У мужчын узростаў менш: яны садзяць бульбу, яны не садзяць яе і зноўку садзяць.
Пад ёй на лецішчы ў мяне два лапікі зямлі. Надоечы, пакуль выбіраў (тры градкі па чатыры метры) столькі ўсяго ўспомніў...
Выбіранне бульбы на вёсцы, мусіць, як тое ж «смаленне парсюка» — наша традыцыйнае штогадовае свята.
Чаму не пасадка?
З ёй, па-мойму, зашмат валтузні (ва ўсякім разе было), бо трэба і насенку падрыхтаваць, і лепшыя «соткі» ў брыгадзіра выпрасіць, і гною навазіць ды растрэсці, і наконт каня дамовіцца, і на падмогу запрасіць...
Толькі, здаецца, паспеў — зрабіў гэта ўсё, а не пасвяткуеш — часу няма. Той самы ўчастак трэба глядзець, нібы дзіця якое малое: не спазніцца на яго з бараной ды плужком, з праполкай, каларадскага жука не праміргаць, фітафтароз папярэдзіць.
А да ўсяго і нябесная канцылярыя штось падкіне: то падмарозіць усе пасадкі, то засушыць, то раптам залье ці пакарае градам...
Зусім іншая справа ўвосень, асабліва ў цёплую, калі сонца добра сагрэе зямлю, калі над градкамі з бульбай — толькі што разаранымі — паплыве ледзь улоўны водар, калі на поле з кашамі ды мяхамі з шумам з’едзецца, сыдзецца ўсё сямейства ды яшчэ з сябрамі-суседзямі, згоднымі адкласці свае дакопкі, але трапіць такі на чужыя, на свята.
Гэта я пра нашу вясковую суседку з хаты насупраць, якая трымала мо з дзясятак вялікіх свіней і безліч розных парасят. У яе гэткі бізнес быў. Не ведаю, наколькі прыбытковы, але ж працавала сям’я ад цямна да цямна. Само сабою бульбу садзіла — і гонямі, як той казаў...
На выбіранне ў кожную восень склікала талаку, прычым з тых, хто не баіцца цяжкай работы, з тых, хто і падчас яе, і пасля можа пажартаваць, павесяліцца.
Дружна працавала гэтая кампанія, таму што ведала: чым раней справіцца з работай, тым хутчэй рассядзецца за багатым сталом з рознымі (найбольш мяснымі) прысмакамі, тым гучней пасля іх заспявае ды падасца ў танцы: дакопкі ж!
Аднак былі ў нас і «капальнікі»-адзіночкі.
У нейкі год зусім побач з нашымі аказаліся соткі старэнькай жанчыны, і бульбу на іх яна выбірала сама. Спыталі, чаму ніхто не падможа. Бабця адказала, што не хоча нікога турбаваць, што добра ёй і адной, бо так (на мінутачку, як моладзь кажа) «можна... даўжэй у людзях пабыць».
А да ўсяго яна сабе стымул прыдумала: у канцы градак хавала бутэлечку з халоднай наліўкай: пройдзе, выбіраючы бульбу, і трошкі глыне — пасядзіць, адпачне, потым зноў за работу...
Бацькі, помню, смяяліся, дзівіліся з такой вынаходкі.
Яшчэ большае дзіва на сотках з бульбай чакала потым мяне.
У той год на стажыроўку да нас прыслалі маладую дзяўчыну, і ўсе хлопцы-вяскоўцы як не пашалелі праз яе...
Я таксама не адставаў, бо прыезджая не дзяўчына была, а мара: сімпатычная, разумная... Ну як да такой падступіцца?
Я думаў пра гэта ноччу і днём, выбіраючы з бацькамі бульбу.
Трохі пазней каля нас прыпынілася сваячка — захацела паразмаўляць, побач з мамай стала ў разору (мяне ў гэты час па ваду паслалі).
А вяртаюся я ад студні назад і ўласным вачам не веру (ледзь слоік не выпусціў!): на нашых сотках разам з маімі бацькамі ды сваячкай тая харашуха працуе!
...Яна, як я потым дазнаўся, проста праходзіла міма, павіталася, сказала «Памагай бог!». Сваячка ёй жартам: «На Бога не ківай, а ідзі памагай!»
Тая, паняцця не маючы, чыё гэта поле, узяла ды паслухала — далучылася да кампаніі — стала выбіраць.
А тут і я... Сваячка пытае ў бацькоў: «Ну, як вам нявестка? Падабаецца?»
Што далей было, пакуль не раскажу, бо гэта ўжо зусім не пра бульбу.
Іван ГАРАЛЬЧУК,
г. Мінск.