«Гэта відавочнае злоўжыванне сваім геаграфічным становішчам»
У якасці прычыны такіх агрэсіўных паводзін афіцыйная Варшава ў асобе польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска называе беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», якія пройдуць з 12 да 16 верасня на тэрыторыі нашай краіны.
Хоць у Мінабароны Беларусі не раз адзначалі, што манеўры «Захад-2025» з’яўляюцца абарончымі і перанесеныя ўглыб краіны, Польшча і Прыбалтыка працягваюць заставацца глухімі да разумных довадаў і працягваюць напружваць становішча. Дарэчы, там цяпер таксама праводзіцца серыя вайсковых вучэнняў НАТА, прычым з відавочным наступальным характарам.
Кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервіньскі заявіў, што закрыццё мяжы з Беларуссю будзе часовым. Пры гэтым ён удакладніў, што гаворка ідзе аб поўным закрыцці памежных пераходаў. Літва таксама пайшла аналагічным кірункам, аднак абмежавалася толькі паведамленнямі аб узмацненні ўсходніх рубяжоў і закрыцці паветранай прасторы ў памежнай зоне.
Са свайго боку Беларусь выказала пратэст у сувязі з рашэннем Польшчы прыпыніць рух праз мяжу на перыяд правядзення вучэнняў «Захад-2025». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС.
— У Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь выкліканы Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Польшча Кшыштаф Ажанна, якому заяўлены вусны пратэст у сувязі з рашэннем польскага боку прыпыніць рух праз дзяржаўную мяжу на перыяд правядзення вучэнняў «Захад-2025», — праінфармавалі ў МЗС.
— Незаконныя меры, што прымаюцца адной краінай, фактычна закранаюць усю мяжу Еўрапейскага саюза з Беларуссю, ствараючы значныя цяжкасці для нармальнага функцыянавання міжнароднага руху людзей і грузаў, — падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.
Тут лічаць, што дзеянні Польшчы наносяць шкоду многім дзяржавам як на ўсходзе, так на Захадзе.
— Гэта відавочнае злоўжыванне сваім геаграфічным становішчам, «прыватызацыя» межаў ЕС і ЕАЭС, Захаду і Усходу, — канстатавалі ў МЗС.
У Беларусі перакананыя, што гэты крок польскага боку выглядае беспадстаўным, асабліва ўлічваючы поўную адкрытасць і празрыстасць беларускіх вучэнняў для міжнароднай супольнасці.
— Часовае прыпыненне пропуску сведчыць хутчэй пра намер схаваць свае ўласныя дзеянні, чым пра наяўнасць якой-небудзь пагрозы з боку Беларусі. Падобныя меры з’яўляюцца працягам курсу на падрыў адносін з суседнімі краінамі і спрыяюць далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне, ствараючы рызыкі для стабільнасці і прадказальнасці ў міжнародных адносінах, — звярнулі ўвагу ў МЗС.
Гэтая пазіцыя беларускага боку была таксама даведзена да ведама паверанага ў справах Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь.
— Еўрапейскі дыпламат запэўніў, што дзеянням Польшчы будзе дадзеная адпаведная ацэнка на прадмет суразмернасці прымаемых захадаў і рэальнай ступені пагрозы, — адзначылі ў замежнапалітычным ведамстве.
А што на мяжы?
Пасля заявы Польшчы аб закрыцці мяжы з Беларуссю значна выраслі чэргі перад пунктамі пропускамі Цярэспаль (з беларускга боку) і Кукурыкі (з польскага).
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, чарга ў Польшчу за суткі павялічылася на 390 адзінак: у сераду, 10 верасня, уезду чакалі звыш 1 360 аўто і 30 аўтобусаў. Верагоднасць таго, што Польшча да чацвярга прапусціць усіх — невысокая. Людзі з абодвух бакоў знаходзіліся ў замяшанні, бо пакуль невядома, ці адкрыецца мяжа пасля завяршэння вучэнняў — 17 верасня.
Тым часам беларуская мытня прымае ўсе магчымыя меры для палягчэння працэсу перасячэння мяжы, але сітуацыя пагаршаецца па віне польскага боку, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта.
— Беларускі бок робіць усё магчымае, каб працэс перасячэння мяжы быў менш цяжкім. Нягледзячы на ўсе спробы наладзіць узаемадзеянне, сітуацыя па віне польскага боку толькі пагаршаецца, — адзначылі ў ДМК.
У Дзяржаўным мытным камітэце лічаць заявы ўладаў Польшчы неабдуманымі, беспадстаўнымі і недальнабачнымі.
Не вітаецца ні насельніцтвам, ні бізнесам
Закрыццё мяжы адмоўна адаб’ецца на простых людзях і бізнэсе. Такім меркаваннем падзяліўся старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Мечаслаў Лысы.
— Закрыццё мяжы адмоўна адаб’ецца на ўсіх: простых паляках і простых беларусах, а таксама бізнэсе. Паміж Беларуссю і Еўропай па-ранейшаму існуюць сувязі. Але рашэнне польскіх уладаў не паляпшае сітуацыю. Яно не ідзе на карысць нікому, — перакананы Мечеслав Лысы.
Тлумачачы сваю думку, старшыня Саюза палякаў на Беларусі прывёў у прыклад жыццёвую сітуацыю, калі грамадзяне Беларусі ці Польшчы плануюць наведаць суседнюю краіну (ці ўжо знаходзяцца там) альбо праехаць праз яе тэрыторыю транзітам у трэція краіны. Мэта такога візіту розная: кароткачасовы адпачынак, наведванне сваякоў. Навіна пра закрыццё мяжы імі будзе ўспрынятая відавочна негатыўна.
— Што тычыцца наступстваў гэтага рашэння, іх цяпер складана ацаніць. Аднак відавочна, што гэта не будзе вітацца ні адной, ні другой бокам. Я маю на ўвазе простых грамадзян і бізнэс Польшчы і Беларусі. Сацыяльныя і эканамічныя страты будуць, — адзначыў ён.
Дзеянні Польшчы — відавочная стратэгічная памылка
— Аднабаковае закрыццё мяжы дэманструе недальнабачнасць у ацэнцы наступстваў. Гэта рашэнне нагадвае хутчэй спантанную неабдуманую рэакцыю, чым узважаную меру бяспекі, — лічыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэй Крываносаў.
На яго думку, Варшава занядбала прынцыпам суразмернасці, увёўшы абмежаванні на ўсім працягу мяжы Еўрасаюза ў адказ на правядзенне ўзгодненых міжнароднай супольнасцю вучэнняў. Краіна фактычна «прыватызавала» агульнаеўрапейскую мяжу, наносячы шкоду эканамічным інтарэсам ЕС.
— Такія дзеянні падрываюць давер да Польшчы як да надзейнага ўдзельніка міжнародных стасункаў, — падкрэслівае сенатар. — Гэта сітуацыя, калі імгненныя палітычныя амбіцыі пераважаюць над разумным планаваннем і стратэгічнымі інтарэсамі. Такімі дзеяннямі Польшча толькі пагаршае напружанасць, якую нібыта спрабуе знізіць.
Эксперт лічыць, што падобная аднабаковая рэакцыя з’яўляецца хутчэй праявай слабасці, чым сілы.
У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі адзначае, што рашэнне Польшчы аб закрыцці мяжы ў сувязі з вучэннямі «Захад 2025» выглядае асабліва недарэчна:
— Палякаў запрашалі назіраць за вучэннямі, манеўры спецыяльна аднеслі далей ад польскіх меж. Мабыць, патрэбная была фармальная падстава для эскалацыі абстаноўкі на беларускім кірунку. Набліжаецца святая дата 17 верасня, калі панская Польшча пазбавілася ўлады над землямі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У гэтай сувязі ў кіруючых колах Варшавы назіраецца прыкметнае восеньскае абвастрэнне.

Стабільнасць і бяспека дасягаюцца праз супрацоўніцтва
Польшча пайшла на абвастрэнне адносін з Беларуссю, і зрабіла гэта дэманстратыўна, з максімальным скандалам, звяртае ўвагу член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Вадзім Гігін:
— Паказальна, што апошнія рэзкія заявы робіць прэм’ер-міністр Дональд Туск. І гэта можа быць звязана з унутрыпалітычнай барацьбой у Польшчы. Прэзідэнт краіны Караль Наўроцкі — палітычны праціўнік Туска, стаўленік правых сіл. Сама яго перамога на выбарах з’явілася сур’ёзнай паразай ліберальнай «Грамадзянскай платформы», партыйнай апоры польскага прэм’ера.
Дэпутат канстатуе: за апошні час Наўроцкі зрабіў шэраг моцных крокаў:
— Ён фактычна стаў лідарам антыўкраінскай хвалі, якая паднялася ў польскім грамадстве. У прыватнасці, наклаў вета на закон аб выплатах ўкраінцам. Акрамя таго, прэзідэнт Польшчы правёў вельмі паспяховыя перамовы з Дональдам Трампам, што таксама ўмацавала яго пазіцыі. Лібералам Туска прыйшлося рэагаваць на такую актыўнасць. І ён пайшоў па шляху нагнятання мілітарысцкіх і шавіністычных настрояў. Гэта адлюстроўвае той зрух направа ў польскім грамадстве, які быў зафіксаваны на апошніх прэзідэнцкіх выбарах.
На думку эксперта, цяперашнія дзеянні польскіх уладаў носяць хутчэй тактычны характар:
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Жук лічыць, што рашэнне Польшчы аб закрыцці мяжы з Беларуссю працягвае трывожную тэндэнцыю аднабаковых абмежавальных мер, якія мы раней назіралі з боку краін ЕС і НАТА:— Пра іх наступствы можна будзе меркаваць з таго, ці адкрыюць палякі мяжу пасля заканчэння вучэнняў «Захад-2025». Бо трэба ўлічваць, што закрыццё мяжы можа канчаткова дабіць малы і сярэдні бізнэс у польскім памежжы.
— Такія крокі, як і нядаўняе закрыццё паветранай прасторы Літвой або ўстаноўка інжынерных загароды ўздоўж нашых межаў, не спрыяюць дыялогу і даверу ў рэгіёне.
Сенатар нагадвае, што Беларусь паслядоўна выступае за дээскалацыю і адкрытасць:
— Мы гатовыя да канструктыўнага ўзаемадзеяння з Польшчай і іншымі суседзямі для вырашэння агульных выклікаў, уключаючы пытанні бяспекі і міграцыі. Аднак ізаляцыя і аднабаковыя дзеянні толькі пагаршаюць праблемы, ствараючы штучныя бар’еры паміж народамі.
Парламентарый выказвае асаблівую заклапочанасць з нагоды гуманітарнага і эканамічнага ўрону для грамадзян абедзвюх краін.
— Беларусь гатовая да неадкладных кансультацый з польскім бокам для пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў. Наш падыход застаецца нязменным: стабільнасць і бяспека дасягаюцца праз супрацоўніцтва, а не праз падзел, — падкрэслівае сенатар.
Эксперт: у авангардзе антыбеларускай палітыкі сёння стаіць Польшча
Паводле паведамленняў нашых карэспандэнтаў і БелТА