Top.Mail.Ru

Дзе працавала моладзь гэтым летам?

З пачатку года працавалі падчас летніх канікул ці ў вольны ад вучобы час каля 50 тысяч маладых людзей. Яны ўладкоўваліся на прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, у сферу абслугоўвання, а таксама па медыцынскіх, педагагічных і будаўнічых профілях. Вялікая частка з іх працавала ў студатрадах, у тым ліку і за межамі нашай краіны.



Часовая занятасць моладзі арганізуецца на працягу ўсяго года. Але больш магчымасцяў папрацаваць менавіта ў летні перыяд. Адметна, што з кожным годам колькасць моладзі, якая працуе ў вольны ад вучобы час, павялічваецца. Спецыялісты нават кажуць пра новы трэнд на занятасць, які актуальны ў сённяшняга маладога пакалення.

— За 8 месяцаў гэтага года было працаўладкавана 49,6 тысячы маладых людзей. Гэта на 5 тысяч чалавек больш у параўнанні з аналагічным перыядам летась. У мінулым годзе працаўладкавалася 55,6 тысячы хлопцаў і дзяўчат. Спадзяёмся, што сёлета лічба будзе значна большай, — паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей КАЦКО.

Гэтым летам толькі па лініі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны працаўладкавалі 37 тысяч маладых грамадзян. Служба занятасці Міністэрства аказвае падтрымку як за сродкі фонду сацыяльнай абароны (такім чынам працаўладкавана 33 тысячы навучэнцаў), так і за кошт наймальнікаў.

Па даных на 1 верасня, у складзе студэнцкіх атрадаў адпрацавалі 50 032 чалавекі. Большасць хлопцаў і дзяўчат абралі для сябе карысны занятак менавіта падчас летніх канікул — гэта больш за 46 тысяч байцоў студэнцкіх атрадаў.

Дарэчы, у беларускіх студэнцкіх атрадаў сем профіляў: сельскагаспадарчы, вытворчы, экалагічны, сэрвісны, педагагічны, медыцынскі, будаўнічы. Самым масавым з’яўляецца сэрвісны, дзе маладыя людзі працуюць у сферы паслуг. Абароты набірае і сельскагаспадарчы профіль. Моладзь ужо з вясны дапамагала сельгаспрадпрыемствам — займалася праполкай, уборкай ураджаю.

— Каля паловы байцоў студатрадаў — гэта непаўналетнія. У іх ёсць магчымасць папрацаваць не толькі па месцах іх пражывання, вучобы, але і на рэспубліканскіх працоўных праектах. Сёлета іх было рэалізавана сем. Прадоўжылі сваё існаванне праекты на нашых флагманскіх прадпрыемствах — маладзёжны вытворчы праект «Атлант», міжпрофільныя праекты «Аўтазаводзец» на МАЗе і «Трактарабудаўнік» на МТЗ. Новым стаў вытворчы працоўны праект «Энергетыкі» на Мінскім электратэхнічным заводзе імя В. І. Казлова. Працавалі таксама педагагічны праект «Важаты» на базе НДААЦ «Зубраня» і ўжо традыцыйны медыцынскі — «Медыкус» ва ўстановах аховы здароўя Наваполацка, дзе моладзь працуе малодшым і сярэднім медперсаналам. Адметнасцю апошняга праекта сёлета стала запрашэнне на работу маладых людзей з Кыргызстана, гэта іх першы працоўны вопыт у нашай краіне, — расказала камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Анастасія ЯЛЕНСКАЯ.

Працавалі студатрады і на Усебеларускіх маладзёжных будоўлях — на ўзвядзенні Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, а таксама Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў сталіцы. Каля 300 юнакоў і дзяўчат выехалі ў Расію для работы на будаўніцтве чыгункі ў Якуціі, важатымі ў «Арлёнку», медыкамі ў Іркуцку і Пензе, выхавацелямі ў Татарстане.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю