Top.Mail.Ru

У Гродзенскай вобласці ацанілі эканамічны і турыстычны патэнцыял раёнаў

Абмеркаванне перспектыў адбылося ў рамках прэс-тура для журналістаў і блогераў, які арганізавалі ў Свіслацкім раёне. Галоўная мэта мерапрыемства — паказаць патэнцыял рэгіёна, яго магчымасці і што тут могуць прапанаваць моладзі.


Спіс аб’ектаў для наведвання быў шырокі і ахапіў розныя галіны: прамысловасць, сельскую гаспадарку, адукацыю, сацыяльную сферу. Першым пунктам стаў спартыўна-адукацыйны цэнтр. Тут працуе трэнажорная зала, займаюцца дзеці ў спартыўных секцыях, а таксама праходзяць групавыя заняткі па фітнесе. Як было адзначана, аб’ект карыстаецца папулярнасцю ў самых розных катэгорый насельніцтва і ніколі не пустуе. Далей удзельнікі прэс-тура наведалі рэканструкцыю былой школы № 3 у Свіслачы. Будынак перарабляюць у шматкватэрны дом пад арэнднае жыллё. Улетку тут пачаліся работы, а завяршыць іх плануюць у лютым 2026-га.

4.jpg

У праграме таксама было наведванне Свіслацкага цэха хлебапячэння, дзе вырабляюць знакамітую «Бацькаву булку». Так пляцёнку празвалі пасля таго, як у 2021-м цэх наведаў Прэзідэнт.

«Штодня выпякаем больш за 20 найменняў вырабаў з рознымі начынкамі — макам, павідлам, тварагом і карыцай. Прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, забяспечваем два раёны: Свіслацкі і Ваўкавыскі. Але пакупнікі ў нас бываюць літаральна адусюль, нават госці са сталіцы прыязджаюць спецыяльна за хлебам, асабліва за „Бацькавай булкай“. Пасля візіту Прэзідэнта жыццё пякарні змянілася: былі палепшаны ўмовы працы, мадэрнізавана абсталяванне, што дало магчымасць аўтаматызаваць многія працэсы. У кожны выраб укладваем душу, — расказала вядучы тэхнолаг цэха хлебапячэння Ваўкавыскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Святлана УРБАНОВІЧ. — Дзякуючы мадэрнізацыі ўдалося значна павялічыць аб’ёмы вытворчасці: напрыклад, цяпер выпякаюць ад 100 да 200 пляцёнак, у той час як раней іх было каля 50».

Наступны пункт — рэканструкцыя малочнатаварнай фермы «Рудаўка» на 777 дойных кароў. Ужо пабудаваны сіласныя траншэі, якія змесцяць 12 тысяч тон кармоў. Гэтымі днямі ўзводзяць карпусы для кароў і даільны блок. Таксама рэканструююць будынкі для сухастойных кароў (на 140 галоў) і прафілакторый з 200 індывідуальнымі хаткамі. Як адзначыў дырэктар ААТ «Акра-Агра» Яўген ДУДАК, гэты аб’ект вельмі важны для рэгіёна. Ён дазволіць цалкам перавесці ўвесь дойны статак на бяспрывязнае ўтрыманне. Цяпер каля 10 % кароў утрымліваюцца на прывязі. «Дзякуючы пераводу мы зможам павялічыць пагалоўе да 2100 галоў і стварыць больш камфортныя ўмовы для жывёл. На існуючай ферме з утрыманнем 155 кароў штодзённы аб’ём рэалізацыі малака складае каля 3 тон. На новым аб’екце плануецца вырабляць да 25 тон малака вышэйшага гатунку за дзень. Будзе створана таксама каля 15 новых працоўных месцаў. Усё вырабленае малако будзе выключна найвышэйшай якасці — экстра. Гэта дасць магчымасць павялічыць выручку на аднаго работніка і, адпаведна, павысіць іх заработную плату», — адзначыў Яўген Дудак.

Прадстаўнікі Свіслацкага райспажыўтаварыства расказалі аб развіцці гандлю. У раёне працуюць 125 аб’ектаў, уключаючы фірменныя магазіны і дыскаўнтары. За апошнія гады адкрыліся новыя гандлёвыя сеткі, асартымент тавараў пашырыўся, а тавараабарот у першым паўгоддзі вырас на 110,6 %. Дарэчы, гандлёвая інфраструктура развіваецца і ў сельскай мясцовасці, дзе магазіны, кіёскі і аўтакрамы — важны элемент сацыяльнай інфраструктуры — абслугоўваюць дзясяткі вёсак. Яны забяспечваюць даступнасць тавараў першай неабходнасці, асабліва для жыхароў аддаленых населеных пунктаў.

Сярод важных тэм, што абмяркоўваліся, — прыцягненне маладых спецыялістаў і развіццё турыстычнай інфраструктуры. Старшыня Свіслацкага райвыканкама Андрэй ГРЫЦКЕВІЧ адзначыў, што кіраўнік раёна імкнецца да таго, каб як мага больш маладых спецыялістаў прыязджала і заставалася працаваць у рэгіёне. «Аднак праблема заключаецца ў тым, што пасля двух-трох гадоў працы маладыя людзі часта з’язджаюць. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна ствараць умовы, якія будуць садзейнічаць замацаванню моладзі ў раёне. 

5.jpg

Даступнае жыллё, магчымасці для змястоўнага і цікавага вольнага часу, дастойны ўзровень заработнай платы. Адной з ключавых задач для раёна з’яўляецца развіццё турызму. Белавежская пушча — важны турыстычны аб’ект, але на сёння існуе праблема недастатковай інфраструктуры, якая абмяжоўвае паток наведвальнікаў», — заўважыў старшыня райвыканкама. Па яго меркаванні, для прыцягнення турыстаў неабходна ствараць умовы для іх камфортнага знаходжання ў раёне, што ўключае ў сябе развіццё грамадскага харчавання, гасцінічнага бізнесу і іншых паслуг. Важна таксама ўлічваць, што раён з’яўляецца транзітным, праз яго праходзіць траса, якая злучае Гродна і Брэст. Гэта стварае дадатковыя магчымасці для развіцця турызму. Таму невыпадкова апошнім пунктам прэс-тура стаў «Белавежскі кут» у аграгарадку Новы Двор.

Камфортнае размяшчэнне, сфера паслуг, яркія падзеі — так акрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ фактары развіцця турызму ў рэгіёне. Турыстычны патэнцыял Гродзеншчыны — адзін з найлепшых у краіне, адзначыў старшыня аблвыканкама. Сведчанне таму — поўная загружанасць гасцініц у абласным цэнтры ў турыстычны сезон, цэны на арэнду кватэр, якія дыктуюцца высокім попытам. «Так, цэны сапраўды арыентуюцца на попыт. Але, з іншага боку, гэтыя грошы, якія плацяць турысты, трацяцца на тавары ў нашых крамах, на паслугі, на забавы і застаюцца тут. Да нас прыязджаюць мінчане, масквічы, пецярбуржцы, жыхары іншых рэгіёнаў і краін. Працуем над тым, каб увесці ў строй яшчэ дзве гасцініцы. Гэта дадасць нам каля 700 месцаў, што азначае заробак для людзей, наяўнасць наведвальнікаў у кафэ і рэстаранах, пакупкі ў крамах і выкарыстанне паслуг».

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю