У РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве» на высокім узроўні вядзецца селекцыя, ажыццяўляюцца арыгінальнае і элітнае насенняводствы больш за 40 відаў сельскагаспадарчых раслін. За апошнія тры гады ў Дзяржаўны рэестр сартоў Беларусі ўключана больш за 50 новых айчыннай селекцыі, 35 сартоў і гібрыдаў сёлета перададзены ў Дзяржаўную інспекцыю па сортавыпрабаванні і ахове сартоў раслін.
Пра тое, як арганізуецца працэс селекцыі збожжавых, збожжабабовых, кармавых і тэхнічных культур, пойдзе размова з Эромай УРБАНАМ, першым намеснікам генеральнага дырэктара НПЦ па навуковай рабоце, доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
— Эрома Пятровіч, як вядома, насенне, што выпрацоўваецца вучонымі навукова-практычнага цэнтра, канкурыруе з лепшымі дасягненнямі замежнай селекцыі. Вынікамі працы вашай установы можна толькі ганарыцца...
— Так. Паказчыкі нашай работы радуюць. Узровень ураджайнасці ў сартоў збожжавых складае больш за 100 ц/га, рапсу і збожжабабовых культур — да 50–60 ц/га, у льну-даўгунцу ўраджайнасць ільнотрасты — на ўзроўні 46–51 ц/га, а гібрыдаў цукровага бурака — 60–75 тон на гектар.
Практычна па кожнай культуры створана сістэма айчынных сартоў. Гэта дазваляе максімальна выкарыстоўваць яе патэнцыял і знізіць патрэбу ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, напрыклад, пры іх паспяванні ў розныя тэрміны, устойлівасці да розных хвароб, а таксама дыферэнцыраванай патрабавальнасці да ўмоў вырошчвання. У цяперашні час у Дзяржаўным рэестры сартоў Беларусі налічваецца 380 сартоў збожжавых, збожжабабовых, а таксама крупяных культур і рапсу.
На палях краіны апрацоўваецца больш за 140 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве, што складае больш за 70 % пасяўных плошчаў, а па азімым жыце, аўсу, кармавым ячмені, грэчцы і яравой пшаніцы айчынныя сарты займаюць больш за 80 %.
Ад гібрыдызацыі — да конкурснага сортавыпрабавання
— Мяркую, што нашым чытачам вельмі цікава даведацца, якім чынам ствараюцца высокаўраджайныя сарты, адаптаваныя да асаблівасцяў надвор’я Беларусі...
— Па збожжавых, збожжабабовых, крыжакветных, кармавых і тэхнічных культурах вядуцца работы па стварэнні сістэмы высокаўраджайных сартоў, адаптаваных да глебава-экалагічных умоў краіны, якія ўлічваюць кірункі іх гаспадарчага выкарыстання.
Так, ужо створаны першыя гібрыдныя сарты азімага жыта, рапсу, кукурузы, цукровых і кармавых буракоў. Разгорнуты селекцыйныя работы па 16 відах шматгадовых бабовых і зёлкавых траў.
Селекцыйны працэс у нашай установе ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўных навуковых і навукова-тэхнічных праграм. У выніку іх рэалізацыі распрацоўваюцца новы зыходны матэрыял для стварэння высокапрадукцыйных сартоў сельскагаспадарчых культур, новыя методыкі стварэння зыходнага матэрыялу на аснове выкарыстання бялковых і ДНК-маркераў. На аснове гэтых праграм з’яўляюцца таксама ўдасканаленыя метады адбору селекцыйна-каштоўных генатыпаў на ранніх этапах селекцыі з зададзенымі параметрамі для паскарэння і павышэння эфектыўнасці селекцыйнага працэсу сельскагаспадарчых культур.
Па поўнай схеме селекцыйныя працэсы ажыццяўляюцца па азімых збожжавых культурах (азімыя жыта, пшаніца, трыцікале і ячмень), яравых культурах (ячмень, авёс, яравая пшаніца і яравое трыцікале), а таксама збожжабабовых культурах (гарох палявы, гарох пасяўны, люпін вузкалісты, люпін жоўты і соя), па крупяных культурах (грэчка, проса) і алейных культурах (рапс яравы і азімы, гарчыца белая і свірэпіца азімая), а таксама па васьмі відах бабовых і адзінаццаці відах зёлкавых траў.
За апошнія 15 гадоў створана 38 сартоў шматгадовых траў, сярод якіх 28 уключаны ў Дзяржаўны рэестр: восем — зёлкавых і 20 — бабовых.
Селекцыйны працэс па любой культуры ўключае цыкл селекцыйных работ — ад правядзення гібрыдызацыі да конкурснага сортавыпрабавання, не менш за 10-12 гадоў, а па шматгадовых культурах (шматгадовыя бабовыя і зёлкавыя травы) — да 15-18 гадоў.
Па кожнай культуры, якая селектуецца, штогод закладваецца 15–20 селекцыйных гадавальнікаў, дзе апрацоўваецца ад 50 да 100 тысяч асобных генатыпаў, нашчадстваў і сортаўзораў.
Рэспубліка Беларусь характарызуецца разнастайнымі глебава-кліматычнымі ўмовамі, а селекцыя большасці сельскагаспадарчых культур сканцэнтравана ў адным аграэкалагічным пункце. Па гэтай прычыне вельмі складана весці селекцыю адначасова для ўмоў Гомельскай і Віцебскай абласцей, для глебы больш урадлівай, напрыклад, Нясвіжскі раён Мінскай вобласці і нізкаўрадлівай пясчанай глебы Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.
Для гэтага праводзіцца экалагічнае сортавыпрабаванне селекцыйнага матэрыялу на абласных доследных станцыях і ў занальных інстытутах. Аднак па прычыне абмежаванага фінансавання яно не заўсёды дае жаданы вынік і па аб’ёмах, і па якасці даследаванняў, якія праводзяцца.
Новыя сарты маюць высокую ўраджайнасць
— Эрома Пятровіч, якія ж прыярытэтныя кірункі беларускай селекцыі?
— У адпаведнасці са стратэгіяй адаптацыі да змянення клімату вядучым кірункам у селекцыі з’яўляецца стварэнне сартоў, адаптаваных да лімітуючых фактараў навакольнага асяроддзя канкрэтнага рэгіёна, абумоўленых асаблівасцяў воднага рэжыму, працягласці безмарознага перыяду, даўжыні светлавога дня, тэмпературнага рэжыму і г. д.
Селекцыйныя даследаванні па збожжавых, збожжабабовых, алейных, кармавых і тэхнічных раслінах накіраваны на стварэнне сістэмы высокаўраджайных сартоў, адаптаваных да глебава-экалагічных умоў краіны з улікам кірунку іх гаспадарчага выкарыстання.
Так, створаны гібрыды F1 на аснове ЦМС азімага жыта, рапсу, кукурузы і цукровага бураку. Вядзецца поўнамаштабная селекцыя азімага ячменю, люцэрны і соі — адносна новых для Беларусі культур.
У Дзяржаўны рэестр уключаны новыя сарты кармавога азімага жыта, пайзы, сланечніка, сорга, сорга-суданковыя гібрыды і іншыя. Новы айчынны сорт азімага ячменю «Ранак» паспявае ў сярэднім на дзесяць дзён раней і пры гэтым павялічвае перавагі культуры. Селекцыя збожжавых каласавых цяпер накіравана на патэнцыяльную ўраджайнасць не менш за 100 цэнтнераў з аднаго гектара.
Прыярытэтным кірункам у селекцыі збожжавых і збожжабабовых культур цяпер з’яўляецца стварэнне сартоў, якія маюць высокую якасць прадукцыі. Новыя сарты павінны мець таксама ўстойлівасць да хвароб і шкоднікаў, а азімыя культуры — быць мароза- і зімаўстойлівымі. Яны павінны спалучаць высокую спагадлівасць на ўрадлівасць глебы і ўстойлівасць да лімітуючых фактараў асяроддзя.
У Беларусі актыўна ажыццяўляецца кірунак селекцыі збожжавых культур на павышэнне ўстойлівасці да палягання, засухі, хуткаспеласці, а таксама прыцягваецца навейшы генафонд з краін бліжняга і далёкага замежжа.
Селекцыя збожжавых культур вядзецца як на паляпшэнне асобных паказчыкаў (утрыманне бялку, клейкавіны, незаменных амінакіслот, тэхналагічных якасцяў збожжа, зімаўстойлівасць, кароткасцябловасць, прадукцыйнасць і г. д.), так і на комплекс гаспадарча-каштоўных прыкмет з улікам экалагічных умоў, зоны апрацоўкі сорту і кірунку яго выкарыстання.
У свой час вучоны-біёлаг Мікалай Вавілаў сказаў: «Селекцыя — гэта эвалюцыя, накіраваная воляй чалавека... Селекцыя — гэта і навука, і мастацтва, і рамяство». Несумненна, гэтыя словы актуальныя і цяпер.
«Амелія», «Элегія» і «Аўгусціна» забяспечаць ураджай
— З якімі краінамі супрацоўнічае Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі?
— У галіне селекцыі мы вядзём супрацоўніцтва з селекцыйна-насенняводчымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі, Узбекістана і іншых краін. Летась мы заключылі пагадненні аб навуковым супрацоўніцтве з шэрагам устаноў. Гэта Навукова-даследчы інстытут селекцыі, насенняводства і агратэхналогіі вырошчвання бавоўны, НДІ жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі пры камітэце ветэрынарыі і развіцця жывёлагадоўлі Рэспублікі Узбекістан, ФДБУ «Нацыянальны даследчы цэнтр «Курчатаўскі інстытут» (Расія), Усерасійскі навукова-даследчы інстытут сельскагаспадарчай біятэхналогіі (Расія) і г. д.
У выніку сумесных даследаванняў былі створаны сарты азімай і яравой пшаніцы, яравога і азімага трыцікале: шэсць сартоў уключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў Беларусі, 13 — у Дзяржаўны рэестр Расійскай Федэрацыі. Сярод іх — чатыры сарты яравой пшаніцы, пяць сартоў яравога трыцікале, два сарты азімай пшаніцы і два сарты аўсу. Таксама ў Дзяржаўны рэестр Расійскай Федэрацыі для выкарыстання па Цэнтральным і Паўночна-
Заходнім рэгіёнах уключаны шэсць сартоў ільнудаўгунцу («Пралеска», «Васілёк», «Ласка», «Левіт-1», «Грант» і «Веста»).
Вялікую папулярнасць у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі атрымалі сарты азімай пшаніцы «Амелія», «Элегія», «Аўгусціна», яравой пшаніцы
«Дар’я», «Ладдзя», яравога ячменю «Рэйдар», «Дзева» і «Калдун», яравога рапсу «Нёман», «Гедэмін» і «Герцаг», гарчыцы белай «Алена», аўсяніцы трысняговай «Таямніца», райграса пашавага «Гусляр», аўсяніцы чырвонай «Пяшчота», а таксама фестулоліума «Удзячны».
Адзначу, што супрацоўнікі РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве» пры наяўнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі гатовы забяспечыць пастаўку арыгінальнага і элітнага насення сартоў беларускай селекцыі, дапушчаных да выкарыстання ў гэтым рэгіёне.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА