Top.Mail.Ru
0

Як на Гродзеншчыне рэалізоўваюць праграму «Адзін раён — адзін праект»

Дзяржаўная праграма рэалізоўваецца па даручэнні Прэзідэнта і накіравана на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў і імпартазамяшчэнне. 




Старт ініцыятыве быў дадзены ў 2022 годзе.

Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці — прыклад актыўнага развіцця інвестпраектаў. Тут узводзяцца малочнатаварныя комплексы, сацыяльныя аб’екты, у тым ліку арэнднае жыллё для прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў. У раёне рэалізоўваюцца два значныя праекты ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект»: па вытворчасці піламатэрыялаў і будаўніцтве лагістычнага тэрмінала — ТАА «Белакон Цімбер» і ТАА «Юніёнвэй» адпаведна.

Дрэваапрацоўка запатрабавана

Праект па вытворчасці піламатэрыялаў ТАА «Белакон Цімбер» быў запушчаны ў 2024 годзе. Прадпрыемства ўваходзіць у СЭЗ «Гроднаінвест» і было пабудавана з нуля. Тут спецыялізуюцца на перапрацоўцы хвойнага лесу і выпуску сухога абразнога піламатэрыялу. У год перапрацоўваюць каля 400 тысяч кубоў сыравіны, якая пастаўляецца з розных рэгіёнаў Беларусі. Уся прадукцыя ідзе на экспарт больш чым у дзесяць краін свету. Сярод асноўных рынкаў збыту — Кітай і Індыя, таксама ідуць пастаўкі ў Азербайджан і Расію.

Сёння на прадпрыемстве больш за 180 работнікаў, а ўмовы працы поўнасцю адпавядаюць сучасным стандартам. Працуюць як жыхары раёна, так і іншых рэгіёнаў і не толькі Гродзенскай вобласці. Арганізавана дастаўка работнікаў.

— Спецыялізуемся на перапрацоўцы круглага лесу. Працягваем развівацца і пашыраць геаграфію паставак — расце запатрабаванасць нашых піламатэрыялаў. Вядома, Кітай — ключавы рынак, але мы дыверсіфікуем вытворчасць і рынкі. Знаходзім рашэнні дзякуючы вопыту і падтрымцы партнёраў, удзельнічаем у міжнародных выстаўках, — расказаў камерцыйны дырэктар кампаніі Дзмітрый ТАЎКАНІЦА.

Важны лагістычны вузел

Яшчэ адзін маштабны інвестпраект, ТАА «Юніёнвэй», знаходзіцца ў актыўнай фазе рэалізацыі — у перспектыве гэта будзе лагістычны тэрмінал па перагрузцы і захоўванні кантэйнераў. Запланавана асваенне амаль 68 мільёнаў рублёў. Тут імкнуцца ўсё аўтаматызаваць, але без чалавечай працы не абысціся: будзе створана каля 20 рабочых месцаў.

Завяршыць праект плануецца да 2028 года. На сёння ўжо ўзведзена падстанцыя, пракладваюцца камунікацыі. Тэрмінал стане важным лагістычным вузлом рэгіёна, здольным прымаць да 1200 40-футавых кантэйнераў і абслугоўваць адзін састаў за суткі. Кітай праяўляе цікавасць да праекта з-за абмежаванняў на перагрузку паміж Еўропай і Азіяй. На дадзены момант у Беларусі два такія цэнтры, «Юніёнвэй» стане трэцім, які спецыялізуецца і на перагрузцы, а не толькі на захоўванні грузаў.

— Працэс уключае перагрузку з вузкай каляіны на шырокую і назад. Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан і іншыя краіны праяўляюць актыўную цікавасць да нашага праекта, — расказаў дырэктар ТАА «Юніёнвэй» Аляксандр ГОЛУБ. — У Беларусі на гэты момант функцыянуюць два такія цэнтры. Наш новы тэрмінал стане трэцім і будзе выконваць функцыі не толькі сховішча, але і перагрузачнага вузла. Працэс перагрузкі будзе бесперапынным: груз з аднаго склада на іншы без затрымак. Мы таксама працягнем аказваць паслугі захоўвання і іншыя сэрвісы, тыповыя для тэрміналаў.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю