Грандыёзны фінал конкурсу прайшоў у сталічным Палацы спорту. Гэты вечар стаў прыгожай кропкай напружанага працоўнага тыдня Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў шоу ў Палацы спорту.
Усяго ў конкурсе паўдзельнічала больш за 500 дзяўчын. Але ў фінал прайшлі толькі 24 прыгажуні. Дарэчы, не ўсе з іх мадэлі. За карону «Міс Беларусь» таксама спрачаліся студэнткі — будучыя ўрачы, інжынеры, аграрыі, настаўніцы — прыгожыя і таленавітыя беларускі.
Ідэя фінальнага шоу пад назвай «Сусвет прыгажосці» звязана з прыгажосцю як натхняльнай сілай для здзяйсненняў, подзвігаў і творчых перамог.
Авацыі гледачоў удзельніцы фіналу сарвалі за нумар у нацыянальных строях, дзе дэманстраваліся сімвалы беларускага арнаменту. Шчырае замілаванне, весялосць і радасць падарылі гледачам відэаролікі аб добрых справах, якія паспелі зрабіць дзяўчаты за час падрыхтоўкі да фіналу.
Адно з дэфіле прайшло ў арыгінальных вобразах — касцюмах з тэматычнымі цытатамі Прэзідэнта Беларусі. Сярод іх былі выказванні кіраўніка дзяржавы аб тым, што прыгажэй за беларускіх жанчын няма ў свеце, што яны — наша самая эфектыўная дыпламатычная зброя, што шчасце жанчын — гэта самая вялікая каштоўнасць, а іх пакліканне — упрыгожваць свет.
А па выніках усіх іспытаў пераможцай конкурсу і ўладальніцай галоўнага тытула стала 18-гадовая Алена КУЧАРУК з Полацка.
Па традыцыі ўсе ўдзельніцы фіналу атрымалі ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы фантастычнай прыгажосці вячэрнія сукенкі, у якіх яны з’явіліся на подыуме ў завяршальным дэфіле.
Фота БелТА