У той дзень, калі пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, найстарэйшае перыядычнае выданне нашай краіны асвятляла шараговыя для таго часу падзеі. У нумары за 17 верасня 1939 года, які выйшаў у нядзелю, журналісты пісалі пра ўздым жывёлагадоўлі ў калгасах, новае папаўненне Чырвонай Арміі, адкрыццё помніка Леніну ў Ерэване, аналізаваўся савецкі і замежны друк, асвятлялася іншая праблематыка. Аб найважнейшай падзеі, якая потым увойдзе ў гісторыю як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, «Звязда» паведаміць у панядзелак, 18 верасня 1939 года.
На працягу пэўнага часу гэта тэма будзе ключавой як у найстарэйшай беларускай газеце, так і ў цэлым у саюзнай перыёдыцы.
Найбольш грунтоўная падшыўка «Звязды», у тым ліку вераснёўскія нумары 1939 года, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Супрацоўнікі ўстановы беражліва ставяцца да багатага фонду перыядычных выданняў. На момант звароту журналіста ў бібліятэку падшыўка газеты з патрэбным выпускам знаходзілася на рэстаўрацыі. Аднак уся бібліятэчная перыёдыка пераведзена ў «лічбу», таму знаёмства з публікацыямі адбылося ў электронным выглядзе.
«Гатовы ў любую мінуту стаць на абарону любімай радзімы»
Выпуск «Звязды» за 18 верасня 1939 года пачынаецца са слоў (тагачасная арфаграфія захоўваецца): «Савецкі ўрад аддаў распараджэнне галоўнаму камандванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Наш свяшчэнны абавязак падаць руку дапамогі сваім братам — беларусам і ўкраінцам, насяляючым Польшчу, вызваліць іх ад панскага сваволля, нацыянальнага прыгнечання і эксплаатацыі».
«Ніякія межы, ніякія пагранічныя слупы больш не падзеляць, не пасякуць на часці нашу родную зямельку-Беларусь» — пад такім загалоўкам змешчана прамова старшыні Савета народных камісараў СССР Вячаслава Молатава, у якой ён характарызуе становішча Польшчы ў выніку нападзення на яе германскіх войскаў, а адпаведна беларусаў, што насялялі тэрыторыю, дзе пачалася Другая сусветная вайна. Праінфармаваўшы загадзя Польшчу, па распараджэнні савецкага ўрада 17 верасня 1939 года войскі Чырвонай Арміі перайшлі граніцу і занялі тэрыторыю як Заходняй Беларусі, так і Заходняй Украіны. Так пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, мэтай якога была абарона беларускага і ўкраінскага насельніцтва на польскай тэрыторыі ва ўмовах нападзення Германіі на гэту краіну.
Вызваленчы паход, які завяршыўся 25 верасня 1939 года, азнаменаваў аднаўленне гістарычнай справядлівасці, што заключалася ва ўз’яднанні беларускіх земляў у складзе Савецкага Саюза, якія былі захоплены Польшчай у ходзе савецка-польскай вайны 1919–1921 гадоў.
Друкуецца ў гэтым нумары і нота ўрада СССР, уручаная польскаму паслу ў Маскве раніцай 17 верасня. «Савецкі ўрад не можа таксама абыякава адносіцца к таму, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі». Аб сваіх планах савецкая краіна праінфармавала і дзяржавы, якія мелі дыпламатычныя адносіны з СССР.
У аператыўнай зводцы Генеральнага штаба Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, змешчанай у гэтым нумары, расказваецца, як адносіліся да вызваліцеляў мясцовыя жыхары. «У калгасным сяле Шустаўцы адбыўся мітынг, на якім прысутнічала 300 калгаснікаў, — гаворыцца ў публікацыі „Радасны дзень у пагранічным сяле“. — У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі мітынга аднадушна адобрылі рашэнне савецкага ўрада аб дапамозе беларусам і украінцам, насяляючым Польшчу, і заявілі, што яны гатовы ў любую мінуту стаць на абарону любімай радзімы. Як перадаюць відавочцы, брацкую дапамогу савецкага народа, яго доблесных воінаў сардэчна сустракалі сяляне сяла Залесцы Заходняй Украіны. Сяляне дапамагаюць чырвоным часцям прасоўвацца па незнаёмых дарогах».
«Савецкі Саюз ёсць аплот міру»
Другая паласа нумара за 18 верасня адкрываецца ўрачыстым загалоўкам — «Радасцю, шчасцем і багаццем напоўнена Савецкая Беларусь».
Рабочыя, інжынеры, тэхнікі і служачыя завода імя Варашылава праз газету заяўляюць аб сваёй гатоўнасці дапамагчы чырвонаармейцам у іх вызваленчай місіі: «У любы момант мы гатовы па-баявому ўсе, як адзін, рашуча выступіць на абарону нашай сацыялістычнай радзімы і дапамагчы працоўным Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і працоўным Польшчы вызваліцца ад іга эксплаатацыі і прыгнечання».
Многія працоўныя калектывы адрэагавалі на падзею. «Мы яшчэ раз паказваем на справе ўсяму свету, што Савецкі Саюз ёсць аплот міру, што Савецкаму Саюзу чужда палітыка захватаў, насілля і прыгнечання, што вызваленчы рух прыгнечаных народаў заўсёды знойдзе гарачы водгук, сімпатыю і падтрыманне ўсяго савецкага народа», — з рэзалюцыі рабочых і служачых завода імя Дзімітрава.
Заяву Вячаслава Молатава аб рашэнні савецкага ўрада аказаць брацкую дапамогу працоўным Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў вызваленні ад прыгнёту польскіх паноў віталі і калгаснікі па ўсёй рэспубліцы, якія выказалі гатоўнасць у любую хвіліну стаць на абарону радзімы і аказаць дапамогу братам-заходнікам.
Не засталіся ўбаку ад значнай падзеі і беларускія пісьменнікі. У гэтым нумары «Звязды» апублікаваны верш Петруся Броўкі «Заходнім беларусам». Прыводзім некалькі радкоў:
Палілі вас агнём, знішчалі вас мячом,
Не смелі гаварыць вы моваю сваёй,
Вы плакалі крывёй пад панскім бізуном,
За вас хварэлі мы і сэрцам, і душой.
Даволі слухаць больш пакутны спеў бароў,
За волю вы пайшлі, для любых ніў і сёл...
І беламу арлу, што падае на дол, —
Ніколі не ўзняць драпежных кіпцюроў!
Аб жыцці беларускага народа пры панах з газетных старонках нагадаў пісьменнік Змітрок Бядуля: «Панскія жандармы, нібы раз’яроныя псы, учынялі ў мірны час налёты на беларускія і ўкраінскія сёлы, не менш страшныя і дзікія, чым напады ворага ў часе вайны. Беларускія і ўкраінскія мястэчкі і гарады доўгі час стагналі пад несупынным гнётам белапанскай Польшчы. Былі задушаны жыццё, культура, родная мова і ганьбавалася дастойнасць чалавека, нібы ў жудасныя годы сярэдневякоўя. Беспрасветная цемра атрутным туманам вісела над краем».
«Буду біцца, не шкадуючы свайго жыцця»
Трэцяя паласа гэтага святочнага нумара аб’ядноўве матэрыялы загалоўкам «Дапаможам нашым братам вызваліцца з-пад ярма польскіх паноў».
Тут расказваецца і пра зверскія здзекі з боку палякаў над беларускім і ўкраінскім народам на тэрыторыі Польшчы. Пра паліцэйскія банды і дружыны асаднікаў, якія выграбалі ў сялян усё да апошняга зярнятка, пакідаючы нават дзяцей без ежы. Пра збіццё людзей, якія спрабавалі стаць на абарону ўласнай маёмасці. Пра павелічэнне вязняў канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай нязгоднымі з польскай уладай. У адказ на здзекі сяляне шэрагу населеных пунктаў самасудам распраўляліся з паліцэйскімі і памешчыкамі. Такіх фактаў, якія сведчылі аб тым, што цярпенне беларускага селяніна скончылася, было нямала.
Расказваецца і пра становішча працоўных у Польшчы. Заняпад — ва ўсіх галінах прамысловасці і ў сельскай гаспадарцы. Эксплуатацыя рабочых і рост колькасці беспрацоўных. Павелічэнне працоўнага дня і зніжэнне заробкаў. «Сучасная Польшча па сваёй галечы пакінула далёка ззаду нават галодную вёску царскай Расіі, — піша карэспандэнт Г. Цімохаў. — У вёсках Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны пануюць голад і страшэннае жабрацтва».
«Рабочы і селянін рашуча пратастуюць супраць вайны, якая вядзецца ў інтарэсах польскіх памешчыкаў і капіталістаў, — гаворыцца ў публікацыі „Зверскія здзекі над народамі Заходняй Беларусі“. — Яны рэвалюцыйным шляхам дабіваюцца таго свабоднага і радаснага жыцця, аб якім яны марылі дваццаць год, знемагаючы пад ярмом польскіх памешчыкаў і капіталістаў, звяртаючы свае змучаныя позіркі ў бок СССР — бацькаўшчыны працоўных усяго свету».
Беларускі народ быў адзіны ў імкненні абараніць сваіх суайчыннікаў, якія апынуліся ў няпростым становішчы. «Я вельмі добра разумею свой інтэрнацыянальны абавязак воіна РСЧА, — звяртаецца да чытачоў „Звязды“ чырвонаармеец С. Альжанаў. — І зараз, калі працоўныя Заходняй Беларусі чакаюць ад нас брацкай дапамогі, каб вызваліцца ад польскіх паноў-прыхільнікаў, я з радасцю, разам з усімі сваімі баявымі таварышамі, іду на барацьбу з ворагам. Буду біцца, не шкадуючы свайго жыцця».
Паводле газетных публікацый, дапамогу братам-беларусам у той няпросты перыяд гатовы былі аказаць усе. З гэтай нагоды ў газеце змешчаны звароты калектыву работнікаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, калектыву картаграфічнай фабрыкі № 3, мастакі і работнікі камбіната выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі, студэнты, навуковыя і адміністрацыйна-тэхнічныя работнікі мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага. Уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР чакалі ўсе беларусы, для якіх вызваленчы паход Чырвонай Арміі азначаў аднаўленне гістарычнай справядлівасці.
Вераніка КАНЮТА