Top.Mail.Ru

Расце колькасць актыўных прадпрыемстваў

Белстат — аб бізнес-дэмаграфіі ў Беларусі.


Аб’ектам даследавання гэтай галіны статыстыкі з’яўляюцца дэмаграфічныя працэсы, якія адбываюцца з юрыдычнымі асобамі, пры ўмове, што апошнія з’яўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі. Бізнес-дэмаграфія вывучае «жыццёвы цыкл» прадпрыемстваў: як яны ствараюцца («нараджаюцца»), функцыянуюць і развіваюцца («жывуць»), а таксама спыняюць сваю дзейнасць («паміраюць»). Гэты тэрмін апісвае і дэмаграфічныя трэнды ў сферы бізнесу. Сярод іх — актыўнасць кампаній, іх выжывальнасць і прычыны зыходу з рынку. Усё гэта неабходна для таго, каб зразумець тэндэнцыі развіцця эканомікі.

Наперадзе — гандаль

Па інфармацыі Белстата, колькасць актыўных прадпрыемстваў летась вырасла на 4,6 % у параўнанні з 2023 годам і дасягнула максімуму за апошнія гады — 111 901. Лідзіруюць прадпрыемствы сталіцы (іх 46 672). Далей за імі ў рэйтынгу — Мінская і Брэсцкая вобласці, дзе актыўнымі з’яўляюцца 19 187 і 11 128 адпаведна. Найменш актыўнічаюць прадпрыемствы Магілёўшчыны.

Што датычыцца «ўзросту» актыўных прадпрыемстваў, то больш дзесяці гадоў функцыянуюць 44,7 % прадпрыемстваў, ад шасці да дзесяці гадоў — 17,4 %, ад трох да пяці гадоў — 12,2 %. Удзельная вага тых, што створаны два гады таму і менш, — 25, 7 %.

Прадпрыемствы, аднесеныя да актыўных, прадстаўляюць розныя віды эканамічнай дзейнасці. «Найбольшая доля фіксуецца ў гандлі — 34 %, — канкрэтызуе начальнік упраўлення статыстычнага рэгістра Нацыянальнага статыстычнага камітэта Святлана НІЧЫПАРУК. — Затым ідзе прамысловасць (13,9 %), транспартная, паштовая і кур’ерская дзейнасць (9,2 %), будаўніцтва (7,1 %). Найменш актыўна працуюць арганізацыі, якія аказваюць паслугі па часовым пражыванні і харчаванні (4,1 %), прадпрыемствы па прадастаўленні інфармацыі і сувязі (3,6 %)».

Лідар у «нараджальнасці» — сфера адукацыі

Летась было створана 13 606 прадпрыемстваў, што на 28,6 % больш, чым у 2023 годзе. Найбольшую ўдзельную вагу сярод «народжаных» прадпрыемстваў склалі арганізацыі гандлю — 41 %. Самы высокі ўзровень «нараджальнасці» паказалі арганізацыі, якія адносяцца да сферы адукацыі, — 21,1 %. У топ-5 таксама ўваходзяць творчасць, спорт, забавы і адпачынак (20,1 %), паслугі па часовым пражыванні і харчаванні (15,6 %), транспартная дзейнасць, складаванне, паштовая і кур’ерская дзейнасць (15,1 %).

«Беларускія арганізацыі дэманструюць добрую „выжывальнасць“, — адзначае Святлана Нічыпарук. — Узровень „выжывальнасці“ прадпрыемстваў на працягу двух гадоў пасля „нараджэння“ ў 2024 годзе склаў 75 %, што на 4,3 % больш, чым годам раней. Найбольш трывалымі з’яўляюцца прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі аховы здароўя і тыя, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, сельская, лясная і рыбная гаспадаркі, арганізацыі па ажыццяўленні прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці».

Што датычыцца прадпрыемстваў, якія летась спынілі сваю дзейнасць, то іх амаль 7 тысяч.

«Газелі» або «мышы»?

Прадпрыемства, што ўзнікла чатыры або пяць гадоў таму і за апошнія тры гады паказвала сярэднегадавы прырост колькасці наёмных работнікаў і абароту больш за 20 % у год, пры гэтым колькасць супрацоўнікаў у пачатку росту была не меншай за 10 чалавек, спецыялісты называюць прадпрыемствам-«газеллю».

Прадпрыемства, якое за апошнія тры гады паказвала сярэднегадавы прырост колькасці наёмных работнікаў і абароту больш за 20 % у год, пры гэтым колькасць супрацоўнікаў у пачатку росту знаходзілася ў межах ад 5 да 10 чалавек, называецца прадпрыемствам-«мышшу».

Па даных Белстата, летась 831 прадпрыемства паказала высокі тэмп росту. Іх колькасць у параўнанні з 2023 годам павялічылася на 16,4 %. Найбольшую ўдзельную вагу сярод іх займалі прамысловыя арганізацыі — 27,3 %. Пры гэтым колькасць прадпрыемстваў-«газеляў» склала 163, прадпрыемстваў-«мышэй» — 947. Такім чынам, апошнія набіраюць абароты ў беларускім бізнесе.

Вераніка КАНЮТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю