Закрыццё сельскіх крам, пратэрмінаваная прадукцыя на прылаўках і спрэчныя рашэнні ў галіне лічбавізацыі. Пытанні эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах краіны разгледзелі 26 жніўня на нарадзе ў Прэзідэнта. Тэма, якую «Звязда» ўздымала ў мінулым выпуску «МС», заслугоўвае пільнай увагі, бо, калі ўдумацца, гаворка ідзе пра ўзровень і якасць жыцця ўсіх беларусаў, нашых бабуль і дзядуль, якія сёння застаюцца жыць у вёсцы. Падрабязней аб тым, як выконваецца задача, пастаўленная кіраўніком дзяржавы, на месцах, — у матэрыяле нашых уласных карэспандэнтаў.
Захаванне дзяржаўных сацыяльных стандартаў
У сельскіх населеных пунктах Лельчыцкага раёна — самага буйнога па плошчы на Гомельшчыне — нядаўна правялі маштабную праверку арганізацыі гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання. "Для нас важна бачыць рэальную сітуацыю на месцах: што ёсць у крамах, якія цэны, у якіх умовах прымаюць людзей медыкі. Мы прыязджаем не з праверкай дзеля праверкі, а каб разумець, дзе дапамога патрэбна найбольш, — падкрэсліла старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая, якая ўзначаліла работу маніторынгавай групы.
Дэпутат нагадала, што маштабны маніторынг у Лельчыцкім раёне быў арганізаваны згодна з выкананнем даручэння кіраўніка дзяржавы, а таксама старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко па паляпшэнні якасці жыцця ў сельскай мясцовасці. Дарэчы, у склад міжведамаснай групы ўвайшлі не толькі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, але і ключавыя спецыялісты: супрацоўнікі санітарнай службы, аддзела эканомікі, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, а таксама старэйшыны населеных пунктаў. Такі шырокі склад дазволіў атрымаць максімальна аб’ектыўную карціну і ўлічыць меркаванне саміх вяскоўцаў.
За два дні работы маніторынгавай групы былі правераны гандлёвыя
аб’екты ўсіх форм уласнасці — як дзяржаўныя, так і прыватныя крамы, а таксама аўтакрамы, што абслугоўваюць аддаленыя вёскі. Асаблівую ўвагу звярнулі на наяўнасць сацыяльна значных тавараў: хлеба, малака, круп, мясных і рыбных вырабаў, садавіны і агародніны. "Жыхары нашых сельскіх населеных пунктаў, з якімі мы ў абавязковым парадку размаўлялі падчас маніторынгу, адзначалі, што задаволеныя абслугоўваннем і асартыментам тавараў. Так, сёння сельскі пакупнік хоча мець выбар прадуктаў, і гэты выбар у большасці выпадкаў ёсць«,— адзначыла Таццяна Бяспалая.
Яна дадала, што маніторынг гандлёвага абслугоўвання ў раёне ахапіў шырокае кола пытанняў: захаванне рэжыму работы, дакладнасць графікаў і маршрутаў руху аўтакрам, якія забяспечваюць таварамі самыя аддаленыя населеныя пункты, наяўнасць у рэалізацыі сацыяльна значных тавараў, у тым ліку прадукцыі айчыннай вытворчасці, што асабліва важна для падтрымання асартыменту і цэнавай даступнасці. «Падчас маніторынгу пільную ўвагу ўдзялілі таксама недапушчальнасці наяўнасці ў продажы тавараў са скончаным тэрмінам годнасці, што з’яўляецца прынцыповым патрабаваннем да якасці і бяспекі прадукцыі. Была вывучана эфектыўнасць выкарыстання і стан аб’ектаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, а таксама стан неэксплуатаваных аб’ектаў для далейшай працы з імі», — звярнула ўвагу дэпутат.
Не менш важная частка маніторынгу — праверка работы сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Увагу звярнулі на забеспячэнне медпрэпаратамі, захаванне санітарных патрабаванняў, умовы для прыёму пацыентаў. Таццяна Бяспалая падкрэсліла, што ФАПы з’яўляюцца пачатковым кантактам
з медыцынай для жыхароў аддаленых населеных пунктаў: «Нашая задача — каб чалавек быў упэўнены: калі будзе неабходна, ён атрымае кваліфікаваную дапамогу. Па словах мясцовых жыхароў, фельчары заўсёды на сувязі, дапамагаюць і ў паўсядзённых сітуацыях, і калі патрэбна тэрміновая кансультацыя».
Па выніках маштабнага маніторынгу група аб’ехала ўсю сельскую тэрыторыю Лельчыцкага раёна. У цэлым работа гандлёвых і медыцынскіх аб’ектаў прызнана належнай. Па асобных пытаннях дадзены рэкамендацыі, каб зрабіць абслугоўванне яшчэ больш зручным для вяскоўцаў. «Мы бачым, што сістэма працуе. Але заўсёды ёсць месца для ўдасканалення. І калі людзі падказваюць, што можна палепшыць, гэта для нас галоўны арыенцір», — падагульніла старшыня Лельчыцкага райсавета.
Здаровая канкурэнцыя патрэбна!
Аб падыходах у арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва размова ішла ў Гродзенскай вобласці падчас выязнога практычнага семінара для старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў. Работу сістэмы прадэманстравалі на прыкладзе аграгарадкоў Малая Бераставіца і Вялікія Эйсманты.
Адзін з асноўных прынцыпаў работы гандлю ў Бераставіцкім раёне — наяўнасць і дзяржаўных, і прыватных крам у населеных пунктах. Адміністрацыя раёна зазначае, што здаровая канкурэнцыя важная і дапамагае трымаць гандлёвыя аб’екты ў тонусе. А ў насельніцтва шырэйшы выбар, што таксама добра, таму прыватных прадпрымальнікаў тут падтрымліваюць. «Ні для каго не сакрэт, што гандлёвае абслугоўванне — гэта адзін з ключавых фактараў у забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва. Гандлёвае абслугоўванне ў Бераставіцкім раёне аказваюць 203 крамы рознічнага гандлю, з іх 47 размешчаны ў сельскай мясцовасці. Даручэнне кіраўніка дзяржавы „Дайсці да кожнага“, вядома, стараемся выконваць», — адзначыла намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Ала Заміроўская.
У склад Малабераставіцкага сельсавета ўваходзіць 14 населеных пунктаў, у якіх пражывае больш за 1,4 тысячы чалавек, больш за 70 % — у адміністрацыйным цэнтры сельсавета, але гэта не значыць, што ў астатніх населеных пунктах гандлёвае абслугоўванне горшае. На тэрыторыі сельсавета 7 крам, 2 кіёскі і, вядома, працуе аўтакрама (па усім раёне). У Эйсмантаўскі сельсавет уваходзіць 16 населеных пунктаў, іх абслугоўваюць 5 магазінаў, 3 з іх — прыватныя.
У апошні час тэма гандлю на слыху, можа здацца, што яна не глабальнага характару, што людзей больш хвалюе тое ж ЖКГ. Але ,насамрэч, даступнасць тых ці іншых тавараў вызначае якасць жыцця, асабліва ў тых населеных пунктах, дзе пражываюць 100, 50, 20 чалавек. Зразумела, што ў вёсцы, дзе жыве 20 чалавек, краму трымаць нерэнтабельна, таму так актыўна выкарыстоўваюцца аўтакрамы.
Гандлёвыя пункты прапануюць шырокі асартымент прадукцыі — ад прадуктаў харчавання да тавараў для дома. Гэта дазваляе жыхарам вёскі мець доступ да якасных тавараў першай неабходнасці і эканоміць час на паездках у буйныя гарады. Акрамя таго, сучасныя гандлёвыя аб’екты аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем для зручнасці пакупнікоў. Камфортныя ўмовы і ветлівы персанал ствараюць прыемную атмасферу і садзейнічаюць росту даверу да мясцовых пунктаў продажу. Даступнасць тавараў садзейнічае стварэнню больш камфортных умоў жыцця ў вёсцы і робіць яго больш прывабным для маладых спецыялістаў і іх сем’яў.
Дзякуючы граматнай арганізацыі гандлю ў вёсцы жыхары могуць быць упэўнены, што ўсе іх патрэбнасці будуць задаволены. Гэта яшчэ адзін крок да стварэння сучаснай і камфортнай сельскай прасторы.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота «Бераставіцкая газета»