Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА правёў сустрэчу з прадстаўніком Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джонам Коўлам. «Я вас вітаю ў Беларусі. Дзякуй, што вы знаходзіце час пабываць у нас. Перыяд няпросты», — прывітаў гасцей беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць шэраг пытанняў, да якіх бакі падступаліся не аднойчы. «Па-першае, гэта ўвесь комплекс беларуска-амерыканскіх адносін. Я прапаную таксама шчыра абмеркаваць сітуацыю ў свеце ў кантэксце інтарэсаў ЗША і Беларусі. Нікуды не сыдзем ад пытанняў вайны і міру», — адзначыў ён. Найважнейшай тэмай кіраўнік дзяржавы назваў сферу эканомікі. «Думаю, ёсць інтарэс у вас да Беларусі і праз Беларусь — да Расіі ў галіне эканомікі. Натуральна, у нас вялікая цікавасць да вашай глабальнай краіны ў плане эканомікі», — заявіў ён.
«Галоўнае — каб вы вытрымалі трэнд, які задалі»
«Я думаў, што сказаць перш за ўсё. Але, як бы гэта ні прагучала банальна, я хачу падзякаваць вашаму Прэзідэнту (не таму што я тут падхваліць яго хачу, гэта мне не ўласціва) за тыя намаганні, якія ён робіць у кірунку міру, — перш за ўсё ў нашым рэгіёне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сем, шэсць спыніў войнаў або канфліктаў — не важна. Ён спыніў іх нямала. Кажу як гісторык і як Прэзідэнт, які ўжо доўга працуе: ні адзін Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі не рабіў столькі намаганняў, каб на планеце быў мір. Думаю, з эканомікай, з пошлінамі вы разберацеся самі. Тым не менш я ўдзячны, Джон, твайму сябру Дональду за тыя намаганні, якія ён робіць у сусветнай палітыцы сёння».
«Дзякуй! Вельмі высока цаню вашы словы», — адказаў на гэта Джон Коўл.
Як заўважыў беларускі лідар, важна, каб ЗША і далей дзейнічалі ў гэтым кірунку. «Галоўнае цяпер, як я гэта бачу (не толькі я, вы ведаеце, што нядаўна адбылася нарада ШАС, шмат пра гэта гаварылі, асабліва ў кулуарах), каб Дональд, нягледзячы на яго такі бурны, выбухны характар, не астыў да гэтай тэмы. Галоўнае, каб вы — амерыканцы — вытрымалі той трэнд, які вы сёння задалі ў частцы мірнага пагаднення. Асабліва тут, у рэгіёне, — у канфлікце Расіі і Украіны», — растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. — І галоўнае, жадаю вам пабольш аб’ектыўнасці. Слухаць трэба ўсіх, гэта Дональд умее, але высновы ён павінен рабіць сам«.
«Тут шмат усякай фальшы»
Прэзідэнт адзначыў, што, слухаючы нядаўна Дональда Трампа, заўважыў, што яго вельмі хвалююць пытанні, як ён сказаў, заложнікаў ці палітвязняў.
«Я не супраць. Давайце абмяркуем і гэту тэму так глабальна. Яшчэ гэта важна чаму? Бо ў Еўропе — і асабліва нашы збеглыя (як мы іх называем) — яны так хочуць прымазацца да гэтай тэмы. Ну, Крыс ( на сустрэчы таксама прысутнічаў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт. — „Зв.“), ты гэта добра ведаеш. Я добра інфармаваны — ты перагаворы вядзеш з імі і з намі. Напрамілы бог. Гэта ваша справа, з кім весці перагаворы. Але ў сувязі з тым, што шмат тут усякай фальшы, я думаю, што нам варта абмеркаваць гэту тэму, закрануць яе. Я вам выкажу сваю пазіцыю. Яна ўсім у Беларусі вядомая. Мы абсалютна не прыхільнікі таго, каб гэтыя людзі знаходзіліся ў папраўчых калоніях. Тым больш яны не за палітыку асуджаныя. У нас артыкулаў такіх няма ў Крымінальным кодэксе. Калі Дональду цікава (напэўна, не вельмі), мы яму можам па кожнаму чалавеку прадставіць сутнасць яго правапарушэнняў і злачынстваў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
— Але я гатовы абмеркаваць гэты момант. І калі Дональд настойвае на тым, што ён гатовы забраць да сябе гэтых усіх вызваленых, гасподзь з вамі, давайце паспрабуем выпрацаваць глабальную здзелку. Як любіць спадар Трамп (казаць. — „Зв.“), вялікую здзелку. Ён гэта так называе. Таму шчыра кажу, што мы тут нічога не хаваем». Прэзідэнт заўважыў, што гэта пытанне для яго абсалютна не галоўнае, але ён гатовы яго абмеркаваць. Па яго словах, напэўна, і для амерыканскага боку гэта не галоўнае пытанне, хапае ў свеце праблем.
Санкцыі з «Белавія» зняты
У сваю чаргу Джон Коўл нагадаў аб важнай тэлефоннай размове Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі з борта самалёта амерыканскага Прэзідэнта па дарозе на Аляску. «Вельмі прадуктыўная, вельмі добрая размова, пасля якой ён даручыў мне патэлефанаваць вам яшчэ раз, што я і зрабіў», — сказаў прадстаўнік Прэзідэнта ЗША.
«Хачу цалкам афіцыйна цяпер тут заявіць, што мы знялі санкцыі з „Белавія“. У мяне была сустрэча з Прэзідэнтам Трампам, у якой удзельнічалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта рашэнне было прынята амерыканскім лідарам, які сказаў: „Зрабіце гэта неадкладна“. У дачыненні да „Белавія“. Цяпер гэта рашэнне, якое ўжо зацверджана ўсімі адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі, што ўцягнутыя ў гэту работу: і Дзярждэпартаментам, і Міністэрствам гандлю, і Міністэрствам фінансаў, і астатнімі арганізацыямі. Гэта рашэнне прынята», — падкрэсліў Джон Коўл.
Прадстаўнік Прэзідэнта ЗША запэўніў, што амерыканскі бок зацікаўлены ў нармалізацыі адносін паміж краінамі. «Мы гатовыя зрабіць усё для таго, каб гэта нармалізацыя адбылася. Зняцце санкцый (у дачыненні да „Белавія“), пра якое мы на гэтай сустрэчы абвясцілі, — гэта толькі пачатак. І калі мы прыйдзем да правільных рашэнняў падчас нашага абмеркавання, нашай сустрэчы па астатніх асобах, якія ўтрымліваюцца (па зняволеных), я думаю, што мы зможам дасягнуць вельмі многага на шляху да нармалізацыі», — адзначыў ён.
Асаблівы знак сяброўства
Прадстаўнік Прэзідэнта ЗША на сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі прыехаў не з пустымі рукамі. Ён перадаў Аляксандру Лукашэнку ліст ад Дональда Трампа. «У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: «Паважаны спадар Лукашэнка, Мелані (жонка Дональда Трампа. — „Зв.“) далучаецца да мяне ў тым, каб перадаць нашы найлепшыя пажаданні з нагоды вашага дня нараджэння».
«Пры выпадку адзначым. Хоць у нас не прынята гэта ў Беларусі», — адрэагаваў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
У лісце ад амерыканскага лідара таксама згадваецца пра нядаўнюю перамогу беларускай тэнісісткі на турніры US Open: «Прызнаём цудоўную перамогу беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленкі на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Ёрку. Яна ўяўляе сабой самае лепшае з таго, чым з’яўляецца ваша краіна. І мы ведаем, што вы вельмі ганарыцеся яе дасягненнямі».
«Сочыць, малайчына!» — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
«Мы молімся за ваша здароўе і дабрабыт, а таксама за прагрэс, які працягваецца, па дасягненні нашых сумесных мэт ад імя народаў ЗША і Беларусі», — гаворыцца ў лісце. Джон Коўл асабліва адзначыў той факт, што Прэзідэнт ЗША ў канцы падпісаў ліст «Дональд». «Ён вельмі рэдка падпісваецца сваім першым імем. Гэта асаблівы знак сяброўства», — растлумачыў прадстаўнік амерыканскага лідара.
Таксама Джон Коўл перадаў Аляксандру Лукашэнку падарунак — запанкі. «Я ўжо выходзіў з авальнага кабінета. Ён мяне спыніў і папрасіў: «Пачакай, не забудзься вось гэта перадаць Прэзідэнту», — падзяліўся падрабязнасцямі Джон Коўл.
«Так, цікавыя запанкі. З выявай Белага дома, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, разглядаючы падарунак. — Ну, я паспрабую ў даўгу не застацца».
Даслоўна
Адносіны добрыя, але не выдатныя
Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Джон Коўл адказаў на пытанні беларускіх журналістаў. Сваю размову з беларускім лідарам ён назваў вельмі прадукцыйнай. «Як і мая нядаўняя сустрэча з Прэзідэнтам Трампам. Мы абмяркоўвалі будучую паездку, мой візіт у Беларусь. Мэта нашага ўзаемадзеяння — нармалізацыя двухбаковых адносін паміж Беларуссю і ЗША. Адна з галоўных мэт — зрабіць усё, каб эканамічныя, палітычныя адносіны паміж намі пашыраліся і мацнелі», — расказаў ён.
Джон Коўл прызнаўся, што ён вельмі задаволены сустрэчай з кіраўніком беларускай дзяржавы. «Сапраўды гэтак жа, я ўпэўнены, будзе задаволены вынікамі нашай сустрэчы і Прэзідэнт Трамп пасля таго, як я далажу яму аб выніках. Прэзідэнты Беларусі і ЗША — гэта лідары, якія робяць усё для таго, каб нармалізаваць нашы адносіны і канцэнтравацца пры гэтым не на адрозненнях, а на агульных момантах», — адзначыў прадстаўнік Прэзідэнта ЗША.
Адносіны паміж нашымі краінамі ён ахарактарызаваў як «добрыя, але не выдатныя». І трэба зрабіць яшчэ вельмі многае, каб іх палепшыць. Галоўнай мэтай свайго чарговага візіту ў Мінск Джон Коўл назваў аб’яву аб поўным зняцці санкцый з авіякампаніі «Белавія». «Мы абсалютна безумоўна рухаемся ў правільным кірунку. Так, яшчэ засталіся абмежавальныя меры. Гэта працэс перагавораў. Яны будуць працягвацца. Для вырашэння гэтых пытанняў спатрэбіцца нейкі час», — дадаў прадстаўнік Прэзідэнта ЗША.
Джон Коўл расказаў, што ЗША хоча вярнуць у Мінск сваё пасольства, у амерыканскага боку ёсць жаданне развіваць эканамічныя стасункі. «Калі нейкія разыходжанні і рознагалоссі паміж нашымі краінамі ёсць, то іх не трэба выцягваць на паверхню. Прэзідэнт Трамп гатовы зрабіць усё, каб нармалізаваць стасункі канчаткова. У мяне склаліся выдатныя адносіны з Прэзідэнтам Беларусі, мы нават дазваляем сабе жартаваць», — расказаў ён.
Матэрыялы падрыхтавала Валерыя СЦЯЦКО