Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прыняў удзел у адкрыцці ў Мінску гісторыка-культурнага комплексу «Лошыцкі» пасля рэканструкцыі

Комплекс будынкаў вінакуранага і спіртавога завода, які ўпершыню ўзгадваецца ў сярэдзіне 18 стагоддзя, уваходзіў у склад Лошыцкай сядзібы, тэрыторыя якой сёння сфарміравана як Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. У цяперашні час гэта любімае месца адпачынку як у жыхароў Ленінскага раёна сталіцы, так і мінчан, гасцей краіны. З работамі па добраўпарадкаванні гісторыка-культурнага комплексу «Лошыцкі», рэалізацыяй плана па навядзенні парадку ў Мінску ў цэлым у пятніцу асабіста азнаёміўся кіраўнік дзяржавы. Будучы ў Лошыцкім парку, Аляксандр Лукашэнка трапіў на першую ў абноўленых залах цырымонію заключэння шлюбу, павіншаваў маладажонаў з гэтай важнай падзеяй у іх жыцці і ўручыў ім ключы ад арэнднай кватэры. Акрамя таго, Прэзідэнт пагутарыў з будаўнікамі, супрацоўнікамі комплексу, грамадскасцю і моладдзю сталіцы, якая да свайго дня нараджэння атрымала такі добры падарунак.


«Аб’ядноўваць і патрабаваць ад людзей»

Найперш кіраўніку дзяржавы далажылі аб добраўпарадкаванні Мінска, рэканструкцыі і рэстаўрацыі гісторыка-культурнага комплексу «Лошыцкі».

«Мы ўсё тут аднавілі, што жывое было?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту паведамілі, што на тэрыторыі парку яшчэ засталіся два аб’екты, да рэалізацыі якіх ужо прыступілі.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў аб рэалізацыі ў сталіцы плана добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонце і афарбоўцы будынкаў, рамонце вулічна-дарожнай сеткі, высадцы дрэў і зялёных насаджэнняў, устаноўцы малых архітэктурных форм, добраўпарадкаванні дзіцячых пляцовак. 

«Па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый з 1033 запланаваных ужо зроблена 1048 — гэта значыць, мы выканалі заданне і ідзём далей, — канкрэтызаваў ён. — Тое ж сама па рамонце і афарбоўцы будынкаў: з 1967 адзінак ужо 1640 выканана (83%), астатнія ў рабоце. Рамонт вулічна-дарожнай сеткі — важны кірунак: запланавана зрабіць 1,8 мільёнаў квадратных метраў, з якіх паўтара мільёны ўжо зроблены»

1.jpg

У Мінску актыўна ажыццяўляецца пасадка дрэў. Па словах кіраўніка горада, у вясенні перыяд высаджана каля 80% кустарнікаў і кветак ад запланаванага, восенню гэта работа будзе завершана. Выкананы план і па замене малых архітэктурных формаў. Завяршаюцца работы па ўсталяванні дзіцячых гульнявых пляцовак. 

«Акрамя таго, завершана рэканструкцыя Цэнтральнага дзіцячага парка імя М. Горкага», — дадаў Уладзімір Кухараў.

«Там усё зроблена?», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

«Поўнасцю ўсё зроблена», — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама і дадаў, што да канца года будуць завершаны работы па добраўпарадкаванні парка імя Уга Чавеса. Таксама Уладзімір Кухараў праінфармаваў, што ў Мінску створана 18 новых зон адпачынку

Асобна старшыня Мінгарвыканкама спыніўся на новым кірунку дзейнасці — рабоце з насельніцтвам па рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў. «Калі людзі, у тым ліку за свае грошы прапануюць добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, — патлумачыў ён. — Сёлета ўжо рэалізавана 14 такіх праектаў».

«Гэта павінна быць задачай для кіраўнікоў тваіх адміністрацый, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба гэтым займацца. Мабілізоўваць, аб’ядноўваць, угаворваць, прасіць, прапаноўваць і патрабаваць ад людзей. Кожны павінен хоць невялікую капейку ўнесці»

Па словах кіраўніка горада, сёлета на мэты добраўпарадкавання насельніцтвам унесена 4,6 мільёнаў рублёў. Прэзідэнт заўважыў, што для мінчан — гэта невялікія грошы. Па яго словах, гэтым трэба займацца, бо парадак наводзіцца для саміх жа людзей, у тым ліку дзяцей. 

Што датычыцца рэстаўрацыі гісторыка-культурнага комплексу «Лошыцкі», Уладзімір Кухараў расказаў, што яшчэ ў бліжэйшы час з’явіцца на тэрыторыі парку. У прыватнасці, плануецца аднавіць млын. 

«І там ты зробіш зноў рэстаран?, — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы і прапанаваў выкарыстоўваць будучы млын па прызначэнні. — Галоўнае, каб гэты млын быў як раней. Няхай бы ён на электрычнасці быў, а не на вадзе. Гэта было б цікава. А яшчэ пякарню побач»

Пякарня, як праінфармаваў старшыня Мінгарвыканкама, ужо ёсць. Цяпер сталічныя ўлады будуць працаваць над рэалізацыяй прапановы беларускага лідара па аднаўленні млына, выкарыстанні яго па прызначэнні. 

Таксама Уладзімір Кухараў распавёў, што плануецца пачаць работы на тэрыторыі Пішчалаўскага замку, які размяшчаецца ў сталіцы. Мэр горада паказаў, як гэты аб’ект будзе выглядаць у перспектыве.

«Трэба так і зрабіць, як тут намалёвана, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Спецыялісты ёсць, якія ўмеюць гэта рабіць. У Мінску ёсць добрыя спецыялісты»

000019_1757661100_736893_big.jpg

«Нам трэба Мінск неяк рассяляць»

Каля ўваходу ў будынак шматфункцыянальнага комплексу Прэзідэнта прывітаў гістарычны персанаж «Захавальнік нацыянальных традыцый» і зачытаў даверчую грамату, якая пацвярджае добрыя намеры да пераемнасці і захавання культурнай спадчыны горада Мінска. «Штодня ў гэтым будынку будуць адбывацца значныя падзеi ў жыццi жыхароў сталiцы, захоўвацца i множацца традыцыi святкавання беларускага вяселля», — сказана ў даверчай грамаце. 

Аляксандр Лукашэнка змацаваў грамату сургучнай пячаткай і ўручыў яе дырэктару КСУП «Гатэль «Еўропа» Юрыю Гуйдзе, на балансе якога знаходзіцца гісторыка-культурны комплекс «Лошыцкі».

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з магчымасцямі шматфункцыянальнага комплексу, у якім прадугледжаны гасцініца на 12 стандартных нумароў, залы для правядзення шлюбных цырымоній, урачыстых сустрэч, іншых мерапрыемстваў. 

Акурат у час наведвання Прэзідэнтам комплексу ў зале ўрачыстых мерапрыемстваў ішла цырымонія заключэння шлюбу. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў маладажонаў з гэтай важнай падзеяй у жыцці і ўручыў ім ключы ад арэнднай кватэры.

Новаспечаным сужэнцам Дзмітрыю і Паліне Казловым Прэзідэнт пажадаў, каб іх шлюб быў моцным і доўгім, каб маладажоны бераглі адно аднаго, але галоўнае — каб яны былі здаровыя, каб здаровымі былі іх будучыя дзеткі. 

«Будуць здаровымі дзеці — у вас настрой будзе, і працаваць будзе цікава, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Калі дзеці хварэюць — бяда. Таму здароўя вашым дзецям. Ну і самі каб здаровымі былі»

Бацькам маладажонаў кіраўнік дзяржавы пажадаў усяго найлепшага, шчасця і поспехаў. «Вы не хвалюйцеся, вам працы яны падкінуць, — маючы на ўвазе будучых унукаў, сказаў Прэзідэнт. — І каб пабольш працы! Траіх! Нам трэба, каб у сям’і было трое дзетак».

Маладыя паабяцалі, што наказ кіраўніка дзяржавы пастараюцца выканаць. 

Арэндная кватэра, ключы ад якой маладажоны атрымалі з рук беларускага лідара, знаходзіцца ў Смалявічах. «Кватэра з намёкам, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Каб там (у Смалявічах. — „Зв“.) жылі. Працаваць можаце прыязджаць (у Мінск. — „Зв“). У гэтым задума. Нам трэба Мінск неяк рассяляць».

Карыстаючыся магчымасцю, маладая сям’я Казловых папрасіла Прэзідэнта аб сумесным фотаздымку. Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, не адмовіў. 

Падчас наведвання гісторыка-культурнага комплексу Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з удзельнікамі мерапрыемства. Сярод іх — будаўнікі, супрацоўнікі комплексу, прадстаўнікі грамадскасці і моладзі сталіцы.

1.jpg

«Будзем з хлебам. Будзем з бульбай»

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць будаўнікам за зробленае. Ён заўважыў, што ў дадзены момант наведванне такіх аб’ектаў у прэзідэнцкім графіку з’яўляецца рэдкасцю. «Бо хлеб трэба было убраць», — патлумачыў ён. — Хлеб убралі».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: раней заяўлялася, што агульны каравай 2025 года павінен важыць не менш за 11 мільёнаў тон. На цяперашні момант убралі 9 мільёнаў тон каласавых разам з рапсам. Па словах кіраўніка дзяржавы, калі да іх дадаць яшчэ і кукурузы 2 мільёны тон, як плануецца ўбраць, то і атрымаецца 11 мільёнаў тон.

«Гэта вельмі шмат, — падкрэсліў беларускі лідар. — Рэдка якая краіна збірае на душу насельніцтва столькі хлябоў. Гэта значыць будзем з хлебам. Што датычыцца бульбы, я ўжо шмат разоў казаў, усё спрабую аналізаваць, што ў Беларусі адбылося. Фактараў шмат. Мы ведаем іх, больш не дапусцім. Але галоўнае, што ў нас сусед такі багаты, што ён гатовы плаціць для сялян любыя грошы. Як толькі ў іх бульба знікла, яны, як пыласосам, забралі ў нас усю гэту бульбу. Таму мы вымушаны былі высяваць больш. І сёлета добры ўраджай — будзем з бульбай». 

Прэзідэнт праінфармаваў, што на днях у сталіцы і іншых гарадах пачнуць работу кірмашы з сельгаспрадукцыяй, на якіх можна будзе купіць і бульбы, і іншай гародніны, і садавіны. «Акрамя костачкавых і яблыкаў, — удакладніў ён. — Сёлета Гасподзь нас крыху па галаве стукнуў, гэтага дабра ў нас будзе менш».

1.jpg

«Тут зроблена ўсё для таго, каб людзі прыходзілі сюды і адпачывалі»

Кажучы аб культурна-гістарычным комплексе «Лошыцкі», які адкрылі пасля рэканструкцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мая палітыка, а значыць і ваша, — ствараць і захоўваць. Вось мы захоўваем сваю культурную спадчыну, аднаўляем, будуем. Мы гэта будзем рабіць і далей. Я вельмі хачу, каб гэтае месца стала прыцягненнем для нашых людзей. Каб тут і вяселлі былі, іншыя ўрачыстасці. Тут будуць і рэстараны (дастатковая колькасць месцаў), і гасцініцы. Тут зроблена ўсё для таго, каб людзі прыходзілі сюды і адпачывалі».

Прэзідэнт праінфармаваў аб далейшых планах сталічных улад па добраўпарадкаванні комплексу. «Мэр Мінска гаворыць, што стары млын яны тут адновяць і зробяць там чарговы рэстаран, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таксама нядрэнна, але я ўсё-такі прыхільнік таго, каб там, дзе быў млын, быў старажытны млын, каб вы прыйшлі і паглядзелі, што ж гэта за млыны былі раней»

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў сваім дзяцінстве бачыў такі млын на рацэ, якім актыўна карысталіся. Ён прапанаваў і ў адноўленым у Лошыцкім парку млыне малоць зерне, сабранае ў Беларусі, затым з яго выпякаць хлеб і прапаноўваць людзям. Беларускі лідар упэўнены, што і з Расіі прыязджалі б сюды для таго, каб купіць гэты хлеб.

І такая практыка ўжо ёсць. На радзіме Прэзідэнта адноўлена невялічкая хлебапякарня. Вядома, з выкарыстаннем сучаснага абсталявання. «З Оршы і з Магілёва, нават са Смаленска прыязджалі і куплялі гэты хлеб, — распавёў Аляксандр Лукашэнка. — Вымушаны былі пашырацца. Пры тым гатовы купляць па любой цане. Але нам гэта не трэба. Цэны мы павінны трымаць у парадку, наколькі гэта сёння магчыма».

1.jpg

«Нам не трэба спяшацца забудоўваць Мінск»

Звяртаючыся да гісторыі культурна-гістарычнага комплексу «Лошыцкі», кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 1990-я гады гэта месца было павінна знікнуць з карты сталіцы, яго хацелі зраўнаваць з зямлёй. Каб гэтага не было, дзяржава пайшла іншым шляхам — аднавіла гістарычную сядзібу, якая цяпер радуе і будзе радаваць мінчан і не толькі. 

Па словах Прэзідэнта, ёсць яшчэ некалькі праектаў у Мінску, якія будуць ажыццёўлены. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта важна не столькі для людзей ва ўзросце, а для моладзі. «Гэта будуецца для маладых людзей, каб яны асвойвалі і ўсвойвалі нашу культуру, нашу гісторыю і гэтак далей, — патлумачыў ён. — Мы ў Мінску не толькі ў гэты Год добраўпарадкавання, але ў наступныя гады, поўныя рашучасці навесці парадак. Далей ужо будзеце самі падтрымліваць гэты парадак. Зробім усё для таго, каб у вас тут было кудысьці прыйсці і адпачыць».

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што, праязджаючы па Мінску, перажывае за тое, што, магчыма, робіць сталіцу вельмі «вясковай». У той час як маладыя людзі, магчыма, хочуць пабольш будынкаў са шкла, бетону. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што наўрад ці людзям зручна жыць у гэтых шкляных небаскробах. 

«А калі дзеткі з’яўляюцца (а гэта вельмі хутка адбываецца), тады вы зразумееце, што такое вось гэта, калі можна з дзіцяткам кудысьці выйсці, спакойна выйсці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. І тут, па яго словах, узнікае іншае пытанне — бяспека людзей. І з гэтай задачай дзяржава паспяхова спраўляецца.

«Нам не трэба спяшацца забудоўваць Мінск, пічкаць там, дзе нашы бізнесмены вельмі хочуць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — З жыллём мы ўжо дакладна вызначыліся. Думаю, Мінск ужо прызвычаіўся да гэтага. Гэта было маё жорсткае патрабаванне, і я не адступлю ад яго».

Будаўніцтвам жылля ў сталіцы займаюцца дзяржаўныя кампаніі, якія могуць гарантавана выканаць работы, не дапусцяць якіх-небудзь махінацый і завышэння кошту, як гэта адбывалася раней з некаторымі прыватнікамі. Пры гэтым, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, створаны магчымасці для будаўніцтва ў сталіцы і ў прыватных інвестараў. Але пры ўмове, калі яны гатовы браць на сябе сацыяльную нагрузку. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў інвестараў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якія будуюць у Мінску мікрараён «Паўночны Бераг». У якасці сацыяльнай нагрузкі яны пабудавалі Мінскі міжнародны выставачны цэнтр. 

«Вось той, хто прывязе ў Беларусь нешта, — калі ласка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Усё астатняе, па яго словах, — за дзяржаўнымі будаўнічымі арганізацыямі. Такая палітыка, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, будзе працягвацца і далей.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы, дадаў, што ў прыярытэце — будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках Мінска. «Рудзенск, Дзяржынск, Смалявічы, Лагойск — вось чатыры-пяць кропак вакол Мінска, там будзем будаваць жыллё», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён удакладніў, што ў бліжэйшай будучыні гарады-спадарожнікі будуць звязаны са сталіцай хуткімі транспартнымі зносінамі. 

«Жывіце ў сябе дома, мы будзем рабіць усё для таго, каб вам было зручна», — адзначыў беларускі лідар.

1.jpg

«Нашы будаўнікі сёння ўмеюць рабіць усё»

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да будаўнікоў, якія прымалі ўдзел у рэканструкцыі комплексу, падзякаваў ім за работу і ў іх асобе пахваліў у цэлым усіх прадстаўнікоў будаўнічай сферы. 

«Нашы будаўнікі сёння ўмеюць рабіць усё», — падкрэсліў Прэзідэнт і адзначыў, што айчынныя будаўнікі запатрабаваныя і за мяжой, у тым ліку ў Расіі. Яны зарэкамендавалі сябе як добрыя прафесіяналы з высокай кваліфікацыяй. 

«Вельмі добра, што захавалі будаўнікі сваю савецкую школу», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў савецкія часы менавіта ў Беларусі функцыянавалі цэнтры, дзе навучаліся будаўнікі з усяго гіганцкага Савецкага Саюза.

«Мы ў многім гэта аднавілі і прымножылі. Гэта вялікая заслуга», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах Прэзідэнта, запатрабаванасць беларускіх спецыялістаў прымушае кіраўнікоў будаўнічых арганізацый павышаць зарплату работнікам, каб пазбегнуць адтоку кадраў. «Толькі трэба разумець, што, калі хочаш шмат зарабіць, — трэба шмат працаваць, — адзначыў беларускі лідар. — Іншага не дадзена. Ні адзін Прэзідэнт, ні адзін мэр вам іншага рэцэпта не выпіша»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што будаўнікі годна вялі сябе ў 2020 годзе. «Вы малайцы, мы з вамі ў 2020 годзе перажылі мяцеж: разумелі, што магло б быць, — канстатаваў ён. — Цяпер вы разумееце, гледзячы на Украіну. А мне даводзіцца кожны дзень працаваць з гэтым. Ведаеце, амерыканская дэлегацыя ў нас рэгулярна тут бывае. Мы з імі вядзём пэўныя перамовы. Мы зробім так, як гэта патрэбна для нас. І не кажыце, што „мы вось маленькая такая рэспубліка, мы нічога не можам“. Гэта не залежыць ад памеру — маленькая, вялікая і так далей. Цяпер гэта залежыць ад таго, наколькі мы адзіныя і наколькі мы хочам жыць на сваёй зямлі, каб намі не кіравалі».

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў кожнаму рабіць на сваім месцы ўсё для таго, каб у Беларусі жыць, працаваць, будаваць, мадэрнізаваць, але не ваяваць. Тым, хто ў комплексе будзе працаваць, ён даў настаўленне — берагчы гэты аб’ект, падтрымліваць на ім парадак у тым ліку ўласным прыкладам, працуючы на зямлі. 

Прэзідэнт заклікаў усіх мінчан падключацца да добраўпарадкавання сталіцы. «Суботнікі, суботнікі — прыводзьце ў парадак, — канкрэтызаваў ён. — Трэба калупацца на зямлі. Каб не ў рэстаране толькі сядзелі, а на зямлі. І пажадана — басанож. Будзеце хадзіць басанож — хварэць не будзеце. Мая вам парада».

1.jpg

«Вакол усё павінна быць годна і для людзей»

Кажучы аб тым, чаго не хапае сталіцы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў нас ёсць усё. «Проста трэба развівацца, — акцэнтаваў увагу ён. — Вось цяпер мы выявілі, не хапае гасцініц і рэстаранаў. Ну, што, праблема вялікая? Галоўнае, каб людзі хадзілі туды»

Па словах Прэзідэнта, Беларусь з’яўляецца папулярным месцам адпачынку для расіян, якія прыязджаюць да нас па цішыню. «Яны хочуць прыехаць, тут спакойна адпачыць, — канкрэтызаваў ён. — Але, самае галоўнае, паехала і сярэдзіна грамадства. Звычайныя людзі — такія, як мы. Яны прыязджаюць сюды, адзначаюць, што гэта зусім іншая краіна. Ужо з нас бяруць прыклад, як трэба жыць і развівацца»

Аляксандр Лукашэнка параіў беларусам нармальна ўспрымаць іншаземцаў. «Мы ўвялі бязвіз для ўсіх, — нагадаў ён. — Для нас там закрываюць усё, а мы ім: „Прыязджайце, глядзіце!“ Ну, нагрузка невялікая міліцыі, спецслужбам, але гэта іх праца, грошы ж яны за гэта атрымліваюць. Але сюды ж прыязджаюць не бедныя людзі. Яны прывозяць сюды грошы».

Беларускі лідар падкрэсліў, што Мінску ўсяго хапае. «Але нам трэба гэты лоск зрабіць, — удакладніў ён. — Калі гэта Лошыцкі парк, сядзіба — вось так трэба зрабіць. Калі гэта Чыжоўка (мы там пабудавалі спартыўна-культурны комплекс), вакол усё павінна быць годна і для людзей».

Прэзідэнт даў добрую ацэнку сталічным уладам, што ў той жа Чыжоўцы праклалі лыжаролерную трасу. Рэгулярныя заняткі спортам, па словах беларускага лідара, дазволяць захаваць здароўе. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад жыхароў Кітая, дзе фізкультурай і спортам масава займаецца не толькі моладзь, але і пенсіянеры.

«Займайцеся спортам, — рэкамендаваў заўсёды Аляксандр Лукашэнка, паўтарыў і цяпер. — Дзве гадзіны ў дзень. І вадзіце за сабой сваіх дзяцей. Гэта дзеля таго, каб вы менш валяліся ў бальніцах, каб вы былі здаровыя. Здароўя вам! Як я гавару, усё астатняе мы купім». 

1.jpg

Восеньскія кірмашы ўжо хутка

У завяршэнні размовы кіраўніка дзяржавы з удзельнікамі мерапрыемства юная мінчанка Яўгенія падарыла Аляксандру Лукашэнку карціну, якую напісала, натхніўшыся атмасферай Лошыцкага парка. Прэзідэнт падарунак з задавальненнем прыняў, паабяцаўшы размясціць карціну ў Палацы Незалежнасці.

Кіраўнік дзяржавы перадаў юнай мастачцы прысмакі, але гэтым вырашыў не абмяжоўвацца: у бліжэйшы час дзяўчына атрымае вялікі мех прэзідэнцкай бульбы. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў мастачкі, ці любіць яна бульбу. Высветлілася, што любіць. «Я страшна люблю, — падзяліўся ён. — Учора зграшыў, з’еў».

Кажучы аб новым гатунку бульбы, Прэзідэнт даручыў падзяліцца ім з насельніцтвам, каб на ўчастках апрацоўвалі. «Вось у каго ёсць дача або ўчастак, магу перадаць, бо насенную бульбу проста так раздаваць нельга», — удакладніў ён. Усіх астатніх кіраўнік дзяржавы заклікаў прыходзіць на восеньскія кірмашы і купляць бульбу па прымальным кошце. 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю