Аб’яднаць усе работы па алічбоўцы выданняў, якія вядуцца рознымі бібліятэкамі, — на гэта будзе накіравана нацыянальная платформа электроннай бібліятэкі. Яна павінна стаць працоўным інструментам для бібліятэкараў і аўтаматызаваць бібліятэчныя працэсы. Дзякуючы таму што ўсе электронныя рэсурсы будуць аб’яднаныя ў адным месцы, сама платформа стане крыніцай інфармацыі для ўсіх жыхароў нашай краіны.
Такім чынам карыстальнік сам будзе выбіраць спосаб працы з інфармацыяй: друкаваны дакумент з любой бібліятэкі можна будзе замовіць у тую, дзе яму зручна яго атрымаць, праца з лічбавымі аб’ектамі яшчэ больш спрашчаецца: трэба зарэгістравацца і атрымаць доступ да дакумента. Платформу плануюць пашыраць не толькі для бібліятэк Міністэрства культуры, але і ўсіх галін. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар ПШЫБЫТКА на сустрэчы з журналістамі напярэдадні Дня бібліятэк, які адзначаецца ў Беларусі 15 верасня.
Сёння бібліятэкі — гэта інфармацыйныя, культурныя і адукацыйныя цэнтры, у адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытамі чытачоў актыўна ўкараняюць найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, — адзначыла Вольга МАКАРАВА, галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі. — У нашай краіне налічваецца звыш 5, 5 тысячы бібліятэк — публічных і спецыяльных. Бібліятэчная сетка Міністэрства культуры — а гэта публічныя бібліятэкі — складаецца з 2150 устаноў, з іх 1671 — у сельскай мясцовасці. Каб ахапіць там максімальную колькасць насельніцтва бібліятэчным абслугоўваннем, функцыянуюць 104 бібліобусы. Акрамя таго, дзейнічаюць 352 бібліятэчныя пункты, 149 з іх адкрываюцца ў пэўныя гадзіны.
Згодна са статыстыкай, паслугамі бібліятэк па краіне карыстаюцца больш за 2 мільёны чалавек. Агульная колькасць наведванняў па выніках года склала больш як 32 мільёны. З іх віртуальных наведванняў — 11 мільёнаў. 98,5 % публічных бібліятэк у краіне маюць камп’ютары, да сеткі інтэрнэта падключана 2000 (93 %). Працуе 148 інтэрнэт-сайтаў публічных бібліятэк Міністэрства культуры.
Зразумела, чаму ўзнікла неабходнасць праз новыя тэхналогіі скаардынаваць іх работу. Акрамя бібліятэчнага абслугоўвання, гэтыя ўстановы нясуць шырокую сацыякультурную нагрузку. Нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбываюцца кніжныя выстаўкі, сустрэчы з пісьменнікамі (адмысловы праект з Саюзам пісьменнікаў Беларусі), прэзентацыі электронных рэсурсаў, паказы фільмаў па творах літаратуры. Сёння можна прыйсці ў «нацыяналку» на лекцыю псіхолага, паразмаўляць з адвакатам, наведаць мастацкую выстаўку, паслухаць канцэрт класічнай музыкі і нават навучыцца гуляць у кітайскія шахматы...
Ларыса ЦІМОШЫК