Перад пачаткам мерапрыемства яго ўдзельнікі ў фае Авальнай залы азнаямляюцца з экспазіцыяй выставы «Беларусь адзіная. Да гісторыі свята», прымеркаванай да Дня народнага адзінства. Экспазіцыя прысвечана гістарычнаму лёсу беларускага народа, яго шляху да нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння і ключавой падзеі ў гісторыі нашай краіны — аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе.
Выстава прадстаўлена кніжна-дакументальнымі і ілюстрацыйнымі экспанатамі, якія раскрываюць сэнс і значэнне свята, якое сімвалізуе адзінства народа Беларусі ў імкненні да міру і незалежнасці.
Таксама ў рамках мерапрыемства адбудзецца ўрачысты сход, прысвечаны Дню народнага адзінства з удзелам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі. На мерапрыемстве выступяць музычныя калектывы і салісты — уладальнікі спецпрэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта аб падтрымцы таленавітай моладзі.
Кульмінацыяй свята стане ўшанаванне ганаровых гасцей-прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія ўзначальваюць ваенна-патрыятычныя клубы, праводзяць пошукавыя мерапрыемствы, адкрываюць і захоўваюць помнікі, мемарыяльныя знакі, устанаўліваюць імёны загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і тым самым уносяць вялікі асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне насельніцтва і захаванне гістарычнай памяці.
Прэзентацыя іх дасягненняў будзе суправаджацца дэманстрацыйнымі відэаролікамі. Завершыцца свята ўручэннем героям мерапрыемства падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць і шматгадовую добрасумленную працу.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ