Пасля пачатку прамысловай рэвалюцыі з’явіліся людзі, у якіх назапасілася грошай больш, чым на самай справе неабходна для камфортнага існавання. Грошы сталі кіраваць палітыкамі і іншымі ўплывовымі асобамі. А людзі, якія імі валодалі ў неабмежаванай колькасці, па сутнасці, вырашалі за астатніх, што трэба рабіць і як правільна сябе паводзіць. Да чаго гэта ў выніку прывяло і ці ўплывае гэта цяпер на нас? Аб гэтым размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гуменам Гарбанніджадам.
Уінстан Чэрчыль аднойчы трапна прыкмеціў: «Улада — гэта наркотык. Хто паспрабаваў яго хоць раз — атручаны назаўжды». Увогуле, імкненне да яе можа быць як станоўчай, так і адмоўнай з’явай. Тыя кіраўнікі, чый досвед кіравання аказаўся станоўчым, назаўжды запомняцца як служыцелі свайму народу, сваёй краіне. Імкненне да ўлады таксама можа быць матываванае дасягненнямі і лідарствам, а ў выніку прыводзіць да маніпуляцый і злоўжывання. Сярод прыкладаў — Чынгісхан, Напалеон Банапарт, якія імкнуліся захапіць увесь свет. Аднак дзеля гэтага зусім неабавязкова ваяваць — ёсць і іншыя метады. Адзін з іх — стварэнне імперыі. Уплыў на міжнародную палітыку людзей, якія вырашылі пайсці менавіта такім шляхам, мы адчуваем дагэтуль. Гэта вядомыя Томас Хант Морган, Генры Форд, Джон Дэвісан Ракфелер. Пра апошняга з іх, чыё прозвішча стала назоўнікам агульным як абазначэнне вялікага багацця, мы і гаварылі з доктарам Гуменам. Чаму менавіта пра яго? Аказваецца, нафтавы магнат меў непасрэднае дачыненне да медыцыны і фармацэўтыкі.
— Амерыканскі прадпрымальнік Ракфелер у 1900 годзе кіраваў амаль 90 % нафтавага рынку, быў фактычна яго манапалістам. Не тое каб усе надта любілі Ракфелера, хутчэй яго грошы, якімі ён, дарэчы, шчодра дзяліўся з навакольнымі, каб пашыраць сваю імперыю, хаця сам па сабе быў чалавекам вельмі прагным. Хацеў стаць манапалістам пітной вады, кіраваць усімі ўрачамі і лекамі, — расказвае суразмоўца. — Прадпрымальнік нават выступаў за легітымізацыю абортаў, лічачы, што дзеці са слабым генам не маюць права на жыццё. І нават калі чарговая ідэя (а іх было шмат) Ракфелера не мела ніякага навуковага абгрунтавання, яе спяшаліся рэалізаваць, бо гэта ж магнат, кіраўнік імперыі...
— Хаця кіраўнікі імперый — такія ж людзі, як мы ўсе. Улада і грошы — тое адзінае, што нас адрознівае...
— Абсалютна так. Калі ў 1901 годзе адкрыўся Ракфелераўскі ўніверсітэт, быў пакладзены пачатак лекавай імперыі. З усяго свету запрашаў ён туды найлепшых вучоных і ўрачоў на працу. Каля 100 мільёнаў долараў на той час інвеставаў у гэтую ўстанову. Наёмныя работнікі ведалі, што іх работадавец — чалавек уплывовы, багаты, таму падпарадкоўваліся яго строгім законам.
Палітыкі былі таксама пад уплывам грошай Ракфелера. І замест работы на карысць сваіх краін і народаў лічылі заробленае. Менавіта з дапамогай іх Ракфелер мог прымаць выгадныя законы. У прыватнасці, сутнасць аднаго з іх заключалася ў тым, што ўрачы не мелі права выкарыстоўваць самаробныя лекі — толькі з фармацэўтычных заводаў, гаспадаром якіх ён уласна і быў.
Яшчэ адзін немалаважны гістарычны факт: у 1909 годзе Ракфелер пазнаёміўся, а ў далейшым і супрацоўнічаў з Абрахамам Флекснерам, які прысвяціў жыццё ўдасканаленню сістэмы медыцынскай адукацыі ў Злучаных Штатах, хаця сам быў спецыялістам у галіне тэорыі адукацыі. Карацей, чалавек, які да медыцыны не меў ніякага дачынення, вырашаў, што ўрачы ведаць павінны, а што — не.
Вось і атрымалася замкнёнае кола. Спачатку некім рэгулюецца атрыманне медыцынскай адукацыі, урач згодна з пратаколам назначае лекі пэўнага вытворцы... Іншага выйсця няма. У інстытуце, якім кіраваў Ракфелер, нічога звышнатуральнага не адбывалася: збіраліся найлепшыя вучоныя, фармацэўты, урачы з усяго свету і стваралі лекі. Здавалася б... Але выпускаліся з іх толькі тыя, ад якіх чалавек залежаў, іншыя не патрэбны.
Імперыю ў Злучаных Штатах з часам неабходна было пашыраць, таму яе ўплыў пачаў распаўсюджвацца і на Еўропу. Ракфелер у якасці гуманітарнай дапамогі выдзяляў медыцынскім універсітэтам грошы, а тыя ў сваю чаргу павінны былі падпарадкоўвацца законам вядучай імперыі. Гэта можна лічыць своеасаблівым хабарам. Праводзілася палітыка накшталт «вы або з намі, або супраць нас».
Безумоўна, вялікі ўплыў аказала таксама з’яўленне псеўдавучоных, якія хутчэй шукалі адказ на пытанне «Чаму не атрымалася?», чым імкнуліся адкрываць нешта новае. Іх рэгулятарам і цяпер з’яўляюцца акадэміі навук некаторых краін, на падтрымку якіх Ракфелер у свой час грошай не шкадаваў. Часта бывае, калі ад гэтых устаноў у краінах, якія развіваюцца, чакаюць дасягненняў, але беспаспяхова. Бо, аказваецца, гэта не зусім іх функцыі.
У 1913 годзе ў ЗША рэзка павялічылася колькасць хворых на рак. Ракфелер і ў гэтым выпадку не ўпусціў магчымасць і адкрыў яшчэ Асацыяцыю раку. Лячылі там людзей зноў жа толькі тымі лекамі, якія выпускала яго імперыя.
— І сёння сіла гэтай імперыі ўсё яшчэ мае нейкі ўплыў на людзей?
— Безумоўна. Калі Ракфелер пастарэў, улада апынулася ў руках яго сына, які ўкладваў грошы ў нямецкі ІG Farb. Ён жа быў гаспадаром фірмы Bayer, якая на той час лічылася ледзь не сатанісцкай. Яна ў сваю чаргу фінансавала дзейнасць фашысцкага доктара Ёзэфа Менгеле, якога яшчэ называлі «анёлам смерці» з-за нечалавечых доследаў, якія ён праводзіў на вязнях канцлагера Асвенцім падчас Другой сусветнай вайны...
У 1991-м, калі распаўся Савецкі Саюз, англасаксы і іншыя імперыі сталі лічыць сябе абсалютнымі пераможцамі над ім. Гэта праўда, што ядзерную дзяржаву нельга перамагчы на полі бою. Каб разваліць яе, трэба было запусціць шмат рычагоў. Фармацэўтычная мафія на постсавецкай прасторы са страшнай сілай і хуткасцю ўкараняла сваіх людзей і ў выніку знайшла сваіх паслядоўнікаў. Безумоўна, за грошы. І гэта, на вялікі жаль, у многіх рэспублік постсавецкай прасторы да гэтага часу выклікае тармажэнне развіцця медыцыны і навукі. Бо, па-першае, палітыкі, як правіла, не з’яўляюцца вучонымі і ўрачамі — іх веды абмежаваныя. Па-другое, грошы аказваюць на іх вялікі ўплыў. Беларусі, якая ідзе самастойным шляхам, у тым ліку і ў развіцці медыцыны, падобны заганны ўплыў, на шчасце, не пагражае.
Увогуле, любая дзяржава абапіраецца на пэўны фундамент. Адзін з яго складнікаў — медыцына і ахова здароўя. Самі разумееце: хворым людзям і вайны не трэба. Небяспека ўплыву лекавай імперыі заключаецца яшчэ і ў тым, што яе кіраўнікі самі вырашаюць: каго лячыць, а каго — не. Калі раптам трапіць у гэтае замкнёнае кола, з яго немагчыма будзе вырвацца.
...А яшчэ як медык скажу банальную, але важную рэч: не спяшайцеся абвінавачваць у сваім дрэнным самаадчуванні сусветную мафію або яшчэ каго-небудзь... У першую чаргу варта прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.
Яна ВАЛАСАЧ