Новы этап у кар’еры васьмі дыпламатаў пачаўся ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў замежных дзяржаў, якія пачынаюць свае дыпламатычныя місіі ў нашай краіне.
Беларусь заўсёды адкрыта да супрацоўніцтва з іншымі краінамі і настроена на прадуктыўнае ўзаемадзеянне. Таму сустрэча паслоў з кіраўніком дзяржавы хоць і абавязковая па пратаколе, і мела сяброўскі характар, была прысвечана і пытанням будучай сумеснай працы.
Беларусь прытрымліваецца міралюбнага знешнепалітычнага курсу
«Сардэчна вітаю вас і віншую з паўнапраўным уступленнем на пасадзе кіраўнікоў дыпламатычных місій, — прывітаў дыпламатаў Прэзідэнт. — Заўсёды рады тым, хто накіраваны на ўмацаванне мастоў дружбы, паважае народ і суверэнітэт нашай краіны. У нашай краіне ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі 130 нацыянальнасцяў і 25 канфесій. Дзякуючы палітыцы грамадскага адзінства, якая праводзіцца, і глыбокім традыцыям талерантнасці ў нас няма канфліктаў на этнічнай і рэлігійнай глебе. Шануем гэта і вельмі ганарымся. Беларусь прытрымліваецца міралюбнага знешнепалітычнага курсу, настроена на пашырэнне кола сяброў, даверны дыялог і ўлічвае інтарэсы партнёраў».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сустрэча праходзіць паміж двума знакавымі, але супрацьлеглымі па сваёй сутнасці датамі — міжнародным днём міру, які адзначаецца 21 верасня, і 86-й гадавінай пачатку Другой сусветнай вайны (1 верасня). «Другую падзею я не згадваў бы ў гэты ўрачысты момант, калі б не ўзмацняюцца аналогіі паміж цяперашнімі трывожнымі тэндэнцыямі і падзеямі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, якія прывялі да трагічных наступстваў для ўсёй планеты, у тым ліку Беларусі, — адзначыў беларускі лідар. — На жаль, зерні ідэй аб нейкай „выключнасці“, прэтэнзіі на „ісціну ў апошняй інстанцыі“ зноў пусцілі парасткі ў розумах шэрагу палітыкаў — заходніх і празаходніх. Паўтарэнне гісторыі ў выглядзе будаўніцтва пасярод Еўропы рэальнай „жалезнай заслоны“ было б фарсам, калі б не санкцыйная вайна і нястрымная мілітарызацыя краін Еўрапейскага Саюза. Яны адсунулі нават не на другі, а на пяты план сапраўды важныя і глабальныя праблемы харчовай, энергетычнай, кліматычнай і экалагічнай бяспекі, ліквідацыі прычын беднасці, няроўнасці, неэфектыўнага кіравання рэсурсамі».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аб гэтым, а таксама аб іншых сістэмных праблемах, у тым ліку аб павышэнні ролі і эфектыўнасці ААН, новых падыходах да глабальнага кіравання цяпер гавораць не ў Еўропе, а на іншых пляцоўках. Такіх як саміт ШАС ў Цяньцзіне, віртуальнай сустрэчы БРІКС, мерапрыемствах афрыканскіх міждзяржаўных аб’яднанняў. «У асобе Беларусі вы знойдзеце адказнага партнёра для працы і па гэтым, і па двухбаковым парадку дня», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да паслоў, Прэзідэнт акцэнтаваў, што супрацоўніцтва Мінска з кожнай з вашых краін па-свойму ўнікальнае.
Славакія. Падтрымліваем курс Браціславы
«Рады, што місія па развіцці адносін Славакіі і Беларусі зноў ускладзена на майго даўняга знаёмага і дасведчанага дзяржаўнага дзеяча — пасла Мігаша», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Інтарэсы Славакіі ў нашай краіне з гэтага часу прадстаўляе Йезеф Мігаш. «Высока цэнім незалежны курс, які праводзіць Браціслава. Праводзіць мужна і годна, нягледзячы на знешнія ціск і пагрозы. Гаварылі пра гэта з Прэм’ер-міністрам Робертам Фіцо ў Пекіне. Чакаем яго зноў у Беларусі: у сяброўскай атмасферы абмяркуем усе пытанні, пакажам памятныя мясціны, звязаныя з гераічнай гісторыяй часоў Другой сусветнай вайны. Упэўнены, мы можам многае зрабіць для нашых краін», — заявіў беларускі лідар.
В’етнам. Цвёрда нацэлены рэалізаваць усе дамоўленасці
Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам — адзін з нашых ключавых партнёраў у Азіяцкім рэгіёне, дзе набірае абароты матор сусветнага развіцця. «Сумеснымі намаганнямі мы вывелі традыцыйна дружалюбныя беларуска-в’етнамскія сувязі на ўзровень стратэгічнага ўзаемадзеяння. Цвёрда нацэлены рэалізаваць усе дамоўленасці, дасягнутыя з кіраўніцтвам В’етнама», — адзначыў Прэзідэнт. Звяртаючыся да пасла Нгуен Ван Чунга, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на практычныя вынікі агульнай плённай працы ў найбліжэйшай будучыні.
Ватыкан. Патэнцыял ў імя міру на планеце
«Адносіны Беларусі і Ватыкана заснаваныя на ўзаемнай павазе, дыялогу і традыцыйных каштоўнасцях, а таксама на блізкасці або супадзенні падыходаў да многіх міжнародных тэм. Высока цэнім паслядоўную і шчырую пазіцыю Ватыкана супраць санкцый. Бачу значны патэнцыял для аб’яднання нашых намаганняў у імя міру ў Еўропе і на планеце», — сказаў Прэзідэнт. Ён выказаў гатоўнасць абмяркоўваць любыя пытанні глабальнага і двухбаковага фармату з новым прадстаўніком Пантыфіка ў нашай Беларусі — Іньяцыа Чэфаліа.
Мальта. Новы імпульс супрацоўніцтву
«Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні ўзаемадзеяння з Мальтыйскім Ордэнам па рэалізацыі гуманітарных праектаў, у тым ліку звязаных з развіццём сістэм аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Цэнім аказаную раней падтрымку і шчыра спадзяёмся на тое, што прыбыццё ў Мінск пасла, які ўжо працаваў у гэтай якасці ў нашай краіне, надасць імпульс супрацоўніцтву», — падзяліўся беларускі лідар. Інтарэсы Мальты ў Беларусі цяпер прадстаўляе Дэвід Тракслер.
Эфіопія. Трэба развівацца па ўсіх напрамках
Эфіопію Аляксандр Лукашэнка назваў даўнім і надзейным партнёрам Беларусі ва Усходняй Афрыцы. «З павагай назіраем за незалежным знешнепалітычным курсам эфіопскіх сяброў, разумеем і падзяляем вашу прынцыповую пазіцыю па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня. Разлічваю на больш хуткую рэалізацыю дамоўленасцяў аб актывізацыі ўзаемадзеяння, дасягнутых з Прэм’ер-міністрам вашай краіны на пляцоўцы БРІКС у Казані, — звярнуўся Прэзідэнт да пасла Эфіопіі ў Беларусі Генета Тэшоме Жыру. — Гэта ўскладзена персанальна на міністраў замежных спраў. Трэба прымаць „дарожную карту“ і развівацца па ўсіх напрамках — ад тэхнічнага абсталявання сельскай гаспадаркі і да навучання эфіёпскіх студэнтаў у нашай краіне».
Малі. Патрэбны гандлёва-эканамічны падмурак
Беларускі лідар звярнуў увагу, што Рэспубліка Малі перажывае новы перыяд гісторыі. Краіна ўмацоўвае суверэнітэт, праводзіць сур’ёзныя пераўтварэнні, важныя для павышэння ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. «Беларусь адкрытая для супрацоўніцтва. Нашым адносінам патрэбны трывалы гандлёва-эканамічны падмурак. Тым больш вопыт ужо ёсць нашай працы з афрыканскімі краінамі. Вельмі эфектыўны вопыт», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Адказваць за гандлёва-эканамічны падмурак Беларусі і Малі будзе Сейду Камісока.
Нігер. Гатовыя падставіць плячо
«Зацікаўлены ў развіцці дружалюбных і ўзаемавыгадных сувязяў з Нігерам. Ваша краіна адыгрывае ключавую ролю ў Сахельскім рэгіёне Афрыкі, асабліва ў сферах бяспекі і барацьбы з тэрарызмам. Гатовыя падставіць плячо ў вырашэнні задач, якія стаяць перад вамі, у пытаннях абароны, харчовай бяспекі, індустрыялізацыі розных сектараў эканомікі, навучання кадраў і медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Гэтак жа вопыт ёсць», — звярнуўся Прэзідэнт да пасла Нігера ў Беларусі Абда Сідзіка Іса.
Судан. Мір і стабільнасць дапаможа раскрыць патэнцыял
Рэспубліка Судан — адзін з даўніх і правераных партнёраў Беларусі на афрыканскім кантыненце. «Наша прадукцыя, асабліва сельскагаспадарчая тэхніка, шырока вядомая ў вашай краіне. Я жадаю народу дружалюбнага Судана міру і стабільнасці. Гэта дапаможа раскрыць значны патэнцыял супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, адукацыі і ахове здароўя». — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка. Прадстаўляе інтарэсы Судана ў Беларусі Эмер Эламін Абдала Фадлала.
Умовы для працы будуць камфортныя
Звяртаючыся да кіраўнікоў дыпламатычных місій, Прэзідэнт падкрэсліў: «Разлічваю на тое, што вы будзеце прыкладаць максімум намаганняў для надання пазітыўнай дынамікі нашым двухбаковым адносінам. Чакаем вашых ініцыятыў, праектаў любой складанасці і маштабу».
«Будзьце ўпэўненыя, што ўмовы для працы будуць камфортнымі і спрыяльнымі. Не заседжвайцеся ў кабінетах, вывучайце краіну, наведвайце прадпрыемствы, ацаніце прыгажосць і веліч гістарычнай і культурнай спадчыны. Забароненых зон для вас няма. Багацце прыроды, мудрасць нашага народа і шырыню беларускай гасціннасці». — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Ён пажадаў паслам усялякіх поспехаў, здароўя. «Давайце будзем рухацца наперад!» — заклікаў ён.
Даслоўна
Пасол Славакіі ў Беларусі Йезеф Мігаш ужо ўручай даверчую грамату Прэзідэнту Беларусі ў 2016 годзе. І як ён заўважыў, тады сітуація ў Еўропе і свеце была прасцейшая, чым сёння. «Я хачу зрабіць усё, каб адносіны паміж Славакіяй і Еўрапейскім саюзе з Беларуссю былі значна лепшымі. І былі заснаванымі на прагматызме, на супрацоўніцтве, на кааперацыі і на сяброўстве. Таму што тая сітуацыя, якая сёння існуе, яна не радуе, ні беларускі, ні славацкі бок. І я думаю, што і Еўрасаюз не супакойвае. Трэба зрабіць усё, каб нармалізаваць адносіны, я з гэтай мэтай прыехаў. І я зраблю крокі на шляху да нармалізацыі адносін», — падзяліўся планамі дыпламат. Йезеф Мігаш заўважыў, што санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, наносяць шкоду і Еўрасаюзу, і Славакіі ў тым ліку. «Трэба падумаць, ці правільны гэты шлях. Можа, час ужо назаўсёды адмовіцца ад санкцый», — заўважыў пасол.
Пасол Эфіопіі прызнаўся, што вельмі шчаслівы працаваць у Беларусі і пачынаць сваю дыпламатычную місію сустрэчай з Прэзідэнтам Беларусі. «Нашы адносіны з Беларуссю вельмі важныя для нас, яны адкрываюць вялікія перспектывы. Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадарцы, падпісаны адпаведныя пагадненні. Трэба актывізаваць нашы кааперацыю паміж дзвюма краінамі», — адзначыў Генета Тэшоме Жыру.
Пасол В’етнама ў Беларусі Нгуен Ван Чунга назваў адносіны паміж дзвюма краінамі цудоўнымі. Па яго словах, гэта заслуга лідараў двух дзяржаў. І задача дыпламатаў — падтрымліваць і развіваць гэтыя адносіны, тым больш што патэнцыял для развіцця ёсць, магчымасці таксама. «Галоўнай мэтай маёй дыпламатычнай місіі ў Беларусі я лічу ўмацаванне адносін і дапамогу адзін аднаму ў гэты няпросты час. Нам цікавы беларускі досвед у сферы аховы здароўя, сельскай гаспадарцы і іншых напрамках. Разам мы можам стаць больш моцнымі і паспяховымі», — расказаў пасол.
Валерыя СЦЯЦКО