Top.Mail.Ru

Супрацоўнікі Следчага камітэта наведалі Палац Незалежнасці

12.09.2025 | 21:01
Матывацыя служыць сумленна і адказна

Да Дня супрацоўніка органаў папярэдняга следства ім была дадзена магчымасць прайсціся па залах галоўнага сімвала беларускай дзяржаўнасці, аднаго з самых вядомых будынкаў не толькі Мінска, але і ўсёй краіны.

Традыцыйна экскурсія пачалася з Залы ўрачыстых цырымоній, дзе яшчэ перад яе пачаткам гасцям Палаца быў дадзены час палюбавацца дзясяткамі карцін беларускіх мастакоў. 

Усе інтэр’еры Палаца вытрыманы ў класічным стылі, але кожнае памяшканне ўсё роўна па-свойму ўнікальнае. Асаблівы гонар — 23 вялізарныя люстры і больш за 150 бра. Усе яны, як і астатняе напаўненне залаў, зроблена беларускімі майстрамі і прадпрыемствамі. Напрыклад, светлавое абсталяванне — вытворчасці лідскага ЗАТ «Каскад». 

Беларускі каларыт залам надае нацыянальны арнамент па матывах слуцкіх паясоў — сімвала беларускай культуры і гістарычнай спадчыны. 

Зялёная зала Палаца Незалежнасці, у сваю чаргу, вядомая далёка за межамі краіны: 11–12 лютага 2015 года тут праходзіла большая частка перагавораў з удзелам лідараў Расіі, Украіны, Францыі і Германіі. За сталом Вялікай залы перагавораў праводзяцца нарады па ключавых пытаннях унутранай і знешняй палітыкі. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягнула зала «Беларусь», дзе Прэзідэнт уручае вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды. Інтэр’ер выкананы з цёмна-зялёнага мармуру, а ўздоўж сцен размешчаны 32 калоны, якія сімвалізуюць ганаровую варту. 

У заключнай частцы маршруту супрацоўнікі Следчага камітэта наведалі зімовы сад, размешчаны пад шкляным купалам вышынёй 18 метраў. Уздоўж яго расце больш за 150 відаў экзатычных раслін, а ў цэнтры ўстаноўлены фантан, які ўпрыгожаны бронзавымі скульптурамі. Завяршылі агляд у музеі падарункаў, атрыманых Прэзідэнтам ад замежных лідараў, дыпламатычных дэлегацый, грамадскіх арганізацый і простых грамадзян.

Для многіх экскурсія стала напамінам пра важнасць службы і адказнасць, якую супрацоўнікі СК нясуць штодня, забяспечваючы грамадзянам краіны парадак і бяспеку. Сімвалічна, што маладыя следчыя прынялі ўрачыстую прысягу 12 верасня, у дзень 14-годдзя ўтварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Якаў НЕСЦЯРОВІЧ, следчы Фрунзенскага раёна Мінска, прызнаецца: гэта падзея пакінула пасля сябе асаблівае трапятанне, хваляванне і, вядома, неапісальнае пачуццё гонару:

— Усе мы — маладыя супрацоўнікі, якія сёння прысягнулі на вернасць нашай краіне і яе народу. І для ўсіх нас гэта не проста словы — гэта выбар, усвядомлены, зроблены сэрцам. Вядома, наперадзе яшчэ гады практыкі, навучання, засваення розных методык, каб прымаць выключна справядлівыя рашэнні ў самых няпростых сітуацыях. 

У гэтым заключаецца наша агульная мэта — забяспечваць і абараняць правы, інтарэсы грамадзян і дзяржавы дзеля міру і стабільнасці Беларусі.

Прадстаўнік старэйшага пакалення следчых, генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый КАНАПЛЯНІК далёка не першы раз наведвае Палац Незалежнасці: «Вельмі прыемна сёння знаходзіцца тут побач з маладымі калегамі, назіраць за іх эмоцыямі, бачыць, як гараць вочы, калі яны аказваюцца ў залах. Думаю, гэта стане для іх добрым стартам, моцнай матывацыяй сумленна служыць, выконваць свой абавязак, прымнажаць дасягненні нашай прафесіі і годна насіць званне следчага Рэспублікі Беларусь». 

Аміна Назарава

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю