— Дзве гэтыя кінастужкі аб’яднаны важнай для ўсіх нас тэмай — дзяржаўныя сімвалы. Адметна, што кожны фільм зроблены ў сваёй стылістыцы. Думаю, яны спадабаюцца гледачу, бо абодва цікавыя і дынамічныя, а таксама яднальныя, што важна напярэдадні Дня народнага адзінства, — падзяліўся дырэктар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір МІЛАШ. — Тэма важная і актуальная. Гледачы змогуць адкрыць для сябе шмат новых і цікавых фактаў пра нашы герб і сцяг.
Праўда, у тых, хто сочыць за беларускім кіно, можа ўзнікнуць пытанне, чаму кінавытворцы зноў узяліся за такую тэму, улічваючы, што летась выйшаў, напрыклад, «Культурны код» Кірыла Халецкага і анімацыйная кінастужка «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўныя святы». Аднак стваральнікі новых кінаработ прапаноўваюць гледачам яшчэ больш глыбока і аб’ёмна даследаваць тэму атрыбутаў нашай дзяржаўнасці. І ў выпадку з першым фільмам — «Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь» — менавіта гэта і адбываецца. Паэтапна, падрабязна ўсё тлумачыцца, а падмацоўваецца сказанае відэаматэрыялам з розных дзяржаўных свят. І гэта якраз дае візуальны вобраз еднасці народа, адным з сімвалаў якой выступае беларускі сцяг. Кінастужка «Дзяржаўны сцяг», знятая рэжысёрам Дзмітрыем Цыбулькам, — гэта пазнавальнае кіно для ўсёй сям’і. Яно дазволіць кожнаму гледачу па-новаму паглядзець на адзін з галоўных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці.
Фільм «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь» уяўляе сабой дакументальнае кіно, але з элементамі гульнявога.
У цэнтры сюжэта група цікаўных школьнікаў, якія атрымалі заданне і паглыбіліся ў захапляючае даследаванне, каб разгадаць таямніцы беларускага герба, дазнацца пра яго гісторыю.
Дзеці сустракаюцца з гісторыкамі, геральдыстамі, даведваюцца аб паходжанні элементаў герба, іх значэнні і эвалюцыі ў часе. Менавіта праз прызму дзіцячага ўспрымання гледачы ўбачаць, як ствараўся і змяняўся герб, якія сімвалы ён нясе і якія таямніцы захоўвае.
— Першапачаткова, калі я атрымаў сцэнарый, там былі толькі дакументалістыка і кінахроніка. Але пасля абмеркаванняў у Міністэрстве культуры нам прапанавалі крыху змяніць канцэпцыю, каб тэма стала больш зразумелай для дзіцячай аўдыторыі, — расказаў рэжысёр фільма «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь» Яўген Шлемянкоў. — Здымкі праходзілі на розных лакацыях: на «Беларусьфільме», у Нацыянальным архіве, у адной з мінскіх гімназій. Так, з дзецьмі, якія ўвасабляюць герояў гісторыі, мы знялі ўсё літаральна за пяць дзён. Увогуле здымачная група атрымала вялікае задавальненне ад работы над фільмам.
Алена ДРАПКО