Top.Mail.Ru

Спецыялісты нагадалі, як не заразіцца шаленствам

Укол вожыкам

Штогод у свеце ад шаленства памірае каля 59 тысяч чалавек. Гэта захворванне, якое вядома больш за 4 тысячы гадоў, распаўсюджана абсалютна ва ўсіх краінах свету. У Беларусі таксама існуе небяспека заражэння гэтай інфекцыяй.

Як праінфармавала начальнік упраўлення кантролю за супрацьэпізаатычнай і прафілактычнай работай Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ірына ЦАРЫК, пачынаючы з 1989 года ў нашай краіне назіраўся значны рост захваральнасці на шаленства, які ў 2011 годзе дасягнуў 1238 выпадкаў (848 — сярод дзікіх жывёл, астатнія — у свойскай жывёлы). Аднак цягам апошніх 10 гадоў, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, сітуацыя стабілізавалася.

У прыватнасці, летась было зарэгістравана ўсяго 334 выпадкі хваробы ў жывёл, у тым ліку 143 — сярод хатніх. За восем месяцаў гэтага года зарэгістравана 169 выпадкаў заражэння дзікай, свойскай і хатняй 

жывёлы. Пералік жывёл, якія могуць быць хворымі і перадаваць інфекцыю, вельмі шырокі: каты, сабакі, буйная і дробная рагатыя жывёла, а таксама прадстаўнікі дзікай фаўны: лісы, ваўкі, яноты, янотападобныя сабакі, куніцы, казулі, барсукі, ласі, вожыкі, вавёркі, харкі, андатра, пацукі і хатнія мышы, лятучыя мышы і інш.

У рэспубліцы праводзіцца мэтанакіраваная работа па барацьбе з захворваннем, у тым ліку прафілактыка яго ў асяроддзі дзікіх жывёл. Больш за 10 гадоў існуе практыка так званай аральнай імунізацыі пры дапамозе авіяцыі. Прынады ў выглядзе брыкетаў, якія вырабляюцца на Віцебскай біяфабрыцы, загружаюцца ў авіясродкі і раўнамерна раскідваюцца над ляснымі масівамі. Такая прафілактыка праводзіцца двойчы на год — вясной і летам. Даследаванні паказваюць, што дзікія жывёлы ядуць прынады і такім чынам атрымліваюць вакцыну ад шаленства.

Шаленства пашкоджвае цэнтральную нервовую сістэму жывёл і чалавека. Вірус прысутнічае ў сліне і мозгу інфіцыраванай жывёлы і перадаецца праз укус. Найбольш уразлівыя для заражэння чалавека часткі цела — галава, твар, шыя, кісці і пальцы рук, ступні. Як паведаміла загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія ЛЯШКЕВІЧ, штогод у медыцынскія ўстановы краіны па антырабічную дапамогу звяртаецца каля 20 тысяч чалавек. Дзякуючы сумесным дзеянням медыкаў і ветэрынараў, зніжэнню захваральнасці сярод дзікіх жывёл, вакцынацыі і інфармаванасці людзей з 2013 года ў нашай краіне не зафіксавана ніводнага выпадку захваральнасці чалавека на шаленства.

Правілы бяспекі

Самае галоўнае правіла — не кантактаваць з дзікімі жывёламі. Трэба ўсведамляць, што здаровая дзікая жывёла не забягае ў населеныя пункты і на прыватныя падвор’і. Таму, калі вы ўбачылі яе паблізу ад жылля, трымайцеся падалей і паведаміце ў службу адлову. Не трэба прыносіць безнаглядных жывёл дадому, іх адразу трэба паказаць ветэрынару для ацэнкі стану здароўя. Абавязкова неабходна тлумачыць дзецям, што не трэба гуляць з бяздомнымі катамі і сабакамі, тым больш што рызыка заражэння існуе не толькі пры ўкусах, але і пры драпінах і траплянні сліны. Калі кантакту не ўдалося пазбегнуць, ранку трэба прамыць вадой з мылам і апрацаваць спіртаўтрымлівальнай вадкасцю, напрыклад растворам ёду, і абавязкова звяртацца да ўрача. Курс прышчэпак абавязкова прайсці цалкам, і толькі ўрач можа яго адмяніць.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю