Сённяшнія польскія палітыкі, якія ўсталі на шлях эскалацыі міжнароднай абстаноўкі ва ўсходнім рэгіёне еўрапейскага кантынента, так і не вывучылі ўрокі Другой сусветнай вайны. Яны вырашылі не ўспамінаць ганебных старонак сваёй гісторыі, звязанай з асіміляцыяй беларускага насельніцтва, прыгнётам элементарных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, тэрытарыяльнымі дамаганнямі на землі суседніх дзяржаў, фліртам з фашысцкай Германіяй. Разам з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алегам Дзячэнкам, прафесійным гісторыкам, правядзём экскурс у гісторыю, а між іншым і асвяжым памяць нашым суседзям.
Знішчыць і растаптаць як нацыю
— У мінулым стагоддзі па волі геапалітычных гульцоў таго часу значная частка беларускага народа больш чым на 18 гадоў апынулася пад уладай кіраўнікоў Польшчы, якія прытрымліваліся вельмі правых палітычных поглядаў і былі варожа настроеныя да беларусаў і іншых нацыянальнасцяў, што апынуліся пасля 1921 года па-за сваімі нацыянальнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, — нагадвае суразмоўца.
У той перыяд беспрацоўе, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, нястача, нацыянальная няроўнасць, разгул антыкамунізму, паліцэйскага тэрору і судовых рэпрэсій супраць беларускага насельніцтва сталі своеасаблівымі візітнымі карткамі ўнутрыпалітычнага жыцця буржуазна-памешчыцкай Польшчы ў 1920–1930-х гадах.
— Стратэгія і тактыка польскіх улад грунтавалася на пастаянным правакаванні міжнацыянальных сутыкненняў, нацкоўванні адной нацыянальнасці на іншую і заключалася ў імкненні да поўнай асіміляцыі беларусаў, іх дэнацыяналізацыі і змене рэлігійнай ідэнтычнасці. Галоўная ўвага пры гэтым аддавалася знішчэнню беларускай культуры і традыцыйнай духоўнасці, — падкрэслівае парламентарый.
Ён прыводзіць лічбы: да 1939 года па відавочна заніжаных даных былі ліквідаваны ўсе 400 беларускіх школ, знішчаны культурна-асветніцкія арганізацыі, забаронена выданне беларускіх газет, а кожнае незалежнае слова і свабодная думка душыліся неадкладна і бязлітасна. Тым самым сярод белага дня на вачах у сусветнай супольнасці адбывалася абуральнае ўшчамленне канстытуцыйных правоў беларускага народа, такіх як свабода аб’яднанняў, свабода слова і свабода друку:
- — Беларусы фактычна былі пазбаўлены магчымасці мець свае палітычныя, прафесійныя і культурныя арганізацыі, а аб тым, каб асобам беларускай нацыянальнасці займаць якія-небудзь дзяржаўныя пасады, і гаворкі быць не магло. Пра гэты этнацыд беларускага народа ў міжваеннай Польшчы заходнія дэмакратыі дагэтуль сарамліва маўчаць.
У пацвярджэнне суразмоўца прывёў два характэрныя прыклады:
— У 1925 годзе была створана Беларуская рабоча-сялянская грамада, якая налічвала каля 150 тысяч чалавек. Гэта была вельмі ўплывовая палітычная сіла, якая змагалася за жыццёвыя правы беларускага народа. Рэакцыя польскіх улад на рост аўтарытэту гэтай палітычнай арганізацыі была вельмі хуткай. Ужо вясной 1927 года грамада была разгромлена, а яе члены рэпрэсіраваны.
Бяроза-Картузская — фабрыка жаху
Гісторык звяртае ўвагу на той факт, што асаблівым дэманстратыўным здзекам падвяргаліся актывісты Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і камсамола:
— Зверскія катаванні прымяняліся ў дачыненні да вядомага камуніста Сяргея Прытыцкага. Садысты ў паліцэйскай форме імкнуліся прынесці як мага больш болю і пакутаў змагару за сацыяльную справядлівасць і грамадзянскія правы простых беларусаў, за аб’яднанне беларускага народа.
Парламентарый канстатуе: апафеозам унутранай палітыкі польскага дыктатара Юзафа Пілсудскага стала стварэнне канцлагера ў Бярозе-Картузскай у 1934 годзе. Вядомы канкрэтныя факты здзекаў са зняволеных канцлагера, да якіх каты ўжывалі фізічны гвалт і псіхалагічныя катаванні. Кроў стыла ў жылах ад пазасудовых карных распраў над беларускімі патрыётамі і звычайнымі грамадзянамі, западозранымі польскай дэфензівай (контрразведкай) у сімпатыях да Савецкай Беларусі. Праз гэтую фабрыку жаху і нечалавечых пакут прайшло да 10 тысяч чалавек. Аб гэтым трагічным перыядзе нашага народа сёння расказвае ўсяму свету музейная экспазіцыя Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
— Ды і ў дачыненні да шырокіх мас простага насельніцтва польскай паліцыяй пры ўдзеле «асаднікаў» выкарыстоўваліся так званыя акцыі пацыфікацыі, або «супакаення», якія грунтаваліся на грубай сіле і на справе ператвараліся ў сапраўдныя карныя экспедыцыі супраць беларускіх сялян, —адзначае Алег Дзячэнка і прыводзіць прыклад. — Узброеныя атрады пілсудчыкаў здзяйснялі налёты на беларускія хутары і вёскі, трымаючы людзей у пастаянным страху, у цісках бяспраўя і самавольства.
Апетыты ненасытнай «Паненкі»
Ратуючыся ад цяжкага эканамічнага і палітычнага прыгнёту, нацыянальнай і рэлігійнай дыскрымінацыі, ад злачыннай дзейнасці польскіх карных органаў у цэлым, беларусы вымушаны былі з’язджаць у краіны Лацінскай Амерыкі, у ЗША і Канаду. Многія з іх з рызыкай для жыцця пераходзілі польска-беларускую граніцу ў пошуках прытулку на савецкай тэрыторыі.
— Злачынны і абыякавы да сапраўдных інтарэсаў беларускага народа санацыйны дыктатарскі рэжым Юзэфа Пілсудскага і яго прыхільнікаў не толькі дапусціў стратэгічныя ўнутрыпалітычныя пралікі і памылкі, але і завёў краіну ў палітычны тупік, выхадам з якога праз усяго некалькі гадоў стала страта ўласнай дзяржаўнасці, — адзначае гісторык. — У студзені 1934 года польскі дыктатар заключыў з фашысцкай Германіяй пакт аб ненападзенні за абяцанне зрабіць Польшчу ўдзельніцай будучай дзяльбы зямель у Еўропе.
Які быў разлік? У выніку змовы з германскім фашызмам палякі разлічвалі займець Савецкую Украіну.
— Сяброўства з немцамі было настолькі трывалым, што на пахаванне Пілсудскага, які памёр у маі 1935 года ад раку печані, з нацысцкай Германіі прыбыў сам Герман Герынг, які з’яўляўся пасля Гітлера другім па ўплыве нацыстам у фашысцкім Рэйху, — праводзіць экскурс у гісторыю Алег Дзячэнка.
У выніку ў кастрычніку 1938 года польскія войскі пры адабрэнні германскіх фашыстаў акупавалі Цешынскую Сілезію, якая належала Чэхаславакіі, а менш чым праз год сама Польшча стала ахвярай нямецкай агрэсіі.
— Палітыкі ў сучаснай Польшчы імкнуцца не ўспамінаць ганебных старонак сваёй гісторыі, звязаных з асіміляцыяй беларускага насельніцтва, прыгнётам тагачасным рэакцыйным рэжымам элементарных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, тэрытарыяльнымі дамаганнямі на землі суседніх дзяржаў, фліртам з фашысцкай Германіяй, — звяртае ўвагу намеснік старшыні профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў. —
Яны забыліся пра 600 тысяч жыццяў савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны за вызваленне Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Няма слоў падзякі і за многае іншае, што набыла Варшава дзякуючы Савецкаму Саюзу ўжо пасля пераможнага мая 1945 года.
Парламентарый з горыччу адзначае, што сёння Польшчай кіруюць палітыкі, якія, пайшоўшы па шляху эскалацыі міжнароднай абстаноўкі ва ўсходнім рэгіёне еўрапейскага кантынента, так і не вывучылі ўрокі Другой сусветнай вайны:
— Яны зноў гуляюць у «рускую рулетку» з Лонданам, Парыжам і Берлінам, спрабуюць заняць цёпленькае месца ў групоўцы краін, недружалюбных да Беларусі і Саюзнай дзяржавы і, будучы правакатарамі вайны, якія прызвычаіліся заграбаць жар чужымі рукамі, адкрыта заяўляюць аб новых тэрытарыяльных прэтэнзіях і геапалітычных амбіцыях.
На думку суразмоўцы, ні да чаго добрага такая палітыка не прывядзе.
— Пара палякам навучыцца жыць сваім розумам у міры і добрасуседстве з беларусамі, якія заўсёды адкрыты для дружбы і раўнапраўнага дыялогу, узаемавыгаднага палітыка-дыпламатычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, — рэзюмуе дэпутат.
Фота БелТА