На парадку дня пасяджэння — праекты ўказаў Прэзідэнта «Аб найважнейшых паказчыках і параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 год» і «Аб мэтавых паказчыках грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2026 год», а таксама праекты законаў Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год» і «Аб змяненні законаў».
Усе чатыры дакументы сфарміраваны на ўзаемаўвязанай і збалансаванай аснове, адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ. «Набор важнейшых паказчыкаў і параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця не памяняўся ў параўнанні з мінулым годам, — заўважыў ён. — Хачу звярнуць увагу на два моманты — плануецца рост у рэальным выражэнні даходаў насельніцтва, а таксама ўтрыманне прагнозных параметраў росту спажывецкіх цэн, гэта значыць узроўню інфляцыі. Для гэтага неабходна зладжаная работа ўрада і Нацыянальнага банка».
Традыцыйна рэспубліканскі бюджэт захавае сваю сацыяльную накіраванасць, падкрэсліў сенатар. «У цэлым на ахову здароўя, адукацыю, культуру, сацыяльную абарону, спорт і іншыя сферы плануецца накіраваць каля 40 млрд рублёў. На пасяджэнні экспертнага савета мы звярталі ўвагу на задачу, якую паставіў кіраўнік дзяржавы, — эканоміць кожны бюджэтны рубель. Бюджэт, як і сёлета, будзе сфарміраваны на дэфіцытнай аснове, аднак планавы памер дэфіцыту будзе істотна ніжэй, штояшчэ раз пацвярджае неабходнасць правядзення збалансаванай бюджэтнай палітыкі».
- Што датычыцца змяненняў у падаткаабкладанні, яны, па словах Уладзіслава Татарыновіча, таксама будуць праводзіцца па традыцыйных кірунках. Па-першае, плануецца індэксацыя ставак, якія былі ўстаноўлены ў беларускіх рублях. У прыватнасці, абмяркоўваецца пытанне акцызаў на нетыповыя курыльныя сумесі і вадкасці для электронных сродкаў курэння. У параўнанні з класічнымі тытунёвымі вырабамі стаўкі на іх ніжэй, аднак, улічваючы патэнцыял шкоды, экспертны савет рэкамендваў распрацоўшчыкам перагледзець магчымасць павышэння акцызаў на гэтыя вырабы.
Другі блок — павышэнне справядлівасці пры падаткаабкладанні. Будуць прапаноўвацца дадатковыя меры, што будуць датычыцца падаходнага падатку для тых грамадзян, якія маюць дадатковы даход, а таксама ў дачыненні да падатку на нерухомасць для тых грамадзян, якія маюць кватэры або немаленькія па сярэдніх мерках для краіны жылыя дамы.
Трэці блок — кропкавая наладка асобных пытанняў падаткаабкладання, звязаная з практыкай прымянення.
Па словах Уладзіслава Татарыновіча, усе пытанні ўзгодненыя. «На стадыі падрыхтоўкі законапраектаў дэпутаты і члены Савета Рэспублікі ўдзельнічалі ў рабоце міжведамасных рабочых груп па падрыхтоўцы прагнозаў і праекта бюджэту на наступны год. Ужо цяпер вядзецца прапрацоўка, каб да пачатку наступнага года былі гатовыя базавыя дакументы. Гэта вельмі важна, таму што яны ўзаемазвязаны і з’яўляюцца асновай для фарміравання мэтавага плана, які будзе распрацаваны на ўзроўні ўрада. Гэты план будзе прадугледжваць персанальныя задачы і адпаведныя паказчыкі для кіраўнікоў усіх узроўняў».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА