У Гродне дыскусійны форум быў арганізаваны з удзелам старшыні Цэнтрвыбаркама Ігара Карпенкі і студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Дыялогавая пляцоўка «У адзінстве народа — будучыня Беларусі» яшчэ раз падкрэсліла значнасць камунікацыі і ўзаемаразумення. Падчас адкрытага абмеркавання ўдзельнікі закранулі ключавыя аспекты развіцця краіны, у тым ліку гістарычны шлях, пераемнасць пакаленняў і ролю моладзі ў фарміраванні будучыні.
Асаблівую ўвагу ўдзялілі стратэгічным задачам развіцця Беларусі. Ігар Карпенка падкрэсліў важнасць стварэння сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Яна павінна садзейнічаць устойліваму росту, паляпшэнню якасці жыцця грамадзян і інтэграцыі ў сусветную эканоміку. Таксама абмеркавалі знешнюю палітыку, бяспеку, абарону дзяржаўных інтарэсаў і развіццё чалавечага патэнцыялу.
Старшыня ЦВК Беларусі, звяртаючыся да моладзі, падкрэсліў яе важную ролю ў фарміраванні будучыні нашага грамадства. Ён адзначыў, што маладыя людзі, якія ўжо асвоілі школьны курс гісторыі Беларусі і працягваюць паглыбленае вывучэнне гісторыі беларускай дзяржаўнасці, нясуць пэўную адказнасць за стратэгічнае развіццё краіны. Аднак, на яго думку, зносіны з прадстаўнікамі старэйшага пакалення таксама важныя для захавання гістарычнай пераемнасці.
— Моладзь павінна ўсведамляць, што яе поспехі і дасягненні будуюцца на падмурку, закладзеным папярэднімі пакаленнямі, якія ўмацоўвалі суверэнітэт, незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі. Гістарычны шлях краіны быў няпростым, і сёння перад намі стаіць задача захаваць і прымножыць гэту спадчыну, — адзначыў Ігар Карпенка.
Старшыня ЦВК нагадаў пра падзеі пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь набыла незалежнасць. У той перыяд краіна стаяла перад складаным выбарам: які кірунак развіцця абраць. Ігар Карпенка падкрэсліў, што адзінства народа мае на ўвазе ўсведамленне магчымых наступстваў няправільнага стратэгічнага выбару. Паводле яго слоў, выбіраючы лідара,
мы вызначаем курс, які ён будзе імкнуцца рэалізаваць. Пытанне аб будучыні Беларусі датычыцца не толькі цяперашняга, але і наступных пакаленняў, якія будуць жыць у краіне, што мы ствараем сёння.
Студэнтка 1 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Мар’я Мацюк падзялілася ўражаннямі:
— 17 верасня мы святкуем Дзень народнага адзінства. Напярэдадні гэтай падзеі ўніверсітэцкае жыццё напоўнена новымі сустрэчамі і абмеркаваннямі. Нягледзячы на тое, што свята адзначаецца ўсяго некалькі гадоў, яно ўжо набыло маштаб і важнасць, і кожны ўсведамляе яго значнасць.
Пад уражаннем ад сустрэчы застаўся і яшчэ адзін першакурснік. Іван Музычка адзначыў, што ён даведаўся шмат новага.
— Дзень народнага адзінства для жыхароў Беларусі — гэта асаблівае свята, бо краіна заўсёды адрознівалася гасціннасцю і прыязнасцю. Моладзь усведамляе важнасць гэтага дня. У Беларусі арганізоўваецца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму святу. Форум «Беларусь адзіная» і штогадовы форум «17 граняў адзінства» з’яўляюцца яркімі прыкладамі такіх падзей. Гэтыя мерапрыемствы сімвалізуюць незалежнасць і адзінства беларускага народа.
На выбарах 2029 года з’явіцца каля 450 тысяч новых выбаршчыкаў. Да 2030 года іх стане яшчэ на дзясяткі тысяч больш. Гэта пакаленне будзе вызна-
чаць будучыню краіны. Ігар Карпенка лічыць, што для стабільнасці і прагрэсу трэба захоўваць адзінства грамадства і ўзгодненасць мэт. Гістарычна рознагалоссі і ўнутраныя канфлікты выкарыстоўвалі вонкавыя сілы, каб аслабіць краіну. Беларусь, на яго думку, павінна рухацца наперад, абапіраючыся на агульнае бачанне задач, узаемную павагу і прыхільнасць суверэнітэту.
У БДУІР правялі дыялогавую пляцоўку «Грані адзінства». Напярэдадні самага маладога свята ў гісторыі суверэннай Беларусі — Дня народнага адзінства — рэктар БДУІР Вадзім БОГУШ расказаў студэнтам, што яно значыць для сучаснага грамадства і чаму адзінства народа важна для будучыні нашай краіны.
— Наш Прэзідэнт справядліва адзначае важнасць 17 верасня. Калі б у 1939 годзе ўгэты дзень не адбылося аб’яднанне Беларусі, гісторыя краіны склалася б зусім інакш. Яе проста магло не быць, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — Наўрад ці існавалі б нашы сучасныя граніцы, лёс беларускага народа быў бы пад пытаннем. Да таго ж, пакуль частка нашых тэрыторый знаходзілася пад кантролем Польшчы, прыярытэт там аддаваўся польскай мове і каталіцкай веры, а беларуская ідэнтычнасць сістэмна выціскалася. Два гады пасля 17 верасня 1939 года дазволілі перабудаваць жыццё, умацаваць дзяржаву і падрыхтавацца да будучых выпрабаванняў, у першую чаргу — нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Не варта забываць і пра тое, што ўз’ядноўваліся сем’і, якія аказаліся па розныя бакі граніцы.
Сёння беларускае грамадства таксама становіцца ўразлівым перад крызісамі — як знешнімі, так і ўнутранымі: «Цяпер у нас існуе праблема не пошуку інфармацыі, а аналізу інфармацыйных плыняў. А вось там галоўнае — не захлынуцца. Скажам так: калі 30 гадоў таму шукалі басейн, каб можна было паплаваць, то сёння мы з вамі ў акіяне, дзе галоўная задача — не патануць».
Але базавыя прынцыпы адзінства, базавыя падыходы сумеснай работы дазваляюць гэтыя складанасці жыцця паспяхова пераадольваць, даючы практычную аснову для развіцця дзяржавы: «Дзень народнага адзінства вызначае базавыя культурныя і нацыянальныя каштоўнасці нашай краіны. А яны, у сваю чаргу, грунтуюцца на міры і ўзаемапавазе, раўнапраўі ўсіх грамадзян незалежна ад іх узроўню адукацыі, паходжання, рэлігійнай прыналежнасці». Вадзім Богуш адзначыў, што Беларусь заўсёды была сацыяльна арыентаванай дзяржавай. Мір, раўнапраўе, клопат аб сям’і і блізкіх людзях замацаваныя і ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу — у Канстытуцыі. Беларускае грамадства заўсёды будавалася менавіта на гэтых прынцыпах, асабліва важных у сучасных рэаліях.
«Нават першы радок нашага гімна гучыць так: „Мы, беларусы, — мірныя людзі“. Міралюбівая палітыка для нас прынцыпова важная. Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных канфліктах, а, наадварот, становіцца пляцоўкай для іх мірнага ўрэгулявання», — падкрэсліў рэктар БДУІР і адзначыў: адным з важных інтэграцыйных праектаў з’яўляецца праект Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. «У нас, па сутнасці, агульны рынак працы, энергарэсурсаў, высокі ўзровень карэляцыі сістэм адукацыі. Але пры гэтым мы дзве суверэнныя дзяржавы».
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Аміна Назарава