Top.Mail.Ru

Намеснік Прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч правеў перагаворы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам

10.09.2025 | 13:00
«Ёсць новыя ідэі для нашага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва»

Ён адзначыў, што ключавыя перадумовы для далейшага развіцця адносін Беларусі і Венгрыі — адкрытасць да дыялогу і ўзаемны давер.

Профільны віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч агучыў гатоўнасць нашай краіны дзяліцца вопытам і ведамі па будаўніцтве АЭС, а таксама магчымасць пашырэння кантактаў з Венгрыяй і рэалізацыі новых сумесных праектаў.

У сваю чаргу Петэр Сіярта падкрэсліў, што энергетыка — ключавая галіна для супрацоўніцтва Беларусі і Венгрыі.

Беларусі і Венгрыі ўдаецца захоўваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на вельмі высокім узроўні.

Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на пасяджэнні беларуска-венгерскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску, паведамляе БелТА. Яно прайшло пад старшынством Максіма Рыжанкова і міністра замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэра Сіярты. Мерапрыемства стала важным этапам ва ўмацаванні двухбаковых адносін і рэалізацыі сумесных праектаў у эканамічнай, гандлёвай і гуманітарнай сферах.

— Нягледзячы на санкцыйныя праблемы, межы паміж намі, якія становяцца ўсё складаней (таму што некаторыя не могуць аддзяліць свае асабістыя палітычныя амбіцыі ад інтарэсаў рэгіёна або цэлых груп краін), нягледзячы на ўсе цяжкасці, нам удаецца захоўваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на вельмі высокім, прыстойным узроўні, — сказаў Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, Беларусь і Венгрыя маюць магчымасць вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у дружалюбным кірунку.

— Ацэньваючы нашу работу, хачу сказаць, што праграма на 2024–2025 гады была практычна цалкам выкананая. На чарзе падпісанне новай, — дадаў міністр замежных спраў Беларусі.

Гаворачы аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва, кіраўнік беларускага МЗС назваў такія сферы, як энергетыка, сельская гаспадарка, прамысловасць, фармацэўтыка, турызм. Ён таксама адзначыў, што паміж бакамі склалася добрая традыцыя рэгулярных сустрэч, а спектр тэм, якія на іх абмяркоўваюцца, пастаянна пашыраецца і цяпер уключае не толькі двухбаковы парадак дня, але і ў цэлым сітуацыю ў рэгіёне і ўзаемаадносіны краін,у тым ліку пытанні бяспекі.

Максім Рыжанкоў падзякаваў венгерскаму калегу за цвёрдую пазіцыю, што датычыцца сітуацыі ў рэгіёне.

— Вы сапраўды падтрымліваеце рэальныя праекты, рэальнае ўмацаванне ўзаемаадносін паміж краінамі нашага рэгіёна, — сказаў ён. — Вы выступаеце за мірнае ўзаемадзеянне і ўстанаўленне больш выгадных узаемаадносін не толькі з вашай краінай, але і з Еўрапейскім саюзам у цэлым. Заўсёды рады бачыць венгерскіх партнёраў у сценах МЗС і ў Беларусі. Мы гатовыя абмяркоўваць нават самыя актуальныя пытанні, розныя пункты гледжання.

Міністр адзначыў блізкасць пазіцый Беларусі і Венгрыі ў разуменні сітуацыі. Паводле яго слоў, ёсць шмат пунктаў судакранання, шмат кірункаў для развіцця і ўмацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

— Мы бачым, што Венгрыя дзейнічае ў першую чаргу зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў, а гэта не заўсёды характэрна для іншых краін Еўрасаюза, — заўважыў ён.

У сваю чаргу, Петэр Сіярта выказаў занепакоенасць з нагоды бяспекі ў рэгіёне.

— Мы бачым, што рызыка ваеннай эскалацыі значна павялічылася апошнім часам. І таму неабходна вяртацца ў рэчышча перагавораў і супрацоўніцтва.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што цяпер самы час вярнуцца да здаровага і рацыянальнага падыходу ў выбудоўванні двухбаковых адносін.

— Сам факт, што прадстаўнікі 17 венгерскіх кампаній прыляцелі са мной у Мінск, пацвярджае, што рацыянальны падыход усё ж такі існуе. Ёсць і неабходнасць, і зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва на аснове здаровага сэнсу.

Напрыклад, у ліку членаў дэлегацыі ёсць мэр, які прадстаўляе апазіцыйную партыю ў Венгрыі, ён падчас знаходжання ў Беларусі падпісаў пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў з адным з беларускіх гарадоў. Гэта, на думку Петэра Сіярты, дэманструе, што здаровы сэнс і рацыянальны падыход не мае палітычнай афарбоўкі і не заўсёды звязаны з палітычнымі поглядамі.

Ён падкрэсліў, што беларускі і венгерскі бакі здолелі ўстанавіць добрыя адносіны на ўзроўні не толькі кіраўнікоў МЗС, але і дзяржаў. Венгрыя, паводле яго слоў, гатова абмеркаваць меры для далейшага ўмацавання і прасоўвання двухбаковага супрацоўніцтва.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю