Шэсці, канцэрты, фестывалі і спартыўныя спаборніцтвы... У Гомелі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 883-годдзю заснавання горада над Сожам.
Каб далучыцца да ўрачыстых мерапрыемстваў і падзяліць радасць свята з гамяльчанамі, у абласны цэнтр прыехалі 17 афіцыйных дэлегацый. Іх урачысты прыём прайшоў у палацы Румянцавых-Паскевічаў. Гамяльчане і госці горада акунуліся ў атмасферу маштабнага шэсця, якое прайшло на цэнтральнай плошчы імя Леніна. У святочнай калоне шматдзетныя сем’і пранеслі гіганцкі сцяг горада. Дынаміку сучаснага Гомеля, яго імкненне да руху наперад падкрэсліла шэсце ў калоне веласіпедыстаў, ролераў, монацыклістаў у касцюмах рысяў.
Маладзёжную сталіцу Беларусі — 2025 прадставілі дэлегацыі раённых адміністрацый Гомеля. У шэсці ўзялі ўдзел тысячы гамяльчан — прадстаўнікоў розных прафесій. Па плошчы прайшлі калектывы прамысловых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Вялізныя платформы з узорамі прадукцыі наглядна дэманстравалі эканамічны патэнцыял Гомеля.
- Горад ператварыўся ў суцэльную яркую канцэртную пляцоўку. Музыка гучала без перапынкаў да самай ночы, а яго цэнтральная частка стала вялікім танцполам пад адкрытым небам. Яшчэ адным цэнтрам прыцягнення жыхароў і гасцей стала набярэжная Сожа. Тут гамяльчан і гасцей горада сустракаў гастранамічны фэст «Гігантаманія». Адной з галоўных падзей гэтай святочнай лакацыі стала прэзентацыя «Дэсерту для волата» — глазураванага сырку вагой 20 кілаграмаў — падарунка ад прадпрыемства «Мілкавіта».
Фестываль «Муздрайвфэст» традыцыйна стаў месцам сустрэчы аматараў вулічнай музыкі. Удзел у ім узялі сольныя выканаўцы і кавер-групы з розных рэгіёнаў Беларусі. Неверагодна яркім фіналам дня святкавання стаў першы ў гісторыі горада фестываль феерверкаў «Агні любімага Гомеля». Больш за гадзіну над Сожам працягвалася вогненнае шоу. Кожны стрэл быў не проста салютам, а візітоўкай прадпрыемства, якое яго падрыхтавала. Падарылі гораду гэты маляўнічы і эмацыянальны вечар 18 прадпрыемстваў — удзельнікаў фестывалю.
Святочная праграма працягнулася 14 верасня. У тэрыторыю маладзёжнага драйву ператварылася вуліца Ланге. Тут можна было праехаць на дрыфт-тройках, паўдзельнічаць у вулічным баскетболе, брэйк-данс батлах і турніры «Самы моцны гамяльчанін». Усе ахвотныя далучыліся да фестывалю графіці. Запамінальным акцэнтам святочнай праграмы стала светлавое шоу на фасадзе медыцынскага ўніверсітэта.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА