Top.Mail.Ru

Беларускія футбалісты — бронзавыя прызёры Еўралігі

Чарговы поспех нашых «пляжнікаў»

Нацыянальная зборная па пляжным футболе працягвае паказваць высокі клас гульні і радаваць сваіх аматараў. На мінулым тыдні каманда трэці раз запар стала бронзавым прызёрам Еўралігі. Зборная, якая заўсёды перад сабой ставіць самыя амбіцыйныя мэты, з іх дасягненнем спраўляецца на выдатна.

Сёлета турнір праходзіў у Італіі. У паўфінале беларусы прайгралі зборнай Іспаніі з вынікам 3:6. У матчы за трэцяе месца беларусы павінны былі сустрэцца з камандай Украіны, але сапернікі не выйшлі на пляцоўку.

З перамогай лепшую зборную краіны па гульнявых відах спорту павіншаваў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «Чацвёрты медаль на такім прэстыжным турніры гаворыць аб вашым найвышэйшым прафесіяналізме, несумненным таленце, стабільнасці і працавітасці, якія так шануюць і паважаюць шматлікія беларускія балельшчыкі», — адзначаецца ў віншаванні. Кіраўнік НАК пажадаў адной з наймацнейшых каманд свету па пляжным футболе далейшага росту і развіцця, каб самыя жаданыя спартыўныя вяршыні былі заваяваны.

Бронзавыя медалі Еўралігі наша зборная заваёўвала ў 2024 і 2023 гадах, а ў 2021 годзе беларуская каманда была сярэбраным прызёрам. Гулец нацыянальнай зборнай па пляжным футболе Алег Гапон адзначыў, што задачу мінімум у Італіі яны з камандай выканалі, медалі заваявалі. «Але мы ехалі сюды станавіцца чэмпіёнамі. Турнір для нас псіхалагічна важны, таму што ён нам ніяк не паддаецца. Мы пастаянна дзесьці спыняемся за крок ад найлепшага выніку. Прыемна быць трэцімі, але задачу максімум выканаць не здолелі. У наступным сезоне будзем змагацца за першае месца. Уся каманда ў добрай форме, таму цяпер і трэба даказваць на полі, на што мы здольныя», — растлумачыў ён.

Пляжны футбол у нашай краіне развіваецца ўсяго 16 гадоў — тэрмін для спартыўнай школы зусім невялікі. А калі ўлічваць, што наша надвор’е не заўсёды дазваляе плённа развіваць «пляжны» спорт, можна толькі ўявіць, колькі праблем і задач прыходзіцца вырашаць для дасягнення высокага выніку. А вынікі нацыянальнай зборнай па пляжным футболе сапраўды ўражваюць. Чаго толькі варта «серабро» чэмпіянату свету, заваяванае гэтай вясной. Нагадаем, што ў тым фінале беларусы саступілі бразільцам, пачынальнікам і безумоўным лідарам пляжнага футболу. Нацыянальная зборная па пляжным футболе стала першай у гісторыі нашага спорту гульнявой камандай з такім выдатным вынікам. І, вядома ж, на дасягнутым яны спыняцца не плануюць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю