Самым першым прызвалі ў войска Антося, і служыць ён трапіў у далёкую Башкірыю. Да скону ўспамінаў, што ўсе думкі там былі аб хлебе, што есці хацеў пастаянна, што на абед у салдацкай сталоўцы падавалася толькі юшка, дзе хіба зрэдку плавалі дробныя крышаны такой мілай для сэрца бульбачкі...
Можа, якраз таму хлопцу за шчасце было пазнаёміцца з дзяўчынай, якая працавала на макароннай фабрыцы. Статная ды прыгожая, яна вельмі спадабалася палешуку! Можа, і тым яшчэ, што хоць зрэдку, але ж магла падкарміць — кавалера, сябра, а ў будучым і ўласнага мужа, бо адразу пасля службы маладыя людзі пажаніліся, прыехалі ў Беларусь на радзіму салдата і засталіся жыць. Што зусім не дзіўна было, бо тут, у вёсцы, бацькі Антося трымалі немалую гаспадарку, мелі так званыя соткі, дзе раслі гоні бульбы ды іншай гародніны...
А да ўсяго ў маладога мужа аказаліся проста залатыя рукі: разам бацькамі і двума братамі ён будаваў для сям’і вялікі дом, сам рабіў усю мэблю (ёй мы, дарэчы, любуемся і сёння), гадаваў пацешных сынкоў...
Болей, здавалася, нічога і не трэба — толькі жыві ды радуйся, што ўсё ў цябе ёсць: работа, здароўе, дзеці, хата (Рая была цудоўнай гаспадыняй!)... Але ж сустрэў чалавек шалахвостку Марусю і размінуцца з ёю не змог: зняў для яе пакой, стаў па начах захаджваць — ганьбіць сям’ю, сваё прыгожае прозвішча...
Братоў — Яна з Міхасём (не кажучы ўжо пра жонку) — гэта вельмі крыўдзіла! А таму яны, пакрысе кульнуўшы для храбрасці, вырашылі правучыць разлучніцу.
Як? Рашэнне прыняў малодшы:
— Сходзім і хоць вокны паб’ём!
Пасля гэтага прыхапілі яны з сабой па добрай палцы, адшукалі хату, у якой пасялілася Маруся, а ўжо далей... Крычалі, стукалі, грукалі — шкло ляцела ва ўсе бакі!
Праўда, пару... імгненняў, бо аказалася, што вокны былі зусім не Марусіны, а яе суседа, які — да ўсяго — працаваў... у міліцыі.
Карацей, як ні спяшаліся браты, але ўцячы не змаглі: іх дагналі. І шчасце яшчэ, што пацярпелы аказаўся чалавекам спагадным: Яну з Міхасём «прысудзілі» купіць шкло і «зрабіць усё як было» (паправіць пабітыя вокны), пасля чаго Антосевы браты — цесляры і сталяры — сталі яшчэ і шклярамі.
Сам жа ён з цягам часу агледзеўся, кінуў Марусю, вярнуўся дамоў, пражыў 93 гады. Любіў сустракацца з братамі. Помню, пасядуць у садзе, пагамоняць, а потым як запяюць...
Людзі з суседніх вуліц свае справы кідалі — беглі канцэрт паслухаць.
Былі ў бабулі сыны.
Ніна Горгуль
г. Мінск