Пераможцай Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2025» стала Алена Кучарук з Полацка. Дзяўчына не магла стрымаць слёз радасці. Са сцэны яна выказала словы ўдзячнасці перш за ўсё любімай маме, а таксама арганізатарам конкурсу і членам журы.
І прызналася: «Я сама ў сябе не верыла!».
Міс Беларусь падзялілася: думак пра тое, што выйграе галоўны тытул, у яе не было.
— Часам яны з’яўляліся, але я адразу ж адганяла іх, таму што для мяне гэта было быццам нерэальна!
Карону Алена прымала ў фантастычнай прыгажосці вячэрняй сукенцы, у якой удзельнічала ў фінальным дэфіле.
У завяршальным выхадзе гэтай феерыі прыгажосці ў неверагодна прыгожых сукенках зіхацелі ўсе фіналісткі: па ўжо існуючай традыцыі вячэрнія сукенкі, у якіх яны з’явіліся на подыуме, ім паднёс у падарунак кіраўнік дзяржавы, які прысутнічаў на фінале «Міс Беларусь — 2025». Прысутнасць Прэзідэнта на гэтым мерапрыемстве стала традыцыйнай, што сведчыць аб высокім статусе конкурсу для ўсёй краіны.
Ідэя фінальнага шоу «Сусвет прыгажосці» была звязана з прыгажосцю як натхняльнай сілай для здзяйсненняў і творчых перамог. Сведчанне непадробнай цікавасці да конкурсу ў беларускім грамадстве — тысячы гледачоў, групы падтрымкі прэтэндэнтак на карону галоўнай прыгажуні Беларусі, дзяржаўныя, грамадскія дзеячы, медыйныя персоны ў зале.
За перамогу ў конкурсе прыгажуні дасталася не толькі карона, але і грашовы прыз, а таксама аўтамабіль Geely.
Што мы ведаем пра новую «Міс Беларусь»?
Нарадзілася Алена Кучарук у Данецку, але ўжо шмат гадоў жыве ў Полацку. Яна студэнтка Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа, вучыцца на спецыяльнасці «Дырыжыраванне (акадэмічны хор)».
— З дзяцінства займаюся вакалам. І, шчыра кажучы, думала, што апынуся на вялікай сцэне, але дзякуючы вакалу. А дзякуючы знешнасці — гэтага не чакала, — сказала «Міс Беларусь — 2025».
Мама Алены Кучарук працуе ў сацыяльнай сферы, яе старэйшая сястра — рэабілітолаг. Вырасла Алена ў Полацку.
— Мая мама беларуска, — распавяла яна. — Мы прыехалі з Данецка да бабулі на лета, як рабілі часта. Мая бабуля жыве ў Полацкім раёне, у аграгарадку Гараны. За лета мама зразумела, што не хоча рызыкаваць дзецьмі, і мы вырашылі застацца тут. А тата застаўся там.
Тады будучай «Міс Беларусь» было ўсяго сем гадоў. Сувязі з роднымі з Данецка не засталося, расказала яна. Беларусь стала для Алены роднай.
— Я вельмі люблю нашу краіну, — прызналася прыгажуня. — Мне здаецца, што, калі ў чалавека ёсць жаданне, ёсць мэты, тут можна дасягнуць абсалютна любых вышынь.
У найбліжэйшых планах Алены — з гонарам несці заваяваны тытул і выконваць усе місіі «Міс Беларусь», а таксама пасля заканчэння каледжа паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і потым самарэалізавацца ў прафесіі. Дзяўчына не ўяўляе жыццё без музыкі, яна займаецца вакалам, іграе на фартэпіяна.
— Мая душа ляжыць да музыкі з самага дзяцінства. Мне здаецца, музыка, мастацтва павінны жыць у кожным чалавеку, — лічыць яна.
Алена распавяла журналістам, як адчувае сябе ў новым статусе:
— Падрыхтоўка была вельмі доўгай. Я б не сказала, што я першая прыгажуня. Так, я валодаю гэтым тытулам. Але гэта не значыць, што я самая прыгожая.
Кожная дзяўчына па-свойму ўнікальная. І мне здаецца, што любы чалавек прыгожы.
Трэба сказаць, што ўладальніцу тытула «Міс Беларусь — 2025» журы выбірае з фіналістак, якія прайшлі адборачныя туры спачатку на рэгіянальным, а потым на абласным і мінскім гарадскім этапах. Усяго ў адборы сёлета прынялі ўдзел
854 дзяўчыны, а ў фінал трапілі 24 удзельніцы. На подыум у Палацы спорту, праўда, выйшлі 23 прыгажуні (адна фіналістка не змагла прысутнічаць па стане здароўя). Падтрымкай і апорай падчас усяго гэтага марафону для Алены Кучарук стала яе мама.
— Я ўдзячная ўсім канкурсанткам, якія былі са мной у фінале, тэлеканалу АНТ. Я была ўдалечыні ад дома, хацелася абняць маму, калі вельмі стамлялася. Але ў мяне была, напэўна, мая другая сям’я: магла падзяліцца перажываннямі з дзяўчатамі. Лічу, гэта шмат чаго каштуе, — падкрэсліла прыгажуня.
Сэрца «Міс Беларусь» пакуль вольнае, падзялілася дзяўчына з журналістамі.
— Думаю, мне яшчэ рана для адносін. Усяму свой час.
На што звяртала ўвагу журы?
Сёлета ў журы конкурсу ўвайшлі міністр інфармацыі Марат Маркаў, оперны выканаўца народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, заслужаны майстар спорту, сярэбраны прызёр зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 года, біятланіст Антон Смольскі, кінарэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Халецкі, старшыня Цэнтральнага савета Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» Дзмітрый Балаба, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый Баскаў, уладальніца тытула «Міс Беларусь — 2023» Элеанора Качалоўская. Гаворачы аб крытэрыях работы журы, Дзмітрый Балаба адзначыў, што стараўся кіравацца спартыўнымі прынцыпамі сумленнай барацьбы. Але выбар быў няпростым: усе фіналісткі вельмі прыгожыя.
— Заўсёды захапляўся прыгажосцю нашых беларускіх жанчын, — сказаў ён.
Уладзімір Громаў падкрэсліў, што асаблівую ўвагу звяртаў на вочы ўдзельніц, бо менавіта па іх святле можна вызначыць, чым чалавек жыве і што нясе ў свет. Ён дадаў, што «не ўсіх любіць камера»: адна справа — калі глядзіш на чалавека на подыуме, і іншая — конкурс паказваюць па тэлебачанні.
І яшчэ адзін важны нюанс — як удзельніцы спраўляюцца з хваляваннем. Умець утаймаваць эмоцыі на сцэне неверагодна важна, бо на «Міс Беларусь» — сур’ёзная адказнасць: яна будзе прадстаўляць краіну і несці ганаровае званне «Міс Беларусь» за яе межамі.
Падрыхтавала Аляксандра Анцэлевіч