

«У апошнія гады значна ўзрасла цікавасць грамадзян да самарэалізацыі шляхам афармлення самазанятасці або ўплаты адзінага падатку без рэгістрацыі ў якасці ІП, — паведаміла Наталія Залатуха. — Уцягнуты ў эканамічную дзейнасць і творчыя жыхары сельсавета, якія развіваюць традыцыі ручной працы».

Вектар на дабрабыт

Падводзячы вынікі работы секцыі «Роля мясцовага самакіравання ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана», Леанід Заяц адзначыў яе прадукцыйнасць.

«Сёння абодва бакі даведаліся адзін ад аднаго шмат новага і карыснага, — зазначыў мадэратар. — Вызначаны многія кірункі канструктыўнай работы органаў мясцовага самакіравання. І ў Беларусі, і ва Узбекістане адзін вектар: паляпшэнне якасці жыцця людзей і павышэнне ўзроўню дабрабыту нашых рэгіёнаў».

Увогуле ж, апроч эканамічных складнікаў, найважнейшы эфект ад форуму — змест кантактаў, якія ўстанавіліся. Гэта пляцоўка для фарміравання даверу, абмену ідэямі, выпрацоўкі сумесных падыходаў да рашэння глабальных і галіновых выклікаў. Форум стварае ўмовы для генерацыі ініцыятыў і праектаў, якія не прагназуюцца на момант самога мерапрыемства. Гэты эфект складана вымераць адразу, ён праяўляецца з цягам часу.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота аўтара і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю