Top.Mail.Ru

Рыбакоў: «Мы павінны працаваць на мір. Гэта галоўнае»

11.09.2025 | 20:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова. Вядучай тэмай стала сустрэча беларускага лідара з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.



Сваю размову з амерыканскай дэлегацыяй ЗША Аляксандр Лукашэнка назваў змястоўнай. «Мы абмеркавалі дзясятак пытанняў, якія датычацца нашых адносін з ЗША. Я спецыяльна запрасіў вас, каб мы яшчэ раз з гэтага комплексу пытанняў адназначна вызначылі тыя кірункі, па якіх нам трэба будзе працаваць», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Валянцін Рыбакоў знаходзіцца на вастрыі перагаворнага працэсу з ЗША. «Вы валодаеце абстаноўкай, але я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць асноўныя кірункі, па якіх мы павінны рухацца. Найперш, я прашу перадаць Дональду і першай лэдзі падзяку за тыя віншаванні, якія яны накіравалі ў мой адрас. Мы разумеем, мы ўмеем чытаць паміж радкоў. Мы вельмі цэнім гэта пасланне Дональда Трампа, — сказаў беларускі лідар. — Галоўная наша задача — стаць побач з Трампам і дапамагаць у яго місіі па ўстанаўленні міру».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што невялікая розніца — шэсць ці сем войнаў і канфліктаў спыніў Дональд Трамп. «Ён сапраўды як ніводзін іншы прэзідэнт укладаецца ў тое, каб гэтых войнаў не было. І найважнейшая яго задача — вайна ва Украіне. Для нас гэта найважнейшы кірунак, таму мы павінны ўсяляк падтрымліваць яго памкненні. І я папрашу вас не тое што не адыходзіць ад гэтага пытання, а рабіць усё для таго, каб яно не сышло на нішто», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах беларускага лідара, цяпер Дональд Трамп як пасрэднік знаходзіцца між двух бакоў. І вырашаць пытанні за кожны з бакоў ён не будзе. «Таму трэба дзейнічаць разам. Тое, што амерыканцы казалі, расіяне (я абсалютна ў гэтым перакананы) гатовы прымаць. Мы ўжо не адзін раз гэта з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі. Пытанні за еўрапейцамі і Зяленскім. Яны думаюць ва Украіне выйграць вайну, перамагчы. Гэтага ніколі не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт узгадаў нядаўні інцыдэнт з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. «Яны да нас не ляцелі, гэтыя беспілотнікі. Мы бачылі, куды яны накіроўваліся. Усё, што маглі мы знішчыць, мы збілі, але некалькі засталося. Мы імгненна, задоўга, наколькі гэта магчыма, праінфармавалі Польшчу. Што ў выніку атрымалі? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Слухайце, як дзікуны. Вось нагнятаюць абстаноўку на роўным месцы. Яны, напэўна, хочуць, каб мы адэкватным чынам на гэта рэагавалі. Ну я ўжо тысячу разоў папярэджваў, што мы не хочам ніякіх войнаў і канфліктаў. Мы не хочам закрыцця граніц. Але калі нас будуць ставіць перад фактам, мы вымушаныя будзем рэагаваць».

Беларускі лідар нагадаў, што ўжо неаднаразова казаў аб тым, што палякі — людзі разумныя. «Яны не дапусцяць усякага роду шараханняў там — Тускаў, Наўроцкіх, Дуд і гэтак далей. Паразумнеў, не стаў прэзідэнтам (я маю на ўвазе Дуду) — выбухнуў нейкімі інтэрв’ю. Першым быў падпальшчыкам вайны ва Украіне. Цяпер ужо абвінавачвае Украіну. Што гэта такое? Ну гэта іх праблемы. Наша справа — абараніць краіну», — заявіў ён.

Прэзідэнт перакананы — амерыканцы павінны ведаць нашу пазіцыю і не папракаць нас у тым, у чым мы не вінаватыя. «Я Трампу сказаў у размове: „Мы саюзнікі Расіі і гэтым усё сказана“. Ён сказаў: „Я разумею“. Амерыканцы гэта разумеюць, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад зоны канфлікту. Але ніяк не могуць зразумець нашы суседзі і брацкая нам Украіна. Як быццам гэта вайна камусьці патрэбная. Канфігурацыя вымалёўваецца, і мы ў найбліжэйшы час даведаемся, каму гэта вайна патрэбна. Але мы павінны працаваць на мір. Гэта галоўнае», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Пазіцыю амерыканскага боку па так званых палітвязнях беларускі лідар назваў вельмі канструктыўнай. «Нам ні палітвязні, ні ўвогуле вязні не патрэбныя, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы не хапалі першага, хто трапіўся, на вуліцы. Мы разумеем, што яшчэ некалькі тысяч ходзяць і коса глядзяць на ўладу, на краіну і гэтак далей, хочуць тут нечага перавярнуць. Мы гэта разумеем. Толькі тыя, хто сапраўды ўдзельнічалі ў гэтым мяцяжы. І амерыканцы гэта разумеюць. Звяртаюцца да іх людзі, бацькі і гэтак далей — яны рэагуюць на гэта. Мы іх чуем, з задавальненнем размаўляем на гэту тэму. І калі будзе хоць самая малая магчымасць для вызвалення гэтых людзей (тым больш яны іх забіраюць да сябе ў Еўропу ці кудысьці) — калі ласка. Тое, што яны, амерыканцы, сталі здымаць з нас санкцыі — дзякуй ім за гэта. Нам будзе лягчэй працаваць. Гэта таксама вельмі важна. Гэта не асноўны кірунак нашай працы, але ён існуе і „вісіць“ над эканомікай. А эканоміка — гэта жыццё людзей».

Даслоўна 

Будзем выпрацоўваць праграму далейшых крокаў

У размове з журналістамі пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў расказаў, што Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні і ўказанні, у якім кірунку рухацца для таго, каб рэалізаваць усё тое, пра што ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з амерыканскай дэлегацыяй з мэтай нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЗША ва ўсіх сферах.

«У нас назапасіліся за гады пытанні, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння, таму што яны перашкаджаюць рухацца далей, развіваць нашы ўзаемаадносіны», — адзначыў дыпламат.

Паводле яго слоў, гэта пытанні санкцыйнага характару, пытанні, якія рэальна перашкаджаюць развіваць палітычныя і гандлёва-эканамічныя адносіны. Першы крок зроблены — знятыя санкцыі з «Белавіі».

«Гэта невялікая частка таго, што нам яшчэ трэба будзе вырашыць у найбліжэйшай будучыні. Гэты крок важны, ён паказвае ўсім, перш за ўсё нашым суседзям, Еўрасаюзу тое, што трэба весці дыялог, трэба назапашаныя пытанні вырашаць, і каб рашэнні былі прымальныя для ўсіх», — сказаў Валянцін Рыбакоў. Ён зрабіў акцэнт на тым, што Беларусь і ЗША рухаюцца насустрач адно аднаму, усе дамоўленасці абодвума бакамі выконваюцца. «Цяпер мы будзем выпрацоўваць праграму далейшых крокаў, паслядоўнасць гэтых крокаў для таго, каб усе астатнія пытанні вырашыць», — падзяліўся планамі дыпламат.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю