У аўторак у Палацы Незалежнасці шырока і падрабязна абмяркоўваліся перспектыўныя кірункі дзейнасці Нацыянальнага банка, у цэлым развіццё банкаўска-фінансавай сістэмы краіны. У вялікай нарадзе Прэзідэнта з апаратам Нацыянальнага банка, склад праўлення якога сур’ёзна абнавіўся, і кіраўніцтвам банкаў узялі ўдзел каля 250 чалавек. Закранаючы канкрэтную сферу жыццядзейнасці грамадства, Аляксандр Лукашэнка традыцыйна звяртае ўвагу на важныя пытанні для нацыянальнай эканомікі. Адпаведныя даручэнні па ўзмацненні ролі банкаўскай сістэмы ў падтрымцы эканомікі кіраўніком дзяржавы былі дадзены падчас прызначэння Рамана Галоўчанкі старшынёй Праўлення Нацбанка. Падчас нарады беларускі лідар маштабаваў пытанне, агучыўшы задачы для айчыннай банкаўска-фінансавай сістэмы.
Пра асноўныя пасылы кіраўніка дзяржавы і перспектывы развіцця банкаўска-фінансавай сістэмы краіны пагаварылі з парламентарыямі.
Растуць уклады ў беларускіх рублях
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Віктар АНАНІЧ, які з’яўляўся адным з дакладчыкаў падчас нарады ў Прэзідэнта, указаў на рост даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты. Па яго словах, гэта адбываецца дзякуючы стабільнаму развіццю эканомікі і ўзважанай палітыцы Нацыянальнага банка. «Акрамя таго, дзяржава гарантуе 100 % вяртання ўкладаў фізічным асобам», — удакладніў сенатар.
Па словах Віктара Ананіча, рост папулярнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце адбываецца на фоне стабільнага курсу беларускага рубля і дастаткова прывабных ставак па дэпазітах у беларускіх рублях, што прапаноўваюцца банкамі. У сукупнасці гэта аказвае вырашальны ўплыў на павышэнне даверу насельніцтва да ўкладаў у нацыянальнай валюце.
«Напрыклад, за мінулыя восем месяцаў бягучага года ў „Беларусбанку“ было аформлена больш за 450 тысяч тэрміновых укладаў на суму больш чым 4,5 млрд руб., што на 37 % больш па колькасці і на 40 % — па аб’ёме прыцягнутых сродкаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, — канкрэтызаваў ён. — Пры гэтым доля тэрміновых дэпазітаў у беларускіх рублях склала 93 % ад усёй колькасці адкрытых і 91,5 % ад усёй сумы прыцягнутых».
Актыўна выкарыстоўваючы сэрвісы дыстанцыйнага абслугоўвання, кліенты афармляюць дэпазіты анлайн, не наведваючы аддзялення банка. «Сёння кожны трэці ўклад адкрываецца ў лічбавых каналах, — расказаў член Савета Рэспублікі. — Гэта і камфортна, і бяспечна, і эканоміць час».
Заканадаўчыя рашэнні — з мэтай абароны грамадзян
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Васіль ПАНАСЮК падкрэсліў, што абмеркаванне любой тэмы на самым высокім узроўні дэпутацкі корпус расцэньвае як пасыл да дзеянняў.
«Кіраўнік дзяржавы сказаў, што пры фарміраванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады ён хацеў бы бачыць Нацбанк драйверам нашай эканомікі, — канкрэтызаваў дэпутат.
— У працэс зацвярджэння Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку будзе ўцягнуты і дэпутацкі корпус. У гэтым кірунку нарада была своечасовай і эфектыўнай, бо крэдытна-грашовая сістэма краіны — крывяносныя сасуды нашай эканомікі, доўгатэрміновы поспех стабільнасці ў грамадстве і эканамічная бяспека».
Васіль Панасюк праінфармаваў, што да прыняцця ў першым чытанні Пастаяннай камісіяй па бюджэце і фінансах рыхтуецца законапраект, які непасрэдна звязаны з банкаўска-фінансавай сферай.
«Размова ідзе аб законапраекце, які прадугледжвае істотныя змяненні ў сферы прадастаўлення пазык, — удакладніў дэпутат. — Найперш новаўвядзенні накіраваны на абарону законных правоў і інтарэсаў нашых грамадзян у фінансавай сферы. Законапраектам прадугледжана забарона ў якасці прадмета закладу ў рамках пазыкі адзінай кватэры або долі ў памяшканні, каб чалавек выпадкова не пазбавіўся права на жыллё. Другі важны момант — забараняецца заключэнне дагавора пазыкі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, юрыдычнымі асобамі, якія не маюць права па асноўнай сваёй дзейнасці займацца пэўнымі фінансавымі аперацыямі»
Праектам закона таксама прадугледжана забарона заключэння дагавораў пазыкі ў замежнай валюце паміж фізічнымі асобамі, за выключэннем блізкіх сваякоў. Ёсць пэўныя патрабаванні і да рэкламнай дзейнасці ў сферы прадастаўлення пазык. «Калі ты не індывідуальны прадпрымальнік або не юрыдычная асоба, якая не мае права займацца фінансавымі аперацыямі, то незаконна і размяшчаць адпаведную рэкламу», — патлумачыў Васіль Панасюк.
Акрамя таго, законапраектам абмяжоўваюцца памеры выплаты няўстойкі: яна павінна будзе складаць не больш за палову кошту самой пазыкі.
Васіль Панасюк распавёў, што на папярэдняй сесіі Пастаяннай камісіяй па бюджэце і фінансах быў падрыхтаваны і прыняты законапраект «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы». «Дэпутаты не знаходзяцца ўбаку ад тых праблем, якія абмяркоўваліся на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы», — рэзюмаваў парламентарый.
У прыярытэце — павышэнне дабрабыту грамадзян
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла САПЕГА звярнула ўвагу на тое, што галоўная мэта аб’яўленых у краіне Года добраўпарадкавання і пяцігодкі якасці — павышэнне ўзроўню дабрабыту грамадзян Беларусі, прычым ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.
«Даўшы ў цэлым станоўчую ацэнку дзейнасці банкаўска-фінансавай сістэмы, Аляксандр Лукашэнка, тым не менш, выказаў шэраг прэтэнзій у адрас работнікаў банкаўскай сферы, — адзначыла сенатар.
— Пры гэтым кіраўнік дзяржавы асабліва звярнуў увагу на тое, што ніякая пагоня за прыбыткам не можа служыць апраўданнем незадаволенасці насельніцтва якасцю банкаўскага абслугоўвання. Пачынаючы ад стварэння надуманых праблем са старымі доларамі да справядлівай камісійнай узнагароды, якая спаганяецца банкамі за аказаныя грамадзянам паслугі».
Па словах Людмілы Сапегі, Аляксандр Лукашэнка справядліва падкрэсліў: банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі павінны быць сумленнымі, дзейнічаць выключна ў рамках закона, у інтарэсах людзей і краіны.
Рашэнні, накіраваныя на ўстойлівасць і развіццё галіны
Правядзенне нарады, прысвечанай пытанням функцыянавання банкаўскага сектара, па меркаванні члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Аляксея РАЙКО, з’яўляецца не проста неабходным, але і вельмі своечасовым крокам у бягучых эканамічных умовах. «На фоне трансфармацыі глабальных фінансавых патокаў, санкцыйнага ціску і неабходнасці адаптацыі да новых фарматаў трансгранічных разлікаў падобныя сустрэчы дазваляюць аператыўна выпрацаваць узгодненыя рашэнні, накіраваныя на ўстойлівасць і развіццё галіны», — перакананы парламентарый.
Дэпутат падкрэсліў, што ў сваёй прамове на нарадзе кіраўнік дзяржавы агучыў як адмоўныя, так і станоўчыя моманты ў рабоце банкаўскай сферы. «Яго словы поўнасцю карэлююць з настроем нашага грамадства ў сферы цэнаўтварэння, пазыковых, крэдытных адносін, — канстатаваў Аляксей Райко. — Варта адзначыць, што агучаныя праблемныя моманты ў частцы закладу адзінай кватэры, дома, долі ў частцы сумеснага домаўладання мы разгледзім ужо на адкрыцці трэцяй сесіі 16 верасня».
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Наталля КУЛЯШОВА дадала, што на цяперашнім этапе ажыццяўляецца падрыхтоўка дакументаў па прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026 год. «У іх у тым ліку будуць вызначаны мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі з мэтай фарміравання ўмоў для ўстойлівага, збалансаванага эканамічнага развіцця краіны, росту дабрабыту грамадзян, павышэння якасці жыцця, — канкрэтызавала дэпутат. — У гэтым плане нарада, якая праходзіла пад кіраўніцтвам Прэзідэнта, своечасовая і актуальная. Усе пытанні, якія былі агучаны кіраўніком дзяржавы, знойдуць адлюстраванне ў праектах дакументаў».
Вераніка КАНЮТА