Top.Mail.Ru

Як Чашнікі рыхтуюцца прымаць абласныя «Дажынкі»

Менш чым праз месяц абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025» у Віцебскай вобласці прымуць Чашнікі.

Рамонт і добраўпарадкаванне закранулі амаль усе аб’екты гарадской інфраструктуры — грамадскія будынкі, установы культуры і сацыяльнай сферы, школы, бальніцы (прычым не толькі ў Чашніках, але і ў суседнім Новалукомлі), шматкватэрныя і прыватныя дамы, прысядзібныя і дваровыя тэрыторыі, масты, дарогі і тратуары.

Нават сёння райцэнтр усё яшчэ нагадвае вялікую будоўлю: рэканструкцыя асноўных аб’ектаў пераважна завершана, але актыўна вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторый. Акцэнт зроблены ў першую чаргу на тое, каб і ў малых гарадах жыць і працаваць, адпачываць і займацца спортам было не менш камфортна, чым у сталіцы ці абласным цэнтры.

Маштабныя пераўтварэнні

У цэлым у Чашніках да абласнога свята будзе адрамантавана і добраўпарадкавана каля 150-170 аб’ектаў.

— Гэта не толькі будынкі, рэканструяваныя і абноўленыя за бюджэтныя сродкі. Далучыліся і індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама жыхары райцэнтра, якія прыводзілі ў парадак свае дамы і прысядзібныя ўчасткі: фарбавалі фасады, абнаўлялі агароджы. Акрамя таго, добраўпарадкаваліся дарогі, тратуары, прысядзібныя тэрыторыі і двары, — расказвае намеснік старшыні Чашніцкага райвыканкама Мікалай ІВАШЭНЬ.

На падрыхтоўку раённага цэнтра да свята, у тым ліку на рамонт і рэканструкцыю, выдаткавана каля 30 мільёнаў рублёў. За гэтыя сродкі капітальна адрамантавана Чашніцкая гімназія, капітальны і бягучы рамонт завяршаецца ў дзіцячай школе мастацтваў і раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, аддзеле ЗАГС, які, дарэчы, зможа прымаць маладажонаў у асобным будынку. Мадэрнізаваны хірургічны корпус Новалукомльскай ЦРБ, для жыхароў раёна закуплены апарат КТ, а ў Чашніцкай бальніцы адрамантаваны тэрапеўтычны корпус. Перабудоўваецца раённы музей, абноўленымі фасадамі сустракаюць наведвальнікаў аптэка, пошта, дзіцячыя садкі і школы. Падарункам да свята жыхарам райцэнтра ад энергетыкаў Віцебшчыны стане адкрыццё разлікова-касавага цэнтра, пабудаванага ў самым цэнтры.

— Усе гэтыя аб’екты значныя і патрэбныя для раёна. Аднак не менш важна тое, што правялі капітальны рамонт 13 шматкватэрных дамоў, яшчэ ў 17 праведзены бягучы з афарбоўкай фасадаў, частковай заменай дахаў і аднаўленнем адмосткі. Бягучы рамонт закрануў і вулічна-дарожную сетку — поўная замена асфальту праведзена на больш чым 70 тысячах квадратных метраў, новая плітка ўкладзена на 20 тысячах квадратных метрах тратуараў. Рамонт цэнтральных вуліц і тратуараў не менш важны, чым добраўпарадкаванне таго ці іншага грамадскага будынка, бо гэта тое, што робіць паўсядзённае жыццё нашых людзей больш камфортным, — падкрэслівае Мікалай Івашэнь.

Адметна, што ў працэсе рамонту выкарыстоўваюцца мясцовыя будматэрыялы і рабочыя рукі. Напрыклад, на вуліцах райцэнтра ўкладваецца тратуарная плітка новалукомльскага «Завода керамзітавага гравію». Рамонтныя работы вулічна-дарожнай сеткі забяспечвала мясцовае ДРБУ-183, тратуараў — прадпрыемства «Лукомльрэмбуд». Падрадчыкамі на аб’ектах капітальнага рамонту былі арганізацыі Віцебскай вобласці.

З 20 верасня ў райцэнтры прыступяць да ўпрыгожання горада — на ўездах у горад і цэнтральных вуліцах гасцей абласных «Дажынак-2025» будуць вітаць банеры і расцяжкі з сімволікай свята.для дзяцей і маладых сем’яў

Для школьнікаў і маладых сем’яў

Будынак чашніцкай гімназіі быў уведзены ў эксплуатацыю ў далёкім 1963 годзе, і яго капітальны рамонт раней не рабіўся. У рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» на яго мадэрнізацыю было выдаткавана больш за 4,5 мільёна рублёў. Будаўніча-рамонтныя работы занялі некалькі месяцаў — трэба было замяніць сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, цеплазабеспячэння, вентыляцыі і электрычнасці. Адрамантаваны ўсе памяшканні — ад класаў да спартыўнай залы. Закуплена новае абсталяванне і мэбля, у тым ліку камп’ютарны клас, музычныя інструменты і спартыўны інвентар, тэхналагічнае абсталяванне для сталовай.

— Выконваўся вялікі аб’ём работ, і мы перажывалі, ці паспеем да пачатку навучальнага года. У канцы жніўня ў падрыхтоўку школы ўключыліся педагогі, тэхнічныя работнікі, дапамагалі нават калектывы іншых устаноў адукацыі. Самымі складанымі былі апошнія дні. У выніку будаўнікі пакінулі нашу пляцоўку 30 жніўня, а 1 верасня ў нас адбылася ўрачыстая лінейка, — згадвае дырэктар Чашніцкай гімназіі Святлана ЛІЗУКА.

Добраўпарадкавана і тэрыторыя вакол гімназіі. У прыватнасці, стары тэнісны корт пераўтварыўся ў сучасны стадыён, на якім можна займацца самымі рознымі відамі спорту, прычым не толькі школьнікам, але і ўсім ахвотным жыхарам раёна.

Адрамантаваны яшчэ адзін сацыяльна значны аб’ект — дзіцячая школа мастацтваў. У рамках капітальнага рамонту адрамантаваны дах, заменены вокны, абноўлены фасад. Акрамя таго, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя за школай, дзе цяпер можна будзе ладзіць школьныя канцэрты ў цёплыя часы года.

— Вельмі ўдзячныя раённым уладам, якія дапамаглі нам правесці такі неабходны капітальны рамонт. Упэўнена, што маштабныя перамены ў нашай школе адаб’юцца і на напаўняльнасці, — кажа дырэктар Чашніцкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга БУДКО.

Манументальны будынак раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сустракае абноўленым фасадам звонку і фінішнымі работамі па аздабленні — унутры. Як расказвае намеснік дырэктара Юлія СЦЯПУК, тут праведзены капітальны рамонт даху, заменены вокны, пафарбаваны фасад, заменена электрыка, акрамя таго, ужо закуплена новая апаратура. 

Рыхтуецца да пераезду ў рэканструяваны будынак і мясцовы аддзел ЗАГС. Акрамя вялікай залы ўрачыстай рэгістрацыі з’явіцца і зала чакання. А калі ў маладых будзе жаданне правесці выязную цырымонію, гэта можна будзе зрабіць на прылеглай тэрыторыі: дарожкі тут аформяць у выглядзе заручальных пярсцёнкаў з рознымі малымі архітэктурнымі канструкцыямі.

— Пакуль ЗАГС знаходзіцца ў будынку гасцініцы — памяшканне не вельмі вялікае для рэгістрацыі шлюбу. Цяпер будзем валодаць уласнай залай і спадзяёмся, што колькасць шлюбаў павялічыцца, — кажа начальнік аддзела ЗАГС Чашніцкага райвыканкама Наталля ПАПЯЛКОВА.

Алена КРАВЕЦ

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю