Top.Mail.Ru

Што такое кліпавае мысленне, якім усіх палохаюць?

Кліпавае мысленне лічыцца праблемай цэлага пакалення, а то і двух. Многія звязваюць яго з сеткавай залежнасцю і бачаць у ім толькі негатыў. Але ў гэтай праблемы ёсць і іншы бок. Такое мысленне, напрыклад, дапамагае людзям хутка схопліваць інфармацыю і быць мабільнымі. Аднак ці падыходзіць такі спосаб успрымання свету, нават калі сучаснае грамадства жыве ў хуткім тэмпе? Пра гэта размаўляем з урачом-інтэрнам аддзялення гігіены працы Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Нэлі ЦВІРКО.



— Чым вызначаецца кліпавае мысленне?

— Гэта павярхоўнае ўспрыманне інфармацыі і хуткае пераключэнне ўвагі, характэрнае для людзей у эпоху лічбавых тэхналогій. Яно звязана з развіццём інтэрнэту, мабільных прылад і платформ, дзе інфармацыя падаецца ў фармаце кароткіх і дынамічных фрагментаў, напрыклад, кароткія ролікі ў ТікТок.

Адной з асноўных характарыстык кліпавага мыслення з’яўляецца сцісласць успрымання. У адрозненне ад традыцыйнага лінейнага мыслення, дзе інфармацыя засвойваецца цалкам, кліпавае мысленне падразумявае ўспрыманне кароткіх урыўкаў інфармацыі — пастоў у сацыяльных сетках, відэа на YouTube. Пры гэтым характэрная множнасць патокаў інфармацыі. Праглядаючы стужку навін у сацыяльных сетках, чалавек можа чытаць тэкст, глядзець карцінкі, слухаць музыку і адказваць на паведамленні, што прыводзіць да немагчымасці засяродзіцца на адным аб’екце або асобнай тэме. Адсюль вынікае павярхоўнае ўспрыманне. Чалавек не схільны ўнікаць у дэталі ці займацца аналізам, а хутчэй ацэньвае агульны сэнс і хутка пераходзіць да наступнага элемента кантэнту.

Кліпавае мысленне характарызуецца і нізкай здольнасцю да працяглай канцэнтрацыі. З-за пастаяннага пераключэння ўвагі паміж рознымі крыніцамі інфармацыі і фарматамі многія людзі пачынаюць губляць здольнасць засяроджвацца на адным прадмеце на доўгі час, што ўплывае на памяць і здольнасць да глыбокага аналізу. Акрамя таго, інфармацыя, якая падаецца ў выглядзе кліпаў, часта выклікае імгненны эмацыянальны водгук, а разважанні ці доўгатэрміновае ўспрыманне — рэдка.

— Ці ёсць у гэтым перавагі?

— Найперш кліпавае мысленне дае хуткую адаптацыю да змен. Людзі лёгка перабудоўваюцца ва ўмовах, калі сітуацыя мяняецца. Апроч таго, гэта высокая хуткасць успрымання інфармацыі. Мозг вучыцца імгненна ўлоўліваць ключавыя дэталі, адкідаючы другараднае. Гэта карысна, калі важна схапіць сутнасць без паглыблення, напрыклад, пры праглядзе стужкі навін або аналізу загалоўкаў.

Сярод пераваг — крэатыўнасць і нестандартнае мысленне. Пераскокванне паміж рознымі крыніцамі інфармацыі дазваляе знаходзіць нечаканыя сувязі. Добрая навігацыя ў інфармацыйным шуме — яшчэ адзін плюс. Уменне хутка фільтраваць лішняе і знаходзіць карысныя фрагменты становіцца каштоўным навыкам у эпоху перанасычанасці данымі.

— А што наконт недахопаў?

— Найперш гэта павярхоўнасць успрымання. Няма паглыблення ў тэму, і засвоеныя звесткі застаюцца фрагментамі, а не суцэльнай карцінай. Па-другое, зніжэнне канцэнтрацыі. Пастаянныя пераключэнні ўвагі перашкаджаюць засяродзіцца на адной задачы даўжэй, чым на некалькі хвілін. У доўгатэрміновай перспектыве гэта можа аслабляць навык засяроджанага мыслення.

Па-трэцяе, паслабленне крытычнага мыслення і інфармацыйная перагрузка. Мозг вымушаны апрацоўваць велізарную колькасць стымулаў, што прыводзіць да стомленасці, раздражняльнасці і нават выгарання. Акрамя таго, зніжаецца здольнасць да лінейнага і сістэмнага аналізу. Складаней утрымліваць у галаве доўгія ланцужкі разваг, аналізаваць складаныя тэксты ці будаваць дэталёвыя планы.

— І якое выйсце?

— Некаторыя лічаць, што калі чалавек глядзіць кароткія ролікі, то больш не можа ўспрымаць інфармацыю ў іншым выглядзе, дзе матэрыял выкладзены больш падрабязна, навукова ці тэхнічна. Гэта зусім не так. Кожны з нас сумяшчае розныя фарматы кантэнту для атрымання агульнага ўяўлення. Пры гэтым важна памятаць, што, нягледзячы на разнастайныя аспекты, кліпавае мысленне не павінна станавіцца дамінантным спосабам успрымання свету. Каб захаваць здольнасць да глыбокага аналізу і крытычнага асэнсавання інфармацыі, важна балансаваць паміж хуткім і павярхоўным успрыманнем і глыбокім, удумлівым.

Таму многім з нас сёння не пашкодзіць абмяжоўваць баўленне часу ў сацыяльных сетках, замяніўшы яго рэгулярным чытаннем кніг, якое развівае звязнае мысленне і павялічвае канцэнтрацыю ўвагі. Таксама лепш аддаваць перавагу доўгім і інфарматыўным відэаролікам.

Акрамя таго, варта чаргаваць разумовую і фізічную нагрузкі. Фізічная актыўнасць спрыяе фарміраванню новых сувязяў паміж нейронамі і паляпшэнню кагнітыўных функцый мозгу. Час ад часу варта праводзіць лічбавы «дэтокс» — свядомую адмову ад выкарыстання лічбавых прылад. Для развіцця аналітычнага мыслення рашайце лагічныя задачы, гуляйце ў шахматы і інш. І адмаўляйцеся ад шматзадачнасці, якая зніжае канцэнтрацыю ўвагі.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю