Напярэдадні святкавання 883-годдзя, якое горад урачыста адзначыць 13 верасня, на стадыёне «Луч» прайшоў першы ў гісторыі Гомеля фестываль драўляных скульптур. 13 чалавек з розных куткоў Беларусі некалькі дзён запар працавалі над дубовымі бярвёнамі. Кожнаму дасталася аднолькавая нарыхтоўка: два метры вышынёй і каля шасцідзесяці сантыметраў у дыяметры. З гэтага грубага і цяжкага матэрыялу павінны былі з’явіцца казачныя персанажы. Асаблівасцю праекта стаў адкрыты фармат работы — працэс стварэння скульптур ішоў на вачах у публікі. Можна было падысці да майстра, разгледзець працэс, задаць пытанне. Аднак задумы кампазіцый трымаліся майстрамі ў сакрэце да самага канца, што дадавала цікавасці: гледачы назіралі за зменай формы і гадалі, якая выява з’явіцца ў выніку. Для многіх гамяльчан і гасцей горада гэта быў першы вопыт назірання за сапраўднай разьбой па дрэве, і цікавасць не спадала да самага канца фестывалю.
Творчыя спаборніцтвы завяршыліся ўрачыстай цырымоніяй ушанавання каля Гомельскага лядовага палаца. Гран-пры фестывалю драўляных скульптур атрымаў Сяргей Козел з Баранавічаў. Усіх уразіла яго «Рысенька». Першае месца заняў Леанід Сянько са Стаўбцоўскага раёна з работай «Мядзведзь». Другім стаў Валерый Мінкоў з Добрушскага раёна з кампазіцыяй «Пеўнік і жорнаўцы». Трэцім — Віктар Россалаў з Гомеля з вобразам пастушка.
На іншай пляцоўцы — побач з Валатоўскімі азёрамі — дзесяць майстроў з розных рэгіёнаў краіны за тыдзень ператварылі 200 тон пяску ў трохметровыя пясчаныя фігуры. Так з’явіліся героі казак і паданняў: Жар-птушка, Вучоны Кот, Дзед-Барадзед... Асобную ўвагу прыцягнула кампазіцыя «Лодачнік» з вобразам першага пасяленца на Сожы і постаццю рысі.
Дарэчы, пры спрыяльных умовах пясчаныя скульптуры, апрацаваныя спецыяльнай вадкасцю, прастаяць больш за месяц. Так што ацаніць маштаб работ і творчасць увасаблення задум скульптараў змогуць усе жадаючыя гамяльчане і госці горада. У вячэрні час кожная пляцоўка з кампазіцыяй падсвятляецца, і работы выглядаюць асабліва прыгожа...
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з адкрытых крыніц