Выбіраем месца
Вядома, што часнок любіць сонца, таму градка павінна добра асвятляцца ў летні перыяд. Акрамя таго, на месцы пасадкі не павінны запасіцца вялікія масы снегу, якія вясной вельмі доўга растаюць. Працяглы застой вады прыводзіць да загнівання цыбулін.
Калі дрэнаж на ўчастку працуе добра, а грунтавых вод блізка няма, то градку з часнаком можна разбіць паблізу размешчаных з паўночнага боку ягадных кустоў. Яны затрымаюць снег і вясной возьмуць на сябе частку вільгаці. Адзінае, чаго трэба пазбягаць у любым выпадку, — гэта забалочаныя ўчасткі або адкрытыя нізіны, дзе будзе стаяць вада пасля дажджоў.
Рыхтуем градкі
Зямлю перакопваем на адзін штык, старанна размяркоўваючы ўгнаенні. Калі ў вас гліністы ўчастак, дадаткова ўносім пясок, у пясчаную глебу дадаём больш кампосту або перагною (1-2 вядра на квадратны метр). Пасля падрыхтоўкі градкі яе можна паліць, каб хутчэй «села».
Выбіраем зубчыкі
Часнок пад пасадку восенню адбіраем вельмі старанна. Для гэтага падыдуць самыя вялікія галоўкі, але пажадана, каб зубчыкаў было нямнога. Яны дзякуючы вялікаму запасу пажыўных рэчываў дадуць у будучым годзе найлепшы ўраджай. Вядома, зубчыкі павінны быць без слядоў хвароб, механічных пашкоджанняў абалонкі і з натуральнай афарбоўкай. Далей разбіраем галоўку часнаку на долькі, адбіраючы найбольш прыдатныя.
Затым апрацоўваем іх фунгіцыдамі або замочваем на 20–30 хвілін у слабым растворы марганцоўкі. Падрыхтоўка да пасадкі на гэтым скончана.
Схема пасадкі
Для роўнай пасадкі трэба ўзяць шнур або мерную рэйку. З іх дапамогай робім паралельныя баразёнкі на градцы праз кожныя 25–30 см. У падрыхтаваныя радкі высаджваем зубчыкі на адлегласці парадку 10 см адзін ад аднаго. Глыбіня пасадкі залежыць ад велічыні самога зубчыка. Звычайна разлічваюць так, каб ён быў заглыблены на тры сваіх вышыні — гэта прыкладна 8–10 сантыметраў. Не забываем, што часнок — азімы, таму вельмі маленькая глыбіня можа прывесці да яго вымярзання. З іншага боку, занадта заглыбленыя зубцы будуць доўга ўзыходзіць або загніюць ад талай вады. Пасля таго як зубчыкі размешчаны ў лунках у адпаведнасці з гэтымі рэкамендацыямі, іх прысыпаюць глебай і паліваюць.
Догляд за азімым часнаком
Пасаджаны часнок не патрабуе асаблівага догляду. Калі восенню мала ападкаў, а глеба занадта сухая, можна 1-2 разы да халадоў яго паліць. У рэгіёнах з суровай зімой градкі трэба будзе ўкрыць на зіму. Для гэтага выкарыстоўваюць салому, сена, кару, торф.
Марына ВЯРЭНІЧ