Top.Mail.Ru

Як ДАСТы рухаюць наперад эканоміку краіны?

11.09.2025 | 19:50

Дзяржаўная стандартызацыя дапамагае беларускім таварам без бар’ераў выходзіць на замежныя рынкі, абараняе спажыўцоў ад няякаснай прадукцыі і прасоўвае ў масы перадавыя тэхналогіі. Як гэта адбываецца — чытайце ніжэй.


ДАСТ — гарант якасці тавараў

15 верасня 1925 года Саветам Народных Камісараў СССР было прынята рашэнне стварыць Камітэт па стандартызацыі пры Савеце Працы і Абароны. З гэтага моманту дзяржаўная стандартызацыя атрымала агульны цэнтр кіравання, і, рэагуючы на запыты эканомікі і грамадства, за стагоддзе свайго існавання прайшла складаны шлях развіцця. Многія прынцыпы, закладзеныя яшчэ ў тыя гады, прымяняюцца да гэтага часу, прычым як у Беларусі, так і ў краінах СНД, ЕАЭС, а таксама ў Саюзнай дзяржаве. Пасля распаду Савецкага Саюза назапашанаму досведу не далі знікнуць: у 1992 годзе ў Мінску быў падпісаны дакумент аб узгодненай палітыцы ў сферы стандартызацыі, крыху пазней — створаны Міждзяржаўны савет па ёй.

photo_2025-09-11_19-52-52 (2).jpg

Адна з галоўных мэт дзяржаўнай стандартызацыі — абарона рынку ад небяспечных і няякасных тавараў. «Высокая якасць айчыннай прадукцыі з’яўляецца візітнай карткай, брэндам нашай краіны, — адзначае старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА. — Мы як спадчыннікі савецкай дзяржаўнай стандартызацыі паступова працягваем яе найлепшыя традыцыі, прыўносячы адпаведныя новаму часу інавацыі». Кожны год у нашай краіне зацвярджаецца каля 800 новых ДАСТаў: ад машынабудавання і будаўніцтва да энергазберажэння, «зялёных» тэхналогій і лічбавізацыі. Паводле слоў начальніка ўпраўлення тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі Дзяржстандарта Аксаны ГРЫШКЕВІЧ, толькі ў першым паўгоддзі 2025 года было прынята 339 новых стандартаў у сферы транспарту, будаўніцтва, машынабудавання і электратэхнікі. Узровень іх гарманізацыі з міжнароднымі нормамі склаў 64 %.

photo_2025-09-11_19-52-52.jpg

  • Да канца года плануецца распрацоўка стандартаў яшчэ па пяці ключавых і высокатэхналагічных аб’ектах: лічбавых тэхналогіях, штучным інтэлекце, інавацыйных тэхналогіях у прамысловасці, аграпрамысловым комплексе, біялагічных і хімічных тэхналогіях, а таксама навуковым і навукова- тэхнічным забеспячэнні бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы. Напрыклад, сёлета Беларускі дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці распрацоўвае і абнаўляе восем стандартаў у кандытарскай, маслатлушчавай і кансервавай галінах. У планах — яшчэ шэсць стандартаў на сокі, нектары, соказмяшчальныя напоі і морсы, уключаючы прадукты для харчавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Паралельна рыхтуюцца тры міждзяржаўныя стандарты на какава-бабы і метады іх кантролю. Гэтыя і іншыя меры садзейнічаюць павышэнню якасці беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку і ў краінах ЕАЭС, дзе кандытарскія тавары айчыннай вытворчасці і цяпер прадстаўлены на высокім узроўні.
На карысць экспарту

Сёння ў распараджэнні прадпрыемстваў краін Садружнасці знаходзіцца больш за 27 тысяч ДАСТаў на розныя тавары і паслугі. Узровень іх гарманізацыі з еўрапейскімі і міжнароднымі стандартамі складае больш за 50 %. База дзейных у Беларусі дзяржаўных стандартаў налічвае звыш 32 тысяч дакументаў. Больш за 80 % з іх — міждзяржаўныя, — спрыяюць безбар’ернаму гандлю на постсавецкай прасторы. Рэспубліка Беларусь займае другое месца сярод краін СНД па іх распрацоўцы — з 1992 года было ўведзена больш за паўтары тысячы, прычым большасць заснавана на міжнародных нормах. Гэта забяспечвае канкурэнтаздольнасць машынабудавання, радыёэлектронікі, сельскай гаспадаркі, харчовай, хімічнай і лёгкай прамысловасці — найбольш развітых і запатрабаваных сфер дзяржавы.

«Цяпер час патрабуе сур’ёзнай канцэнтрацыі і садзейнічання выхаду беларускай прадукцыі на новыя рынкі хуткімі тэмпамі», — падкрэслівае дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Аляксандр СКУРАТАЎ. 
photo_2025-09-11_19-52-55.jpg

У сувязі з гэтым новы імпульс атрымала супрацоўніцтва з Расстандартам: спецыялісты Расіі і Беларусі імкнуцца прыйсці да таго, каб іх ДАСТы былі максімальна гарманізаваны. Вынік ужо бачны: абмяркоўваецца стварэнне сумеснага камітэта па стандартызацыі і якасці на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. Паказальна, што гаворка не толькі аб класічных кірунках прамысловасці. 
  • У прыярытэце — самыя перадавыя сферы: аднаўляемая энергетыка, адытыўныя тэхналогіі, электроніка, лічбавыя рашэнні, штучны інтэлект, беспілотная тэхніка. Яны — і не толькі — уключаны ў Стратэгію навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года. Акрамя таго, аб стварэнні спецыяльнага органа, які зоймецца гарманізацыяй стандартаў, дамовіліся на першым пасяджэнні кіраўнікоў нацыянальных органаў па стандартызацыі краін — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якое адбылося сёлета.
Аміна НАЗАРАВА. Фота з адкрытых крыніц.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю