Кандытарская галіна Беларусі займае асаблівае месца ў эканоміцы і культурным іміджы краіны. Нашы прысмакі вядомы высокай якасцю, традыцыйнымі рэцэптурамі і сучаснымі распрацоўкамі, дзякуючы якім яны паспяхова канкурыруюць на ўнутраным рынку і карыстаюцца попытам за мяжой.
За першае паўгоддзе рознічныя крамы Беларусі прадалі 100 тысяч тон кандытарскіх вырабаў, адзначыў начальнік упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар ГРУЦО.
Ён паведаміў, што сёлета прадукцыю канцэрна куплялі з тэмпам росту 102,3 % у год. Рост назіраецца па ўсіх таварных групах — мучных кандытарскіх вырабах, цукрыстых, шакаладных і шакаладу. Пры гэтым тэмпы рэалізацыі айчынных тавараў перавышаюць паказчыкі імпартных аналагаў, што дазволіла павялічыць іх долю на паліцах крам да 60,8 % — на 0,5 % вышэй, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
- Летась прадукцыя экспартавалася больш чым у 35 краін, што пацвярджае высокі попыт на яе і пазнавальнасць за межамі краіны. Асноўным рынкам застаецца Расія, дзе перавагі спажыўцоў блізкія да нашых. Разам з тым вядзецца работа па адаптацыі да рынкаў Цэнтральнай Азіі і Кітая, а таксама па пашырэнні прысутнасці на Блізкім Усходзе, дзе попыт і пакупніцкая здольнасць растуць. Нягледзячы на абмежаванні, Беларусь захоўвае сваю прысутнасць і на рынках Еўрасаюза.
Нашы кандытарскія фабрыкі з’яўляюцца прадпрыемствамі поўнага цыклу, таму ім патрэбны не паўфабрыкаты, а паўнавартасная сыравіна. «Сёлета канцэрну ўдалося выйсці на прамыя пастаўкі какава-бабоў з Венесуэлы, Конга, Інданезіі і Уганды. Абмяркоўваецца ўзаемны абмен: Беларусь закупляе какава-бабы, а ў адказ пастаўляе гатовую шакаладную прадукцыю», — расказаў ён.
Па словах Ігара Груцо, галіна спалучае ў сабе кансерватызм і імкненне да інавацый. «Мы працягваем падтрымліваць традыцыйныя рэцэптуры і высокія стандарты якасці, многія з якіх перавышаюць міждзяржаўныя нормы. «Асабліва ганарымся прызнаннем прадукцыі „Спартака“, у прыватнасці эксклюзіўнай лінейкі шакаладу „Прэзідэнт“, адзначанай Дзяржаўным знакам якасці. Для нас гэта высокая ацэнка», — зазначыў ён.
Разам з тым ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі ключавой становіцца здольнасць прапаноўваць рынку навінкі і ўнікальныя прадукты. Ужо некалькі гадоў актыўна развіваецца сегмент прадукцыі з карыснымі ўласцівасцямі — без цукру, а цяпер на рынак выходзіць веганскі шакалад.
Смак «гуляе», а словы лечаць і навучаюць
Сярод навінак варта згадаць новую серыю цукерак, якую выпусцілі да Дня беларускага пісьменства. Кожная цукерачная абгортка аформлена ў сваім яркім колеры, на ёй нанесена адно са слоў роднай мовы. На фабрыцы адзначылі, што калі ідэя «стрэліць у дзясятку», то кампанія падрыхтуе «працяг» у выглядзе нацыянальных набораў ужо не з асобнымі словамі, а... Але гэта пакуль сакрэт.
І гэта яшчэ не ўсё — у распрацоўцы халва са смакам шкварак і карамелізаванай цыбулі. Вытворцы абяцаюць, што яна будзе салодкай, але з сапраўды незабыўным смакавым адценнем.
Планы на Новы год
Кандытарскія прадпрыемствы пачалі падрыхтоўку да зімовых свят ужо ў лютым. «Ідзе прапрацоўка асартыменту будучых падарункавых набораў, работа з дызайнерамі і пастаўшчыкамі ўпакоўкі, каб ужо да лета цалкам сфармаваць навагоднюю праграму», — растлумачылі ў канцэрне. Камплектаваць наборы пачынаюць прыкладна за 3,5 месяца да навагодніх свят. У гэтым годзе збіраюцца выпусціць каля 2,7 мільёна штук падарункаў. Усе прадпрыемствы рыхтуюць эксклюзіўную прадукцыю.
Сяргей КУРКАЧ