Top.Mail.Ru

МАРГ возьме пад кантроль лексіку рэкламы, назваў устаноў і найменняў тавараў

11.09.2025 | 08:35
Не толькі выгада, але і этыка

Спажывец заўсёды мае рацыю — гэты ўсім вядомы выраз будзе сапраўды верным, калі кліент запатрабуе да сябе паважлівага стаўлення. Усіх культурных людзей абурае, калі ў назвах тых ці іншых фірм, бараў-кафэ або цырульняў ўжываецца спрэчная, скажам так, лексіка. Ці тыя ж назвы або найменні тавараў вызываюць неадназначныя асацыяцыі.

Сутнасць пытання

У свой час Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэкамендавала суб'ектам гаспадарання па магчымасці выкарыстоўваць беларускую або рускую мову ў назвах магазінаў, устаноў і рэкламных матэрыялах, уключаючы шыльды, рэкламу на транспарце і іншыя рэкламныя носьбіты, а выкарыстання замежных слоў і выразаў пазбягаць.

Тады ж у МАРГ нагадалі, што адпаведнай пастановай Савета Міністраў была зацверджана Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024 — 2026 гады. 

Канцэпцыя рэалізуецца ў мэтах усебаковай падтрымкі развіцця культуры, забеспячэння культурнай бяспекі нашай краіны, абароны нацыянальнай культурнай прасторы, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа. Падкрэсліваецца, што на дасягненне гэтых мэт павінны быць накіраваны намаганні ўсіх 

суб'ектаў, якія фарміруюць інфармацыйную прастору краіны. А ў якасці аднаго з механізмаў рэалізацыі канцэпцыі прадугледжана менавіта згаданае вышэй скарачэнне выкарыстання замежных слоў, у тым ліку абрэвіятур, у назвах гандлёвых марак.

Здаецца, што тады з засіллем замежных слоў разабраліся. Але, як аказалася, некаторыя прыватныя структуры гандлю не ў поўнай меры адаптаваліся да норм грамадскай маралі. Сёння ў краіне яшчэ няма спецыяльнага дакумента, інструкцыі, якая б 

рэгулявала і кантралявала этычнасць найменняў аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Між тым яна б паставіла заслон для кампаній або прадукцыі, найменне якой супярэчыць нормам грамадскай маралі.

Негатыўныя прыклады, на жаль, ёсць. Так, некалькі месяцаў таму ў шэрагу буйных гарадоў краіны адкрылася дастаўка сушы і ролаў ад кампаніі, у назве якой прысутнічае ненарматыўная лексіка. Праўда, беларускіх франчайзі адразу ж вымусілі змяніць гэты скандальны брэнд. Аднак у адрасах інтэрнэт-рэсурсаў і беларускім меню засталася фірменная назва ад матчынай сеткі.

Каб не падрываўся імідж галіны

А гэта не падабаецца як грамадзянам, так і рэгулятарам. На думку апошніх, дзеянні суб'ектаў гаспадарання ў гэтых выпадках накіраваныя на прыцягненне ўвагі спажыўцоў за кошт правакацыі, якая стварае сацыяльную напружанасць і выклікае ў грамадзян негатыўныя эмоцыі. Гэта адмоўна адбіваецца на іміджы прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, падрывае давер да работы галіны ў цэлым.

Напрыклад, некаторы час таму ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю разглядалі пытанне этычнасці назвы аднаго з аб'ектаў эўфемізмам, калі ненарматыўная лексіка маскіруецца пад фантазійнае слова, аднак лаянкавы сэнс пры гэтым не губляецца. Размяшчэнне шыльдаў з такой назвай можна спыніць толькі на падставе заканадаўства аб рэкламе, паколькі выкарыстанне амаральных слоў на сродках вонкавай рэкламы было прызнана неэтычным.

Таму, як паведамілі ў прэс-службе МАРГа, у дадзены час рыхтуюцца правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення паслуг грамадскага харчавання. У іх будуць прапісаны змены, якія не дапускаюць выкарыстанне ў назве (прыдуманай назве) аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання, прадукцыі і паслуг слоў (групы слоў), што парушаюць агульнапрынятыя нормы маралі, у тым ліку ненарматыўную лексіку.

Дарэчы, зафіксаваны таксама скаргі на продаж прадукцыі або паслуг, у назве якіх рабіўся акцэнт на сексуальную тэматыку і крымінальны жаргон. Мы спадзяёмся, што эксперты паберагуць нашы нервы і ў гэтым выпадку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю