Top.Mail.Ru

Заняпад дыпламатычнай Еўропы?!

11.09.2025 | 19:44

Еўрапейскі саюз імкліва губляе вагу ў геапалітыцы.


Неяк рэзка здала бабулька Еўропа. Зніжэнне яе ўплыву на сусветныя падзеі праглядалася ўжо даўно. Але цяпер спад абазначыўся занадта рэльефна. Перагаворы па лініі Усход — Захад праходзяць не ў Жэневе, Бруселі ці нават Стамбуле — Малой Азіі, але блізкай да ЕС, а на іншым канцы свету, у Анкарыджы. Калі не геаграфічна, то ўмоўна на мяжы ЗША і Расіі.

На пасяджэнні ШАС дэкларуецца праблема сусветнай перабудовы, перазагрузкі міжнароднай палітыкі на новай платформе. І зноў справа абыходзіцца без еўрапейскіх лідараў. Яны фактычна апынуліся на перыферыі вялікай дыпламатыі. У лепшым выпадку іх з ветлівасці інфармуюць аб тых ці іншых падзеях. Пакуль інфармуюць. Мабыць, Глабальная палітычная і эканамічная дамінанта канчаткова перамяшчаецца са Старога Свету ва ўсходні бок (або глыбока заходні), у Ціхаакіянскі рэгіён і яго наваколлі.

Уласна кажучы, еўрапейскі кантынент не заўсёды быў цэнтрам сусвету. Несумненна, элінізм з’яўляецца калыскай заходняй цывілізацыі. Але ў часы сівой даўніны больш значным дзяржаўным утварэннем з’яўляўся Старажытны Егіпет. А яшчэ была шумерская цывілізацыя, персідская... Магчыма, іх традыцыі ў меншай ступені дайшлі да нашых дзён. Але гэта далёка не значыць, што на планеце культура існавала толькі на еўрапейскім кантыненце. Дарэчы, яна перажывала неаднаразовыя заняпады. І адраджалася ў немалой ступені дзякуючы ўсходняму ўплыву.

Між іншым, сачыненні старажытных элінскіх і нават рымскіх філосафаў і навукоўцаў у заходнееўрапейскую цывілізацыю прыйшлі ў большасці сваёй праз арабскія краіны. Сярэднявечнае хрысціянства не адрознівалася талерантнасцю. Любыя сляды паганскага мінулага — ад скульптур да манускрыптаў — стараліся вынішчыць амаль на корані. І за некалькі стагоддзяў у гэтым атрымалі поспех. Мусульманства ў тыя часы адрознівалася большай верацярпімасцю. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны спатрэбілася менш за сто гадоў пасля з’яўлення прарока Мухамеда, каб ісламскі халіфат распаўсюдзіўся на велізарнай тэрыторыі ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. І арабскія эміры ў той жа Іспаніі вельмі паважалі асвету ва ўсіх яе формах. І былі ўспрымальныя да ведаў з любых крыніц. Еўрапейскія рыцары, магчыма, былі больш ваяўнічыя. Але ўсходні свет уяўляў паўтары тысячы гадоў таму калыску асветы, ды і тэхналогій таксама.

Па гістарычных мерках адносна нядаўна, у часы праўлення Людовіка XІV, Францыя купалася ў раскошы, але сама не магла выпускаць многіх вырабаў: ні шоўку, ні фарфору, ні люстэркаў, ні шмат чаго іншага. Гэтыя тавары завозіліся з Малой Азіі, Персіі, Кітая. І на гэта траціліся велізарныя сумы. 

Міністр Караля-Сонца Жан-Батыст Кольбер пачаў арганізоўваць высокатэхналагічныя (па мерках тых часоў) мануфактуры. Спецыялістаў і рабочых пераваблівалі, перакуплялі, а іншы раз і проста захоплівалі. Шырока выкарыстоўваўся прамысловы шпіянаж. Словам, па гістарычных мерках сучасная індустрыя раскошы ў Францыі адносна маладая. Хоць, трэба прызнаць, еўрапейскія дызайнерскія дамы цяпер дамінуюць на гэтым рынку. Як ні парадаксальна, але ключавымі рынкамі збыту для іх сёння з’яўляюцца краіны Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі. У гэты бок зрушылася эканамічная дамінанта.

А цяпер на ўсход перамяшчаецца і геапалітычны цэнтр. Ключавыя падзеі адбываюцца на берагах Ціхага акіяна. Усе сочаць за гандлёвымі і палітычнымі перагаворамі Пекіна, Нью-Дэлі і Вашынгтона. У большай ступені ад іх вынікаў будзе залежаць новая эканамічная і ў нейкай ступені палітычная карта свету. У Анкарыджы вядуцца перагаворы аб канфігурацыі сусветнай бяспекі наогул і пераадоленні ўкраінскага крызісу ў прыватнасці. Пытанні перазагрузкі сусветных адносін, выбудоўвання новай сістэмы глабальнага кіравання абмяркоўваюцца ў рамках пасяджэння Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ва ўсіх гэтых сапраўды гістарычных працэсах еўрапейская дыпламатыя не прымае ніякага ўдзелу, назірае з боку. У лепшым выпадку можа патэлефанаваць Дональд Трамп або яго памочнікі ў Брусель і паставіць еўрапейскіх палітыкаў у вядомасць пра нейкія свае дзеянні або данесці амерыканскую пазіцыю.

Уласна кажучы, Белы дом ужо і не ўспрымае ЕС як раўназначнага і нават як малодшага партнёра. Больш за тое, амерыканскі прэзідэнт выбудоўвае сепаратныя адносіны з дзяржавамі — членамі ЕС. Вядомыя яго блізкія адносіны з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. Нядаўна Дональд Трамп здзейсніў візіт у Польшчу. Гэта дэманстратыўны жэст: двухбаковыя адносіны па-за рамкамі ЕС ЗША выбудоўвала з Варшавай яшчэ ў часы прэзідэнцтва Джо Байдэна. Цяпер гэтыя сувязі набываюць больш глыбокі характар. Уласна кажучы, палітыку ўзаемадзеяння ў рамках двухбаковых адносін з еўрапейскімі краінамі канстатаваў яшчэ Генры Кісінджэр, які пісаў, што Вашынгтону неабходна сябраваць з Бруселем у выпадку моцнага 

Еўрасаюза і паасобку з еўрапейскімі ўрадамі ў выпадку слабасці ЕС. Здаецца, спрацаваў другі фактар. І сёння геапалітыка куецца практычна без удзелу Еўропы.

Аляксей КЛІМАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю