Top.Mail.Ru

Як пры дапамозе неабыякавых грамадзян прыгажэюць вуліцы Мінска

Чысціня, утульнасць і камфорт

Абвешчаны кіраўніком дзяржавы Год добраўпарадкавання трывала ўвайшоў у паўсядзённае жыццё кожнага беларуса. І размова не толькі аб кіраўніках міністэрстваў і ведамстваў, але і аб простых грамадзянах. У тандэме мясцовых улад і насельніцтва ўсё часцей ствараюцца новыя ўтульныя зоны для адпачынку на вуліцах гарадоў і вёсак, месцы прыцягнення людзей. І днямі ў беларускай сталіцы прайшоў агляд-конкурс на найлепшы двор. Дзякуючы сумесным намаганням дзяржавы і насельніцтва ў кожным раёне сталіцы з’явіліся музычныя лавачкі, альтанкі з бескантактавай зарадкай для тэлефона і нават мініяцюрны тэатр.

У аглядзе лакацый узялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег Корзун, кіраўніцтва Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, а таксама прадстаўнікі адміністрацый раёнаў. У выніку найлепшым дваром можа пахваліцца Фрунзенскі раён. Дарэчы, пры ацэнцы улічвалі некалькі паказчыкаў. Напрыклад, стан дзіцячага гульнявога і спартыўнага абсталявання, азеляненне і кветкавае афармленне, санітарны стан прыдамавой тэрыторыі, удзел насельніцтва ў добраўпарадкаванні.

У двары-пераможцы дамам № 49, 51 і 53 на вуліцы Жудро ў 2025-м споўнілася 50 гадоў, таму яны былі ўключаны ў праграму капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Падчас работ абнавілі фасады, правялі комплекснае добраўпарадкаванне тэрыторыі з поўнай заменай асфальтабетоннага пакрыцця, заменай бартавога каменя, уладкаваннем тратуараў. Каля кожнага дома ўстанавілі модульныя канструкцыі для збору адходаў, з’явілася новае дзіцячае гульнявое і спартыўнае абсталяванне. Мясцовая зона адпачынку носіць назву «Тэрыторыя пакаленняў» невыпадкова. На гэтай лакацыі могуць выдатна правесці час людзі ўсіх узростаў.

«Як вядома, 2025-ы — Год добраўпарадкавання, таму ў кожным з раёнаў мы паглядзелі і ацанілі найлепшыя двары па 12 пазіцыях. Самае каштоўнае для нас было разабрацца, як на пераўтварэнні рэагуюць мясцовыя жыхары, наколькі ім камфортна і зручна. Іх заўвагі будуць вывучаны і ўлічаны», — акцэнтаваў намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег Корзун.

Грамадскія дзеячы, якія робяць жыццё найлепшым

Дагледжаны двор з зялёнай зонай, дзіцячымі пляцоўкамі, чыстымі пад’ездамі — мара любога жыхара шматпавярховіка. Але калі адны чакаюць, калі гэтыя мары здзейсняць чараўнікі з ЖЭСа, то іншыя бяруць і робяць. І такіх актывістаў — дзясяткі ў кожным раёне. Большасць — у складзе калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). Гэта грамадскія дзеячы, якія робяць наша жыццё найлепшым. І днямі прадстаўнікі калегіяльнага органа грамадскага самакіравання № 120 Кастрычніцкага раёна сталіцы правялі пазапланавы суботнік, удзел у якім узяло больш за 60 чалавек. Яго «фішкай» стаў майстар-клас для школьнікаў пад назвай «Рыхтуем домікі для птушак».

«Мерапрыемства па добраўпарадкаванні было арганізавана сумесна з КУП „ЖКГ Кастрычніцкага раёна горада Мінска“, актывам КОТГС № 120, Асаналіеўскім акруговым саветам ТГС № 16, — расказала сакратар КОТГС № 120 Яўгенія Аляксеева. — Увазе школьнікаў была прапанавана віктарына „Што мы ведаем пра птушак?“, у якой яны ўзялі актыўны ўдзел. І пакуль дарослыя займаліся работай па навядзенні парадку на зямлі, дзеці ўстанаўлівалі шпакоўні, зробленыя рукамі маладых інвалідаў з раённага ТЦСАН. Акрамя гэтага, навучэнцы з вялікім энтузіязмам самі збіралі шпакоўню-канструктар і, вядома, наводзілі парадак».

Паводле яе слоў, работа па навядзенні парадку на зямлі — заўсёды першарадная для членаў КОТГС: «Асабліва важна праводзіць такія мерапрыемствы ў аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Год добраўпарадкавання. Прыемна, што мясцовае насельніцтва ўсё часцей падключаецца да такой добрай ініцыятывы. Члены нашага КОТГС на рэгулярнай аснове праводзяць маніторынг прыдамавых тэрыторый. Калі бачым недахопы, адразу ж выходзім з ініцыятывай правесці пазапланавы суботнік, які не будзе прывязаны да важных дат. Вялікую падтрымку знаходзім і ад насельніцтва, і ад раённай службы ЖКГ, з якой наладжаны выдатны кантакт. Камунальшчыкі заўсёды дапамагаюць нам з уборачным інвентаром, калі трэба — задзейнічаюць сваю тэхніку. Дзякуючы такому прадукцыйнаму ўзаемадзеянню нашы вуліцы набываюць новы выгляд».

Яўгенія Аляксеева асабліва падкрэсліла падтрымку мясцовых жыхароў і моладзі: «Людзі актыўна адгукаюцца, асабліва калі просім мясцовую школу. Дзеці з вялікім энтузіязмам падключаюцца да ўсіх акцый і мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. Мы ў сваю чаргу імкнёмся зрабіць так, каб гэта быў не проста суботнік: арганізоўваем цікавыя мерапрыемствы, цэлыя святы двара, праводзім турніры і майстар-класы, каб дзецям было цікава. Акрамя таго, такія мерапрыемствы сапраўды аб’ядноўваюць людзей, што асабліва важна напярэдадні свята народнага адзінства».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Мінскага гарвыканкама і КОТГС № 120

Чытайце таксама: Каля пяцісот чалавек працавалі на рэканструкцыі комплексу воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю