На гэта звярнула ўвагу Наталля КАЧАНАВА падчас наведвання ААТ «Гама смаку», дзе азнаёмілася з участкамі па вытворчасці агульных кансерваў і паўфабрыкатаў, а таксама дзіцячага харчавання. Акрамя таго, спікер сустрэлася з працоўным калектывам прадпрыемства, у гутарцы з якім было абмеркавана шырокае кола тэм.
ААТ «Гама смаку» ўяўляе сабой цэлы вытворчы комплекс перапрацоўкі агародніннай, фруктовай і ягаднай сыравіны. Прадпрыемства ганарыцца высокай якасцю сваёй прадукцыі і разнастайнасцю асартыменту.
«Акцэнт — на якасць. Менавіта гэты паказчык дае магчымасць нашай прадукцыі канкурыраваць на сусветным рынку», — адзначыла Наталля Качанава на сустрэчы з працоўнымі.
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала аб значных мерапрыемствах — летась прайшоў XІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, сёлета адбыўся трэці беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум.
«І, вядома, калі мы праводзім такія форумы, мы перш за ўсё гаворым аб пытаннях, якія датычацца эканомікі, — патлумачыла спікер. — Гэта работа нашых прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, рэалізацыя прадукцыі, якую выпускаюць нашы прадпрыемствы. Таму што мы разумеем, эканоміка — на чале. Ёсць эканоміка — ёсць фінансы, можна вырашаць усе астатнія задачы. Таму эфектыўнай рабоце прадпрыемства ўдзяляецца ключавая ўвага».
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала патрабаванне Прэзідэнта, якое датычыцца якасці прадукцыі. «Толькі так мы можам выжыць у гэтай канкурэнцыі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Беларусь забяспечвае харчовую бяспеку і можа накарміць яшчэ тры такія краіны, як Беларусь. Мы зарэкамендавалі сябе, і нам неабходна захаваць гэту якасць для таго, каб быць канкурэнтаздольнымі».
Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што кіраўнік дзяржавы акцэнтуе ўвагу на эфектыўнай рабоце гандлю і неабходнасці прысутнасці беларускіх тавараў на паліцах магазінаў. «І таму мы ўзялі сабе за правіла: куды б мы, члены Савета Рэспублікі, ні ехалі, дзе б ні бывалі, заўсёды заязджаем у магазіны, глядзім, што прадаецца, які асартыментны пералік, што ёсць з нашых тавараў. І ці ёсць яны ўвогуле», — канстатавала яна.
У размове з журналістамі спікер падкрэсліла, што дзяржава абавязана абараніць айчынных вытворцаў. Такую задачу ставіць Прэзідэнт. «І гэта правільны падыход. Пацвярджэнне таму — сённяшняя сустрэча. Мы павінны сустракацца з людзьмі, павінны чуць пытанні, пра якія гавораць людзі, павінны аператыўна прымаць рашэнні, якія дапамогуць разабрацца з праблемнымі пытаннямі. Задача не новая, над яе вырашэннем павінны працаваць і дэпутаты ўсіх узроўняў, і мясцовыя органы ўлады», — лічыць Наталля Качанава.
У завяршэнні працоўнай паездкі ў Клецкі раён Старшыня Савета Рэспублікі ўзяла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання камбайнера, які намалаціў практычна 8,5 тысячы тон збожжа. Наталля Качанава асабіста павіншавала Паўла Шуцілу, які працуе ў гаспадарцы ААТ «Кухчыцы». Аб працоўным подзвігу хлебароба-героя гаворыць уся краіна. Далучаемся да віншаванняў!
Паводле прэс-службы
Савета Рэспублікі.