Top.Mail.Ru

Чаму варта наведаць кінафорум у Брэсце?

10.09.2025 | 15:30
Калейдаскоп беларускага кіно

З 25 да 29 верасня горад будзе прымаць у сябе гасцей і ўдзельнікаў ІХ Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў. Ацаніць стан сучаснага беларускага кіно і ўбачыць яго ў шырокай жанравай і тэматычнай разнастайнасці дазволіць насычаная праграма кінафоруму. У яе сёлета трапіла каля 60 фільмаў.

— Радасна, што Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў адноўлены пасля дастаткова працяглага перапынку. Адноўлены ён па ініцыятыве кінематаграфічнай супольнасці — і гэта сведчыць пра тое, што колькасць фільмаў, якія вырабляюцца ў Беларусі, расце. Прычым іх ствараюць не толькі дзяржаўныя кінавытворчыя арганізацыі, але і тэлеканалы, прыватныя кінакампаніі. Значыць, ёсць што глядзець, абмяркоўваць і каму і з чым спаборнічаць, — адзначыла начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына ДРЫГА. — Наш фестываль па традыцыі праходзіць у Брэсце. А галоўнымі дамінантамі маштабнага кінафоруму стануць фільмы і мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі і тэматыцы духоўнасці і маральнасці.

Адабраныя са 100 заявак кінастужкі гледачы ўбачаць у пяці конкурсных праграмах: гульнявых, негульнявых, тэлевізійных фільмаў (праграм), анімацыйнага, студэнцкага кіно. Удзельнічаюць сёлета кінаработы, якія ўбачылі свет у 2020–2025 гадах. Важна, што ацэньваць кожную катэгорыю будуць не толькі беларускія кінамайстры, але і творцы з Расіі і Казахстана.

Акрамя цікавых кінасеансаў, арганізатары прапануюць публіцы творчыя вечары, лекцыі, рэтраспектыўныя паказы, шэраг сустрэч з рэжысёрамі, акцёрамі і шмат іншага. Так, паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандра ГОСЦЕВА, спецыяльныя выстаўкі дазволяць гасцям фестывалю трапіць, лічыце, у закуліссе стварэння такіх кінастужак, як «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі і «Бацька Мінай. Партызанская легенда» Ігара Угольнікава, якія цяпер знаходзяцца на стадыі вытворчасці. 

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю