Рэгістрацыя — гэта важна
Па-першае, налічэнне аплаты па эканамічна абгрунтаваных тарыфах будзе выкарыстоўвацца пры адсутнасці ў кватэры зарэгістраваных грамадзян. У Міністэрстве ЖКГ удакладнілі, што па гэтых жа тарыфах налічаць квартплату і ў выпадку, калі ў кватэры, дзе ніхто не зарэгістраваны, ёсць афіцыйныя кватэранаймальнікі з дагаворам найму.
Яшчэ адзін варыянт, калі трэба аплаціць камуналку «па поўнай» — гэта калі кватэра выкарыстоўваецца ўласнікам для месцазнаходжання прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.
Устанавіўшы для насельніцтва тарыфы на ЖКП, якія значна ніжэй за фактычныя выдаткі, дзяржава аказвае грамадзянам падтрымку па іх аплаце. Аднак трэба памятаць, што гэтыя тарыфы прымяняюцца толькі ў адносінах да аднаго жылога памяшкання, у якім спажывец жыллёва-камунальных паслуг зарэгістраваны па месцы жыхарства.
Дармаедам палёгкі не будзе
Згодна з пастановай № 465, што мяняе падыходы да аплаты ЖКП, прадугледжана аплата па поўных тарыфах у адносінах да ўсіх жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці або выкарыстанні людзей, не занятых у эканоміцы краіны. Цалкам дармаеды будуць аплачваць і ўвесь аб’ём спажытых паслуг — цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне і газ.
Для лепшага разумення механізма аплаты па новых правілах намеснік начальніка ўпраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анастасія МАЛІНОЎСКАЯ прывяла прыклад: «Кватэра ў 60 м2 належыць дармаеду і з ім пражываюць яшчэ двое працуючых. Раней паслуга цеплазабеспячэння налічвалася прапарцыянальна колькасці жыхароў, гэта значыць, 60 м2 дзяліліся на траіх і ў дачыненні да 20 „квадратаў“ прымяняўся павышаны тарыф, а ў дачыненні да 40 — субсідзіраваны.
З 1 кастрычніка ўсё будзе па-іншаму. Эканамічна абгрунтаваныя тарыфы будуць прымяняцца ў дачыненні да ўсіх кватэр і да ўсяго аб’ёму спажытых паслуг (цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне, падагрэў вады і газазабеспячэнне). У гэтым выпадку кватэра, дзе прапісаны дармаед, будзе сапраўды вельмі дарагой».
Спадчына і тарыфы
У Міністэрстве ЖКГ таксама растлумачылі, як аплачваецца кватэра чалавека, што памёр, а яго сваякі толькі ўступаюць у спадчыну. У гэтым выпадку плата за жыллёва-камунальныя паслугі разлічваецца па субсідзіраваных тарыфах без налічэння пені да атрымання пасведчання аб праве на спадчыну, але не больш за сем месяцаў з дня адкрыцця спадчыны.
Калі кватэра па спадчыне пераходзіць, напрыклад, да двух сваякоў, то для таго, каб у будучыні квартплата аплачвалася па льготных тарыфах, прапісацца на гэтыя квадратныя метры павінны як мінімум два чалавекі.
Калі лічыльнік не ўлічваецца
«Мінскводаканал» назваў дзве падставы, калі пры наяўнасці ў кватэры лічыльнікаў гарачай і халоднай вады ён возьме за паслугу не па паказаннях прыбораў уліку, а «па поўнай».
Першая — гэта прапушчаныя тэрміны паверкі лічыльнікаў. У гэтым выпадку за ваду прыйдзецца заплаціць па нарматыве, што ў сярэднім у тры разы больш.
Другая — калі гаспадар кватэры заўважыў, што лічыльнік няспраўны. Тут ёсць два варыянты развіцця падзей. Першы — гаспадар паведамляе пра гэта ў водаканал адразу і тады «па поўнай» з яго возьмуць з першага чысла месяца і да дня ліквідацыі няспраўнасці. І другі варыянт — лічыльнік не працуе, гаспадар маўчыць і прыходзяць спецыялісты водаканала з праверкай. У гэтай сітуацыі заплаціць прыйдзецца ўжо не за няпоўны месяц, а з таго часу, калі была апошняя паверка паказанняў лічыльнікаў, але не больш чым за адзін год.
Што да электраэнергіі, то за яе па самым высокім тарыфе давядзецца заплаціць і ў выпадку, калі гаспадар кватэры, уладальнік лічыльніка, не заўважыў, што электралічыльнік не працуе, а факт няспраўнасці высветліўся падчас рэйду «Энергазбыта».
За газ таксама возьмуць «па поўнай», калі гаспадар кватэры і газавага лічыльніка прапусціў тэрміны паверкі.
Акрамя таго, у Міністэрстве ЖКГ удакладнілі, што такія паслугі, як тэхабслугоўванне ліфта, санітарны стан дапаможных памяшканняў і электраэнергія на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, ажыццяўляюцца незалежна ад таго, пражывае чалавек у жылым памяшканні ці не.