У сталіцы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця абноўленага будынка ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама. Міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ назваў гэты дзень гістарычным не толькі для сталічнай ДАІ, але і для ўсяго Мінска.
«Мы адкрываем не проста абноўлены, а фактычна новы будынак, дзе ўсё зроблена для камфортнай работы супрацоўнікаў і зручнасці грамадзян. Кожны чалавек, які звяртаецца ў органы ўнутраных спраў, павінен атрымаць дапамогу на самым высокім узроўні — гэта прынцыповае патрабаванне Прэзідэнта, і мы ідзём гэтым шляхам», — зазначыў ён.Новае памяшканне забяспечвае сучасныя ўмовы як для штодзённай службы супрацоўнікаў, так і для прыёму мінчан і гасцей сталіцы. Як адзначыў міністр, сёння сталічная ДАІ — гэта мабільнае падраздзяленне, якое выконвае задачы па стварэнні бяспекі дарожнага руху не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах краіны, калі неабходна падтрымка.
Адкрыццё будынка супала з увядзеннем у дзеянне новых правілаў дарожнага руху, якія закранаюць у першую чаргу карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці. Згодна з новымі правіламі, яны абавязаны рухацца па тратуарах не хутчэй за 10 км/г, а па веладарожках — не хутчэй за 25 км/г. «Гэта рашэнне прадыктавана не часам, а грамадствам», — падкрэсліў міністр.
У Беларусі такіх сродкаў становіцца ўсё больш, і іх тэхнічныя характарыстыкі вельмі розныя: асобныя мадэлі здольныя развіваць хуткасць 50–60 км/г, што параўнальна з матацыкламі.
За 8 месяцаў гэтага года ў ДТЗ пацярпела больш за 2000 грамадзян, 275 з іх загінулі, у тым ліку 25 веласіпедыстаў і карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці. Менавіта гэта статыстыка стала галоўным аргументам для ўвядзення новых абмежаванняў. Для камфорту веласіпедыстаў і карыстальнікаў электрасамакатаў у Мінску ўжо пачалі ўсталёўваць асобныя веласветафоры і дадатковыя таблічкі, якія дазваляюць перасякаць праезную частку без спешвання. «Мы зрабілі ўсё, каб рух быў максімальна зручным, але самае галоўнае — гэта бяспека чалавека. Наша задача — абараніць жыццё і здароўе грамадзян, і новыя правілы служаць менавіта гэтай мэце», — падкрэсліў Іван Кубракоў.
Міністр адзначыў, што новаўвядзенні распрацоўваліся з улікам сусветнага вопыту і шырокага грамадскага абмеркавання. Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэгістрацыі сродкаў індывідуальнай мабільнасці: у падраздзяленнях ДАІ ўжо створаны спецыяльныя пляцоўкі, дзе можна прайсці працэдуру ў спрошчаным парадку. Пры гэтым акцэнт зроблены на прафілактыцы, а не на пакаранні. «Яшчэ раз паўтаруся: што датычыцца рэгістрацыі сродкаў індывідуальнай мабільнасці, гэта можна зрабіць на працягу года. Ніхто нікога не будзе прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Супрацоўнікі ДАІ будуць тлумачыць, раіць, падказваць. Але кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення, як і раней, застаецца катэгарычна забароненым і караецца па законе», — падсумаваў кіраўнік МУС.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота БелТА